Магілы вядомых дзеячаў, звязаных з Беларуссю, на самых старых з дзейсных могілак Варшавы: частка 2 (фота)

Першага лістапада ў католікаў — Дзень усіх святых, а другога — Дзень усіх памерлых. Чытайце працяг гайду па варшаўскіх могілках Павонзкі (Powązki), каб наведаць магілы вядомых дзеячаў, звязаных з Беларуссю. Першая частка гайду — тут.


Varšaŭskija mohilki Pavonzki
Варшаўскія могілкі Павонзкі

Павонзкі — самыя старыя з дзейсных могілак Варшавы

Павонзкі — самыя старыя з могілак Варшавы, якія дзейнічаюць да сённяшняга дня: іх заклалі ў 1790 г., асвяцілі ў 1792 г. Тут дасюль хаваюць знакамітых людзей і іх родных. Звычайна на Павонзках знаходзяць спакой сем’і, прадстаўнікі якіх зрабілі нешта значнае для польскай дзяржаўнасці і культуры. Павонзкі займаюць 43 гектары і ахоўваюцца як помнік гісторыі.

Varšaŭskija mohilki Pavonzki Варшаўскія могілкі Павонзкі

Звычайна кажучы «Павонзкі» маюць на ўвазе Старыя Павонзкі — частку вялікага масіву могілак, у які ўваходзяць таксама жыдоўская і евангелісцкая (пратэстанцкая) часткі. Недалёка знаходзяцца Вайсковыя Павонзкі — гэта асобныя могілкі. Сёння зноў пакажам вам Старыя Павонзкі. Першая частка гайду — тут.

Шукаць патрэбныя магілы зручна праз адпаведны сервіс

Магіла пісьменніцы Марыі Радзевіч

Mahila Maryi Radzievič na varšaŭskich Pavonzkach
 Магіла Марыі Радзевіч на варшаўскіх Павонзках

Магіла пісьменніцы Марыі Радзевіч (1864–1944) знаходзіцца на алеі заслужаных (Aleja Zasłużonych), недалёка ад месца спачыну Яна Булгака, пра якога мы пісалі ў першай частцы гайду. Алея заслужаных — самае пачэснае месца на Павонзках. Тут пахаваны, напрыклад, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры Уладыслаў Рэймант і апошні прэзідэнт міжваеннай Польшчы Ігнаці Масціцкі.

Mahila Maryi Radzievič na varšaŭskich Pavonzkach
Магіла Марыі Радзевіч на варшаўскіх Павонзках

Марыя Радзевіч нарадзілася ў вёсцы Пянюга (цяпер Зэльвенскі р-н), доўгі час жыла ў маёнтку Грушава (цяпер Кобрынскі р-н), дзе напісала вялікую частку сваіх твораў. Лёс Марыі Радзевіч незвычайны для яе часу — яна не выйшла замуж, жыла з жанчынамі, сама кіравала маёнткам. Пісьменніцу называюць «Сянкевічам у спадніцы» за прадуктыўнасць: яна апублікавала каля 30 кніг. У сваіх творах Радзевіч паказвала польскую інтэлігенцыю і шляхту з беларускіх земляў, ідэалізавала палескае сялянства, прыроду.

Творчасць пісьменніцы актуальная і сёння: на польскім тэлеканале TVP акурат паказваюць серыял «Дэвайціс» па яе рамане. Праз адсутнасць перакладаў на беларускую кнігі Радзевіч мала вядомыя ў Беларусі, але, спадзяемся, з часам гэта выправіцца.

Mahila Maryi Radzievič na varšaŭskich Pavonzkach
 Магіла Марыі Радзевіч на варшаўскіх Павонзках

На магіле пісьменніцы — рэльеф з выявай Маткі Боскай Вастрабрамскай. Алею заслужаных зараз рамантуюць.

Магіла фатографкі Зоф’і Хамянтоўскай

Mahila Zofji Chamiantoŭskaj na varšaŭskich Pavonzkach
Магіла Зоф’і Хамянтоўскай на варшаўскіх Павонзках

Фатографка Зоф’я Хамянтоўска (1902–1991) нарадзілася ў Парахонску (цяпер Пінскі р-н). Ад маёнтка яе бацькоў, князёў Друцкіх-Любецкіх, няма следу. Але ён ажывае на здымках Хамянтоўскай, як і побыт навакольных сялян. Палякі цэняць фатографку таксама за здымкі даваеннай і ўжо разбуранай вайной Варшавы. Фотаархіў Зоф’і Хамянтоўскай знаходзіцца ў Польшчы, яго апрацоўвае фонд «Археалогія фатаграфіі», на сайце якога можна паглядзець яе здымкі.

Sprava — miesca, dzie, pa slovach niekatorych žycharoŭ Parachonska, stajaŭ palac baćkoŭ Zofji Chamiantoŭskaj, kniazioŭ Druckich-Liubieckich. Červień 2021 h.
Справа — месца, дзе, па словах некаторых жыхароў Парахонска, стаяў палац бацькоў Зоф’і Хамянтоўскай, князёў Друцкіх-Любецкіх. Чэрвень 2021 г.

Улетку 2021 г. аўтарка гэтага артыкула шукала ў Парахонску людзей, якія б памяталі палац Друцкіх-Любецкіх. Атрымалася пагутарыць з жанчынай, мама якой працавала там пакаёўкай. Гаспадары дапамагалі ёй збіраць пасаг. Другая жанчына распавяла пра сваю маці, хроснай якой была Зоф’я Хамянтоўска (бабуля жанчыны працавала ў палацы). Хрэсніцу таксама назвалі Зосяй. Яшчэ адна суразмоўца распавяла, як сяляне віншавалі гаспадароў палаца з каляндарнымі святамі. З расповедаў жыхароў Парахонска вымалёўваецца вобраз «добрых паноў» Друцкіх-Любецкіх, якія дбалі пра сялян. З 1939 г. у будынку палаца нядоўга была школа, нямецкая камендатура. У вайну яго спалілі партызаны.

Mahila Zofji Chamiantoŭskaj na varšaŭskich Pavonzkach
Магіла Зоф’і Хамянтоўскай на варшаўскіх Павонзках

Зоф’я Хамянтоўска пахавана на Павонзках разам з бацькамі ў сектары (kwatera) 234-4-1/2. Надпіс на яе магіле — «Мастак фатограф». Можна даведацца, што Хамянтоўска нарадзілася ў Парахонску, а з іншых надпісаў на помніку — што сярод яе сваякоў былі мастачка, заснавальніца прадпрыемства па ачыстцы біягазу і сенатар.

Магіла этнографа Яна Карловіча

Mahila Jana Karloviča na varšaŭskich Pavonzkach
Магіла Яна Карловіча на варшаўскіх Павонзках

Ян Карловіч (1836–1903) быў этнографам, лінгвістам, фалькларыстам, музыказнаўцам. Вялікая частка яго жыцця звязана з маёнткам у Вішневе (цяпер Смаргонскі р-н).

Mahila Jana Karloviča na varšaŭskich Pavonzkach
 Магіла Яна Карловіча на варшаўскіх Павонзках

Збіраў беларускі і літоўскі фальклор. Супрацоўнічаў з этнографам Міхалам Федароўскім, таксама пахаваным на Павонзках (гл. першую частку нашага гайду).

Ян Карловіч займаўся таксама польскай філалогіяй і традыцыйнай культурай. Адзінаццаць гадоў рэдагаваў у Варшаве часопіс «Вісла», дзе друкаваліся этнаграфічныя матэрыялы ў т. л. з тэрыторыі Беларусі. Апублікаваў грунтоўны жыццярыс кампазітара Станіслава Манюшкі, чыю магілу таксама можна наведаць на Павонзках (гл. першую частку нашага гайду).

Mahila Jana Karloviča na varšaŭskich Pavonzkach
Магіла Яна Карловіча на варшаўскіх Павонзках

Ян Карловіч пахаваны на Павонзках у сектары 33-4-24 разам з сынамі, кампазітарам Мечыславам і медыкам Эдмундам.

Магіла пісьменніка Антонія Адынца

Mahila Antonija Adynca na varšaŭskich Pavonzkach
Магіла Антонія Адынца на варшаўскіх Павонзках

Антоні Адынец (1804–1885) — пісьменнік, паэт, драматург. Вучыўся ў базыльянскай школе ў Барунах і ў Віленскім універсітэце. Быў зняволены па справе філарэтаў. Застаецца невядомым да канца, ці браў удзел у паўстанні 1830–1831 гг. Быў сябрам Адама Міцкевіча і стваральнікам шматлікіх міфаў пра яго.

Mahila Antonija Adynca na varšaŭskich Pavonzkach
Магіла Антонія Адынца на варшаўскіх Павонзках

Галоўным творам Адынца лічылася драма «Феліцыта». Напісаў таксама драму «Барбара Радзівіл». Сярод яго вядомых твораў — верш «Песня філарэтаў», публіцыстыка і ўспаміны.

Mahila Antonija Adynca na varšaŭskich Pavonzkach
 Магіла Антонія Адынца на варшаўскіх Павонзках

Антоні Адынец пахаваны на Павонзках у сектары 29-2-10/11 разам з жонкай і сваякамі з роду Хамянтоўскіх. У 2023 г. яго магіла адрэстаўраваная за кошт фундацыі «Старыя Павонзкі».

Магіла пісьменніка Адама Плуга

Mahila Adama Pluha na varšaŭskich Pavonzkach
Магіла Адама Плуга на варшаўскіх Павонзках

Сапраўднае імя пісьменніка Адама Плуга (1823–1903) — Антоні Пяткевіч. Ён нарадзіўся ў Замосці (цяпер Слуцкі р-н). Жыў таксама ў вёсцы Жукаў-Барок (цяпер Стаўбцоўскі р-н), дзе пасябраваў з Уладзімірам Сыракомлем. Апісваў жыццё беларускіх сялян і шляхты, выкарыстоўваў фальклорныя матывы.

Mahila Adama Pluha na varšaŭskich Pavonzkach
 Магіла Адама Плуга на варшаўскіх Павонзках

З 1874 г. жыў у Варшаве, дзе стварыў беларускі літаратурна-асветны гурток, працаваў у выданнях «Kłosy» («Каласы»), «Wędrowiec» («Вандроўнік») і «Kurier Warszawski» («Варшаўскі веснік»). Пісаў нарысы пра культуру Беларусі. Адам Плуг пахаваны на Павонзках у сектары 84-5-30. Магіла прыбраная і дагледжаная. На помніку — і сапраўднае імя, і псеўданім паэта. Даты жыцця адсутнічаюць.

Магіла паэта і паўстанца Ялегія Пранціша Вуля

Mahila Jaliehija Pranciša Vulia na varšaŭskich Pavonzkach
Магіла Ялегія Пранціша Вуля на варшаўскіх Павонзках

Паэт Ялегі Пранціш Вуль (1835–1894) на Павонзках мае надмагільную пліту, падпісаную сапраўдным імём — Элігі Францішак Корбут — і ўласным польскамоўным вершам. Нарадзіўся ў Віцебску. Удзельнічаў у паўстанні Каліноўскага, за што быў сасланы ў Сібір. Пасля ссылкі пасяліўся ў Варшаве, дзе разам з Адамам Плугам стварыў беларускі літаратурна-асветны гурток.

Mahila Jaliehija Pranciša Vulia na varšaŭskich Pavonzkach
 Магіла Ялегія Пранціша Вуля на варшаўскіх Павонзках

Вядомы адзіны беларускамоўны верш Ялегія Пранціша Вуля — «К дудару Арцёму ад надзвінскага мужыка». Цікава, што дуда ўзгадваецца ў паўночнабеларускім кантэксце, што адпавядае этнаграфічным звесткам. Паэт пісаў пераважна па-польску. Ялегі Пранціш Вуль разглядаўся некаторымі даследчыкамі як магчымы аўтар альбо суаўтар паэмы «Тарас на Парнасе». Паэт пахаваны на Павонзках у сектары 70-1-7. Магіла ў кепскім стане, крыж зваліўся з пастамента, верагодна, адпаў медальён, сляды якога відаць на пастаменце.

Фота аўтаркі

Алена Ляшкевіч, budzma.org