Міхась Скобла і Сяргей Чыгрын атрымалі цяпін на ўсё жыццё

Беларускія пісьменнікі Міхась Скобла і Сяргей Чыгрын правялі чатыры літаратурныя сустрэчы ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” у горадзе Чашнікі Віцебскай вобласці. Першая сустрэча прайшла ў гарадской гімназіі №1, затым адбыліся выступы перад вучнямі і настаўнікамі ў СШ №1 і СШ №4, а таксама перад гарадской інтэлігенцыяй у Чашніцкай раённай бібліятэцы.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Як прызналіся настаўнікі, вучні чашніцкіх школ даўно не сустракаліся з пісьменнікамі, таму сустрэчы былі для іх сапраўдным святам. Школьнікі і ўдзельнікі сустрэчаў задавалі гасцям шмат пытанняў, чыталі свае вершы, дыскутавалі. Таму імпрэзы былі цікавыя не толькі жыхарам Чашнікаў, але і гасцям, якія пачулі і ўбачылі, як жыве беларуская глыбінка. Самыя актыўныя школьнікі атрымалі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” сувеніры і кнігі пісьменнікаў з аўтографамі. А для Чашніцкай раённай бібліятэкі М. Скобла перадаў цэлую партыю беларускіх кніг, выдадзеных у сталіцы. Прымаючы падарунак, дырэктарка бібліятэкі Ірына Люсіна падзякавала і паскардзілася, што дзяржаўны кнігагандаль у Чашніках амаль не прапагандуе беларускую кнігу.

Пасля ўсіх сустрэчаў, на якіх пабывала каля 200 чалавек, Міхась Скобла і Сяргей Чыгрын наведалі вёску Цяпіна, дзе нарадзіўся славуты беларускі асветнік Васіль Цяпінскі. Пабывалі ў мясцовай школе, ля якой усталяваны мемарыяльны знак, прысвечаны славутаму земляку. Цікавы факт: у школе існуе самакіравальная рэспубліка, якая мае свае грошы – цяпіны. Госці са сталіцы атрымалі па 500 цяпінаў – за асвятленне ў сваіх творах беларускай мінуўшчыны – і цяпер могуць бясплатна наведваць дыскатэкі ў Цяпінскай СШ.