Людміла Рублеўская завітала ў Зялёны Бор у год “Пяцісотгоднасці”

26 лютага у Зялёнаборскай сельскай бібліятэцы,  што на Смалявіччыне, адбылася цікавая сустрэча з вядомай беларускай пісьменніцай Людмілай Рублеўскай. Мерапрыемства было зладжана ў рамках акцыі “Наша пяцісотгоднасць”  у межах  грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”, акцыі, прысвечанай 500-годдзю беларускага кнігадруку.

Больш за 20 чалавек сабралося ва ўтульнай залі бібліятэкі, каб разам з госцяй зладзіць вандроўку ў рамантычна-авантурны свет герояў твораў пісьменніцы. Спадарыня Людміла распавяла прысутным  пра гісторыю стварэння серыі  раманаў пра прыгоды Пранціша Вырвіча і прэзентавала новую, чацвёртую кніжку гэтый серыі  – “ Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфедэрата”.  Падчас невялікай віктарыны гледачы пазнаёміліся з незвычайнымі для нашага часу звычкамі і правіламі беларускай шляхты ХVІІІ ст. Найбольш кемлівыя ўдзельнікі віктарыны атрымалі  падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”

Імпрэза суправаджалася і музычнымі фрагментамі. Для ўсіх прысутных прагучалі традыцыйныя беларускія песні ў выкананні салісткі фальклорнага гурта “Мярэжа” Святлана Чакушкі , а дырэктар Зяленаборскага Дома культуры Валерый Гусеў цудоўна праспяваў песню  з рэпертуара барда Юрыя Несцярэнкі  на верш Людмілы Рублеўскай “Мора зімы”.

 

 

 

 

Тэгі: