Бард, актор, паэт і шоумен Віктар Шалкевіч расказвае пра мястэчка Поразава, што ў Свіслацкім раёне Гарадзенскай вобласці. Тут, як кажа сам Шалкевіч, прайшло яго найлепшае ў свеце дзяцінства.
Поразава было каралеўскім мястэчкам, з такіх мястэчак і складалася Вялікае Княства Літоўскае. Першыя згадкі пра яго з’явіліся ў 1460 годзе, калі Ян Рымвід заснаваў касцёл Святых Апосталаў Пятра і Паўла. У 1506 годзе Поразава займела Магдэбургскае права. За часамі Кацярыны Другой калі шляхта не магла пацвердзіць сваё шляхецтва, яе пераводзілі ў разрад так званых «государственных» ці «казённых крестьян», таму жыхары навакольных вёсак дражнілі поразаўцаў «казінцамі» – не таму, што коз трымалі, а таму што «казённыя» сяляне. Яшчэ нас дражнілі макароннікамі, бо макароны – гэта нешта такое гарадское, а мы навакольных дражнілі адвараннікамі, адвары – гэта адвараная бульба.
У Поразаве было многа ганчароў, нават мой бацька некалі рабіў гаршчкі. Поразаўская чорная кераміка даязджала ажно да Індуры, а гэта амаль 100 кіламетраў.
Поразава вельмі змянілася пасля вайны, бо немцы спалілі яго практычна ўсё, апрача вуліцы Маташанскай, якая цяпер называецца вуліцай 17 верасня. Немцы палілі Поразава даволі гуманна – людзей выганялі, а хаты спальвалі. І людзі сабралі яйкі, сала, выйшаў таксама ксёндз, і папрасілі, каб немцы вуліцу не палілі. І немцы ўзялі ў людзей гэты хабар і вуліцу пакінулі. Поразава адбудавалася, з’явіліся паваенныя дамы, а гэтая вуліца Маташанская выглядае гэтак жа, як да 1939 года, – такая смешная, хаткі маленькія, курыныя, вельмі цікава па ёй прайсціся.
Навакольныя вёскі справа ад Поразава былі каталіцкія, а з левага боку – праваслаўныя. Каталіцкія вёскі гналі самагонку з мукі, а праваслаўныя – з цукру.
Поразава – старажытны цэнтр каталіцтва і ўніяцтва. Тут ёсць поўны набор – касцёл, царква, была ўніяцкая царква, якую скасавалі ў 1932 годзе, і сінагога. Сінагога згарэла падчас вайны, яе адбудавалі, аднавілі страху, але цяпер яна ў заняпадзе, там нічога няма. Адзін таварыш па вайне вельмі цікава выкарыстаў габрэйскія могілкі: ён паздымаў усе мацэвы, паразбіваў на камяні, і гэтымі камянямі была замошчаная дарога з Поразава ў Ваўкавыск. Але гэтага таварыша напаткала такая страшэнная кара, што нават і няёмка гаварыць.
Касцёл Святога Міхала Арханёла быў адбудаваны ў 1828 годзе. Мама расказвала, што людзі прывозілі камяні проста з поля для будоўлі. Алтар у гэтым касцёле распісаны слынным мастаком Пётрам Сергіевічам, ён намаляваў Матку Боску з дзіцем на фоне ізраільскага пейзажа, вельмі паэтычна гэта ўсё выглядае.
Поразава стаіць на рацэ Паразоўцы, але ёсць такая легенда, што калісьці яно было ў Трыгорах – гэта такая мясцовасць непадалёк. Там сапраўды горкі, і мама мне расказвала, што на адной з іх стаяла праваслаўная царква, якая потым правалілася пад зямлю. І калі ў нядзелю ў 12 гадзін прыкласці вуха да зямлі, то можна пачуць, як звоняць званы. Таксама была легенда, што дзесьці каля Поразава быў камень з адбіткам нагі Маткі Боскай. А яшчэ кажуць, што ў Трыгорах часам можна спаткаць чорта, ён водзіць людзей, частуе іх яблыкамі.
У Поразаве былі цудоўныя жыхары, цікавыя людзі, многіх старых я памятаю па імёнах і мянушках. Мы жылі на мяжы паміж палешукамі і літвінамі. Калі мы ездзілі сена касіць, то сутыкаліся з палешукамі, яны казалі: “О, літвіны прыйшлі!” На тым і стаялі.
У Поразаве нарадзілася заснавальніца габрэйскага тэатра Эстэль Рахель Камінская, яна была дачкой кантара ў сінагозе, потым трапіла ў Варшаву, дзе разам з мужам яны стварылі прафесійны габрэйскі тэатр. Увогуле адсюль пайшло шмат дактароў, навукоўцаў, цікавых людзей, але, здаецца, мястэчка на сёння выдала з сябе ўсё, што магло. Цяпер застаўся толькі попел, у якім нешта слаба іскрыцца. Старое пакаленне вымерла, а маладыя з’ехалі, мястэчка ў поўным заняпадзе, зарастае лесам. Баюся, што праз колькі дзясяткаў гадоў тут ужо нікога не застанецца.
Сутнасць праекта “Магічная Мапа” кампаніі “Будзьма беларусамі!”: з існых адасобленых “пазлаў” — мясцінаў беларускіх гарадоў — стварыць агульную, актуальную калектыўную гарадскую гісторыю Беларусі. Горад — прастора супольная. І магічная мапа павінная стварацца супольна. Таму прапаноўваем стаць удзельнікам праекта ўсім, хто хоча падзяліцца сваімі таямнічымі ведамі.
Мы чакаем і вашых допісаў! Дасылайце на адрас кампаніі razam@budzma.org (з пазнакай у тэме ліста «Магічная Мапа») спіс сваіх магічных месцаў (не больш за тры), тых месцаў, якія маюць сваю гісторыю і патэнцыйна будуць цікавыя іншым жыхарам горада. Дасылайце пералік разам з кароткім тлумачэннем: чаму гэтае месца для вас дарагое альбо чаму вы лічыце яго магічным, адметным. Найцікавейшыя аповеды будуць публікавацца на нашай старонцы “Магічная Мапа” і аздабляцца малюнкамі Андруся Такіндага. Калі вы малюеце самі, дасылайце і свае малюнкі!
Чытаць пра праект Магічная Мапа ад кампаніі «Будзьма беларусамі!»
Інфармацыйныя партнёры:
Тэгі: Гарадзенчшына, Горадня