«Save Our Swamps!» – заклікаюць актывісты ў падтрымку балот. Згодна з леташняй пастановай Саўміна, восем балот, што месцяцца на тэрыторыі заказнікаў, у бліжэйшыя гады могуць падзяліць і пасячы, як смажанае мяса для кебабу. Урад хоча здабываць торф, а актывісты імкнуцца захаваць некранутую прыгажосць і данесці да людзей неабходнасць барацьбы за балоты.
«Восем найпрыгажэйшых балот краіны могуць проста не перажыць новай меліярацыі», – палохаюць грамадзян экалагічныя актывісты і маюць на тое ўсе падставы. Паводле леташняй пастановы Саўміна, частка тэрыторый васьмі заказнікаў, перспектыўная з пункту гледжання здабычы торфу, пазбаўляецца свайго ахоўнага статусу, а балоты, размешчаныя на іх, падлягаюць асушэнню.
Жах у тым, что пасля савецкага «паходу па торф» за межамі заказнікаў балоты амаль не захаваліся. Цяпер могуць дабіць апошнія. Дзяржава бачыць у гэтым эканамічную выгаду і сцвярджае, што попыт на торф цяпер нашмат перавышае прапанову. Эколагі і актывісты ўпэўненыя, што вынікам такіх дзеянняў будзе ператварэнне ўнікальных месцаў у «каліфарнійскую пустыню» без прыкметаў жыцця.
Барацьбу за захаванне балотаў пачала група маладых актывістаў, якія аб’ядналіся ў суполку BezBolot.Net. Яны ставілі сабе за мэту ладзіць экспедыцыі па запаветных зонах, падымаць шум сярод мясцовых жыхароў, прыцягваць увагу да праблемы. Хутка запусцілі блог, у якім пачалі збіраць «балотную» інфу. «Самае галоўнае для нас – данесці інфармацыю да людзей, эмацыйна прыцягнуць іх да праблемы, знайсці аднадумцаў і праманіторыць дзейнасць уладаў», – тлумачыць арганізатарка праекту Вольга.
Актывісты зладзілі ўжо шэсць экспедыцый і гэтым летам збіраюцца яшчэ. Як адбываюцца вылазкі? «Сядаеш у машыну, кідаеш у багажнік самыя неабходныя рэчы і выпраўляешся па адзначаным на мапе маршруце, – распавядаць безбалотаўцы. – Звычайныя кропкі – гэта вёскі, месцы торфаздабычы, даследчыя інстытуты ды самі балоты. Калі распавядаеш жыхарам вёсак пра планы ўрада, большасць з іх здзіўляецца як дзеці: “Ой, пайду бабам скажу, пакуль у чарзе стаяць”. Адразу шум падымаюць па вёсцы: “Пазбаўляюць апошняга заробку!” Яны ж пра гэтыя планы амаль нічога не ведаюць».
Для мясцовых жыхароў балота – крыніца заробку і выжывання. Улетку вяскоўцы з наваколля Марочанскага балота выпраўляюцца па журавіны. Прыязджаюць і гарадскія, да 500 машын у самы сезон.«Летась адна сям’я 10 мільёнаў за тыдзень зарабіла», – узгадваюць жыхары.
Мясцовыя пагражаюць: калі асушаць іхнія балоты, яны тады рушаць у Гомельскую вобласць па журавіны – і будзе ўсім прывітанне з чарнобыльскім прысмакам.
Каб пабачыць сваімі вачыма чалавечыя злачынствы супраць прыроды, «балотныя ахоўнікі» наведваюць тэрыторыі, дзе адбываецца торфаздабыча. Трапіць на выпрацоўку сыравіны даволі проста, дастаткова назвацца геолагам – і вам адразу пакажуць туды спецыяльныя сцежкі. Зямля выглядае быццам пасля апакаліпсісу: вялізныя пустыя палі і процьма высмаглых каранёў. Рэдкія віды жывёлы вымушаныя з гэтых месцаў уцякаць. Але гэта толькі палова бяды. З-за адтоку грунтовых водаў балота ператвараецца ў сапраўдны вялізны торфабрыкет, гатовы ўспыхнуць ад любой іскрынкі. Гарэць такі пажар можа аж да другога прышэсця.
Замест гвалтоўнага выкарчоўвання балотнага хараства актывісты прапаноўваюць развіваць на гэтых тэрыторыях зялёны турызм: ствараць адпаведную інфраструктуру, пракладаць экалагічныя сцежкі, рэкламаваць сярод знаёмых перавагі такога адпачынку. Яны кажуць, што шмат хто з гарадскіх жыхароў, упершыню наведаўшы балота, адчувае амаль перараджэнне і па-новаму пачынае глядзець на родную зямлю.
Акрамя рабінзонаўскіх вандровак безбалотаўцы таксама ладзяць вучэбныя лекцыі, семінары ды кінапрагляды. «Нашыя балоты – гэта падстава для гонару, такога няма больш нідзе, – сцвярджаюць экаактывісты. – Калі мы зараз гэта не асэнсуем, будзе позна». Неўзабаве яны запускаюць кампанію «Усынаві балота», у межах якой кожнае з васьмі балот бяруць пад апеку мясцовыя валанцёры, што будуць маніторыць і глядзець за ім.
Калі ты хочаш паўдзельнічаць у падарожжы, паспрыяць развіццю блога ці запрасіць балотафілаў да сябе ў горад ці вёску, можаш смела з імі кантактаваць – яны якраз шукаюць аднадумцаў для пашырэння каманды.
Паводле 34mag.net