“Так Магілёў упершыню паказалі па Euronews”. Як актывісты з рэгіёнаў паляпшаюць жыццё сваіх гарадоў

Падчас двухдзённага трэнінгу “Уключэнне НДА ў працэсы прыняцця рашэнняў на мясцовым узроўні: досвед Украіны і Беларусі”, арганізаваны кампаніяй “Будзьма беларусамі”, гарадскія актывісты з розных канцоў краіны распавялі пра свае праекты, поспехі і праблемы грамадзянскай супольнасці ў рэгіёнах.

“Адна з задач кампаніі “Будзьма беларусамі” — разбураць стэрэатыпы, каб наша ментальнасць працягвала фармавацца як частка еўрапейскага кантэксту, — кажа каардынатарка кампаніі Ніна Шыдлоўская. — За шэсць гадоў мы правялі больш за пяць з паловай тысяч імпрэзаў па ўсёй краіне, зладзілі некалькі гучных праектаў, сярод якіх — анімацыя “Будзьма беларусамі!”, кампанія “Культура паляпшае жыццё”, выпуск календароў і паштовак “Не маўчы па-беларуску”, музычны праект “Тузін. Перазагрузка”, праект “Будзьма беларускамі!”, фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі Ad.nak і шмат іншых.

“Даводзіцца нагадваць чыноўнікам, што яны таксама грамадзяне гэтай краіны”. Як працуе мясцовая дэмакратыя ва Украіне

У 2016 годзе мы аб’ядналі намаганні і стварылі рэгіянальную праграму “Разам да справы”, заклікаючы людзей у рэгіёнах да грамадска-сацыяльнай актыўнасці. Мы сутыкаліся і з тым, што не паўсюль людзі разумелі, навошта збірацца разам і абмяркоўваць з розных пунктаў гледжання мясцовыя праекты, аднак за тры гады мы змаглі правесці 47 дыскусій, з два дзясяткі “Кірмашоў праектаў”.  Дзякуючы гэтаму ў нас атрымалася замацаваць у грамадстве тэрміны “нацыянальная ідэнтычнасць” і “культурніцкая палітыка”, выйсці на шырокую аўдыторыю і нават на дыялог з мясцовымі чыноўнікамі”.

За час кампаніі “Разам да справы” атрымалася стварыць своеасаблівае кам’юніці неабыякавых людзей з усёй краіны, некаторыя з іх выступілі на трэнінгу і расказалі пра свае праекты.

Дыскусійны клуб з паддонаў і вечнае “былі б грошы”

“Мы стварылі своеасаблівую платформу для абмену творчымі ідэямі з розных сфер, — кажа Наталля Халанская, прадстаўніца бабруйскага “Клуба ініцыятыў”. — У 2017 годзе, калі Бабруйск быў культурнай сталіцай Беларусі, мы пачалі рабіць каляндар культурнага гараджаніна, у чым нас падтрымалі мясцовыя ўлады.

У чэрвені з’явіўся “Клуб ініцыятыў” — разам з намі збіраецца каля 25 чалавек: прадпрымальнікі, настаўнікі, маладыя спецыялісты, прадстаўнікі рэлігійных супольнасцяў. Ідэяў шмат: тут і Акадэмія жанчын 45+, і фестываль гарадской ежы, і тэматычныя фрымаркеты, і праграма “Бабруйская крэпасць — не руіны, а месца культурнага адпачынку”.

Наталля Халанская

Наталля Халанская

У выніку ў нас атрымалася стварыць публічную суполку, удзельнікі якой адышлі ад вечнай формулы “вось былі б грошы, тады…”, мы зразумелі, што шмат што можам зрабіць самі, СМІ таксама адгукнуліся і пішуць пра нашыя ініцыятывы. Зараз мы даведаліся, што мясцовыя ўлады чакаюць прапановы па рэканструкцыі парку, і мы гатовыя паспрабаваць нешта зрабіць”.

“Наша праца з кампаніяй “Будзьма беларусамі!” пачалася ў 2018 годзе з “Кірмашу праектаў”, дзе мы былі адзінымі прадстаўнікамі Жодзіна, — расказвае Аляксандра Шор, удзельніца ініцыятывы “Свае”. Нашым “пунктам уваходу” стала стварэнне пляцоўкі з паддонаў у двары звычайнага шматкватэрнага дома, якую стварылі самі жыхары. Мы выкарыстоўвалі яе як пляцоўку, дзе можна сабрацца і размаўляць”.

Аляксандра Шор

Аляксандра Шор

На жаль, паразуменне з чыноўнікамі актывісты знаходзяць не заўжды. Тым не менш людзі, якія сустрэліся ў дыскусійным клубе, могуць самаарганізоўвацца — так ужо сваімі сіламі створаны гурток беларускай мовы, вялікім поспехам карыстаецца прапанова па зборы пластыкавых накрывак, накіраваная на дапамогу хворым дзецям.

“Нам бракуе ўласнага памяшкання, — кажа спадарыня Аляксандра, — бо на адкрытай пляцоўцы сустрэнешся не заўжды, але, што паказальна, калі ў пачатку сустрэчы людзі кажуць “усё дрэнна, нічога добрага тут не атрымаецца”, то ўжо ў канцы ўсе бачаць варыянты развіцця. Да таго ж мы хочам працаваць з маладзёнамі, якія вырашылі застацца ў Жодзіне”.

Прыпеўкі як інструмент супрацоўніцтва і “самы страшны дом СНД”

“Мясцовыя ўлады пачалі з намі супрацоўнічаць дзякуючы фестывалю “Палеская прыпеўка”, — кажа Алена Аўтушка, якая прадстаўляе дыскусійную пляцоўку ў Барысаве. — Аднак самы паспяховы наш праект — аднаўленне стадыёна ў Бярозе. У Барысава мала досведу ў супрацы з грамадскімі арганізацыямі, затое ёсць багаты досвед супрацьдзеяння. На ўсе свае прапановы мы атрымлівалі адказы “няма грошай, няма ў планах, усе грамадскія саветы сфармаваныя”.

Алена Аўтушка

Алена Аўтушка

У Бярозе іншы досвед дзякуючы вышэйзгаданым прыпеўкам. Мы хацелі добраўпарадкаваць стадыён, які з савецкіх часоў паспеў праз свой стан зрабіцца проста небяспечным. Мы дамовіліся з уладамі, што бяромся арганізаваць людзей з мікрараёна, і гэта спрацавала. Мы атрымалі вялікую падтрымку — нас забяспечылі ўсімі патрэбнымі спецыялістамі, жыхары мікрараёна згуртаваліся, выйшлі на суботнік, і цяпер стадыёнам можна карыстацца. Шкада, што ў Барысаве мы так супрацоўнічаць з уладамі не можам”.

“Найважнейшае для нас цяпер — адчуць сябе беларусамі, калі мы гэта зробім, нам будзе прасцей вырашаць любыя праблемы, — кажа спадарыня Валянціна Болбат, расказваючы пра ініцыятыву “Добры сусед” з Верхнядзвінска. — Мы, канечне, маем праблему ў камунікацыі з мясцовымі ўладамі, але імкнёмся ім патлумачыць, што калі проста сабраць актыўных людзей, якія нешта робяць для горада, і сказаць ім “дзякуй”, то заўтра людзі пачнуць працаваць на карысць горада самі”.

Паводле спадарыні Валянціны, у Верхнядзвінску шмат праблем, але неабыякавыя гараджане паступова іх вырашаюць. Напрыклад, менавіта ў Верхнядзвінску знаходзіўся “самы страшны дом  СНД” — шматпавярховік быў у такім стане, што абсалютна не зразумела, як там маглі жыць людзі.

Валянціна Болбат

Валянціна Болбат

Звярнуўшыся да ўладаў, актывісты змаглі дапамагчы жыхарам — адрамантавалі пяты паверх дома і добраўпарадкавалі тэрыторыю.

Да таго ж верхнядзвінскія актывісты з “Добрага суседа” практыкуюць талаку — супольна пасаджаная вялікая колькасць дрэваў, пабудаваныя альтанка і домікі для качак. Таксама актывісты актыўна карыстаюцца жывымі лініямі, што праводзяцца ў раённых СМІ. Штомесяц праводзяць сустрэчы з вядомымі людзьмі.

Слімак як брэнд і сталіца стрыт-фуда

“Нацыянальная самаідэнтыфікацыя прыйшла да мяне праз турызм, — расказвае Любоў Ермакова, што прадстаўляе праект “Новае Поле — вёска, гісторыя, наваколле”. — Я пачала цікавіцца гісторыяй сваёй сям’і, а пасля і вёскі Новае Поле, дзе цяпер жыву”.

Любоў Ермакова

Любоў Ермакова

Як выявілася, мясцовы каледж з’яўляецца гістарычнай сядзібай, а цікавостак, звязаных з Новым Полем, хопіць на тое, каб зрабіць яго важным турыстычным аб’ектам.  Дзякуючы супольным намаганням жыхароў у вёскі з’явіўся лагатып і брэнд, быў праведзены фэст “Гарбузы і слімакі Новага Поля” (да 1939 года ў Новым Полі актыўна разводзілі слімакоў, пасля прыходу камуністаў, якія да слімакоў ніякай цікавасці не мелі, тыя распаўзліся па вёсцы і сталі яе пазнавальнай часткай).

“У нашай вёсцы жывуць мастакі, гісторыкі, ёсць свой бровар, — кажа спадарыня Ермакова. — Пасля з’яўлення публікацый пра нас да нас звярнулася маскоўская турфірма, якая прапануе сваім кліентам тур з пражываннем і працай у беларускай вёсцы, і турысты гатовыя пакідаць тут грошы”.

Вядома, не ўсе, у тым ліку аднавяскоўцы, разумеюць, навошта нешта рабіць, навошта ставіць сцэну (“Там жа будуць піць!”), навошта ўвогуле высоўвацца, але жыхары плануюць і надалей развіваць сваю вёску.

“Для пачатку мы сабралі людзей праз сацыяльныя сеткі, — кажа прадстаўніца Майстэрні ідэй “Ліхтар” з Маладзечна Ганна Холад. — Кампанія “Будзьма беларусамі” падтрымала серыю сустрэч Дыскусійнага клуба: асноўнай сваёй задачай мы лічылі не толькі нешта абмеркаваць, але і зрабіць. Так падчас першай сустрэчы ўзнік план правесці інклюзіўны фестываль “Я — супергерой”.

Пасля фестывалю актывісты правялі некалькі іншых інклюзіўных мерапрыемстваў, у тым ліку выезд на конную базу. Ідэя “вуліцы стрыт-фуда” дык увогуле зрабіла Маладзечна ледзь не сталіцай стрыт-фуда ў Беларусі.

Ганна Холад

Ганна Холад

Іншая паспяховая ідэя — стварэнне крэатыўнай карты горада, дзе самі жыхары Маладзечна вызначаюць цікавосткі для турыстаў. Прапановы збіралі анкетаваннем, нават не ўсе прапановы трапілі на карту.

“Лямпавыя сустрэчы” і дранікі на Euronews

“Чатыры гады таму мы пераехалі ў Бараўляны, год таму вырашылі стварыць “Клуб міжпакаленчага паразумення”, — кажа Аксана Бярнацкая з цэнтра “ЭкоЖизнь”. — Мы правялі чатыры сустрэчы з рознымі групамі насельніцтва: моладзь, мамы ў дэкрэце, пажылыя людзі і людзі з абмежаванымі магчымасцямі”.

На гэтых сустрэчах жыхары Бараўлянаў абмяркоўвалі гарадскія праблемы і спосабы іх вырашэння. Гучалі прапановы ствараць творчыя майстэрні, праводзіць сустрэчы. Што цікава, усе, хто прыходзіў на сустрэчы, прыносілі падобныя прапановы, усе лічылі, што ў Бараўлянах мусіць актыўна развівацца інклюзія.

Аксана Бярнацкая

Аксана Бярнацкая

Актывісты правялі “Бараўлянскую талаку” са слоганам “Свае для сваіх”, з канцэртам, кірмашом, зборам падарункаў і творчай майстэрняй. Цяпер у Бараўлянах працягваюць працаваць Інклюзіўны клуб, Творчая майстэрня, нядаўна з’явіўся сямейны тэатр.

“Мы вельмі ганарымся тым, што спонсары знаходзяцца самі, — кажа спадарыня Аксана, — таму ў планах у нас ёсць нават уласнае ТБ на сайце YouTube. Адзінае што СМІ звяртаюць на нас не так шмат увагі, як хацелася б, таму мы збіраем людзей праз вайбер-чаты”.

“Цэнтру гарадскіх ініцыятыў у Магілёве споўнілася пяць гадоў, у свой час мы зрабілі спіс актыўных людзей горада і зладзілі сустрэчу, каб патлумачыць, хто мы і чым хочам займацца, — кажа адзін з кіраўнікоў Цэнтра Аляксандр Лазараў. — Мы хочам займацца урбаністыкай. Людзі, што прыйшлі на сустрэчу, дапамаглі прыгожа стартаваць — літаральна за два-тры тыдні ў Магілёве з’явіўся памятны знак, прысвечаны году, калі горад быў Культурнай сталіцай Беларусі, а таксама сталіцай СНД”.

Аляксандр Лазараў

Аляксандр Лазараў

Узаемаадносіны з мясцовымі ўладамі ў Магілёве няпростыя — гарадское кіраўніцтва ставіцца да актывістаў насцярожана, хаця некаторыя фестывалі, якія ладзіў Цэнтр, зрабілі ўражанне на чыноўнікаў: фестываль дранікаў паказаў у сваім эфіры канал Euronews, што было першым з’яўленнем Магілёва на гэтым канале, да таго ж пра гарадскую падзею расказалі з пазітыўнага боку.

“Апошнім часам стала прасцей, пра нас шмат пішуць, нават тэлебачанне здымае, — кажа спадар Аляксандр. — Былі, канечне, цяжкасці са згадкамі нас у дзяржаўных СМІ, паводле якіх мерапрыемствы праводзілі проста “неабыякавыя жыхары”.

Мапа праблем і мапа канструктывізму

Інтэрактыўную мапу праблем для асобнага горада ў Беларусі, здаецца, не ствараў яшчэ ніхто. Такую мапу, з указаннем, якія праблемы ў горадзе ёсць, якія патрабуюць вырашэння і якія ўжо вырашаныя, прапануе сайт horki.info.

“Тут і праблемы, з якімі сутыкаюцца людзі з абмежаванымі магчымасцямі, калі імкнуцца трапіць у грамадскі транспарт, і праблемы з закінутымі будынкамі, і культурніцкія праблемы”, — кажа актывіст Ілля Заранок.

Ідэя класіфікаваць і “сабраць” усе гарадскія праблемы ў адным месцы спарадзіла і цікавасць мясцовых жыхароў да гарадскіх актыўнасцяў.

“Мы стварылі мапу старых вуліц у Горках паводле мапы 1918 года, ствараем мапу гістарычных аб’ектаў, хочам, каб у горадзе з’явіліся беларускамоўныя графіці і скульптура на месцы дома, дзе жыў Гарэцкі. Калі спачатку некаторыя думалі, што матэрыялы з паседжанняў дыскусійнага клуба будуць цікавіць толькі актывістаў, то цяпер па праглядах на сайце відавочна, што пакуль незаангажаваных жыхароў дыскусіі пра гарадскія праблемы цікавяць не менш”.

IMG_1494

“Наша ініцыятыва з’явілася вясной мінулага года, — расказвае Алена Каховіч з Брэста. — Чатыры чалавекі, сярод якіх праграміст, мэнэджар, гісторык, і піяршчык, зрабілі сайт па брэсцкім канструктывізме, дзе пазначана ўжо каля 80-ці мадэрнісцкіх будынкаў Брэста. Пасля карта выйшла як друкаваны прадукт — на чатырох мовах, у тым ліку па-польску і па-англійску. Наша задача — паказаць, што Брэст — гэта не толькі крэпасць”.

Да таго ж ініцыятыва “Брэсцкі канструктывізм” стварыла шэраг паштовак з гісторыямі некаторых дамоў, а таксама гісторыямі жыхароў. Да таго ж цяпер у Брэсце праводзяцца “Мадэрнісцкія прагулкі”, і гэта не экскурсія ў звычайным сэнсе слова — таксама разам з гараджанамі распрацоўваецца алгарытм па захаванні канструктывісцкай спадчыны.

“Часам гарадскія ўлады самі нічога не могуць зрабіць для захавання гэтай спадчыны, — кажа спадарыня Алена. — Мы зараз пачынаем шукаць кантакты з кіраўніцтвам горада, ствараем нешта накшталт савета краязнаўцаў і гісторыкаў горада, якія могуць даць парады, імкнёмся супрацоўнічаць з бізнесам, каб захаваць для Беларусі яе мадэрнісцкую спадчыну”.

Юрась Ускоў