Максім Жбанкоў: Няма паперы для сеткавых райтараў

20.06.2018 Cult Fiction

У сэрцы нашай пераможнай стабільнасці вока чапляюць адно скандалы, бойкі ды катастрофы. Рэзанансы апошніх тыдняў — грамадская блакада курапацкай рэстарацыі і адмова “Нашай Нівы” ад папяровай версіі. Два разломы свядомасці. Два перформансы беларускай долі: пазначэнне права актыўнай меншасці і гульня на карысць спажывецкай большасці. У абодвух выпадках існуе пэўная рэжысура падзеі. У абодвух выпадках ёсць канфлікт з наяўным. У Курапатах, зрэшты, усё ясна: класічнае пазіцыйнае супрацьстаянне ўзору 1990-х (з пераходам у спарадычны фізічны кантакт). Тое ж месца, тыя ж ролі. Вось з “Нівай” цікавей: канец прадукавання друкаванкі пазначае не проста аптымізацыю праекта. Фактычна, гэта рэквіем пэўнаму кшталту аўтараў — дызайнерам сэнсаў ды тлумачам рэчаіснасці.

Можна колькі заўгодна разважаць пра татальны крызіс друкаванага слова і канкрэтныя траблы нашых незалежных медыяў, паслядоўнае выцісканне вольнай думкі з поля чытацкай увагі, смерць палітычнага і трыумф спажывецкай культуры, змену культурных эпох ды ратацыю масавых захапленняў. Аднак варта дадаць да ўсіх пазначаных (збольшага слушна) вымярэнняў тэмы яшчэ адно: паралюш канцэптуальнага мыслення. Востры недахоп выказванняў — сістэмных, драйвовых і да таго з празрыстым ды зразумелым без слоўніка мэсіджам.

Варта не сентыментальна трызніць па старой “Нашай Ніве” — інтэлектуальным клубе рамантыкаў Адраджэння, — а шчыра запытацца: ці магчымая яна цяпер?

Зручна шукаць знешняга ворага. Не тая ўлада. Не тая эпоха. Але ж ёсць і ўнутраны: адмова ад разумення медыйнасці як сістэмнага канструявання сэнсаў. Адсутнасць кайфу ад прамаўлення/пісьменства і аднастайная банальнасць зместу паведамлення. Самазабойства медыйнага райтара.

Калі няма здольнасці тлумачыць ды аджыгаць, ты скончыўся. А можа, ніколі і не п(р)ачынаўся.

Сон розуму — нармальны стан запаволенага грамадства. Найлепшыя медыя — рэкламныя ўлёткі. Навошта нам аналітыкі, калі няма зрухаў да лепшага? Чаго вартыя разумнікі, якія дваццаць гадоў рэгулярна абяцалі ўздым народнага гневу і калапс адімністратыўна-каманднай эканомікі? Што рабіць з культуркай, якая жыве як рабарбар на ўзгорку — дзякуй, што не выкасілі, паспеем сочыва замуціць? У чым прыгажосць свабоднага мыслення ў беспаветранай прасторы?

Праблема нашай інтэлектуальнай альтэрнатывы ў тым, што ёй альтэрнатывы няма.

Спарынг-партнёр інерцыйнай улады — інерцыйнае мысленне, умоўнае агучванне прасторы. Пасля Акудовічавага эпахальнага “мяне няма” (першага беларускага філасофскага мема) і Мацкевічавага “думаць Беларусь” — пустэча. Бягучая эзатэрыка для магістраў гульні. Плынь свядомасці, не здольная адбіцца ва ўцямныя схемы існавання. Таму большасці нецікава. Таму мінакам неістотна.

Што істотна? Дасягальнае. Зразумелае. Джынглы і тэгі. Тое, што аўтары аддалі гандлярам. Уздагон эпосе ідэй надышоў сезон гіпермаркетаў. Гэта як? Я ж не комікс! Я — сцяг ды праграма! Соры, сцягамі не гандлюем.

Раней фармавалі публіку, выкладалі і тлумачылі. Сёння наадварот: спажывец мае рацыю. Здаецца, толькі ён і мае рацыю. А медыя больш не “чацвёртая ўлада”, а камфортны сэрвіс. Генератар распушчальнага шчасця.

Не падобнае на звычайны сеткавы флоў рэзка трывожыць. Арыгінальны аўтар выглядае хуліганам — як Стась Карпаў. Свая інтанацыя палохае і напружвае — як Андрусь Горват. Напісаў рэцэнзію — вораг. Не напісаў — здраднік. Найлепшы водгук рэдактара моднага рэсурсу: “Дзякуй, гэта будзе цікава вузкаму колу чытачоў…” Ёў, чаму я не мур-мур?

Замкнутае кола: аўтары маўчаць, бо няма пляцовак. Пляцоўкі тыражуюць хлуд, бо не стае аўтараў. Аналітыкі сыходзяць у піяр. Дыскусіі — у бульбасрач.

Праекты гадуюць не райтараў, а user friendly кантэнт. Чытач прапускае той кантэнт праз сябе. Сам робіцца складанкай простых сігналаў. І хоча больш. Таму мы будзем далей круціць сваё кола. Бо гэта набываюць.

А мы больш не галоўныя. Мы спажывецка залежныя.

Лонгрыды выміраюць, як дыназаўры. Застаюцца стрымы, фэйсбучны гон ды вясёлыя карцінкі. Сеткавае “хутка-смачна” працуе як пакунак інфаспотаў — плынь аднаразовых сігналаў лёгкага засваення. Затрымацца немагчыма. Затрымацца няма дзе. Ляці сабе скрозь інфастужку. Ляпі лайкі. Кідай каментарыкі.

Вось яна, наша зона магчымага. Вось ён, наш план Б. Мяккая прысутнасць “свядомага”, лёгкі нацыянал-нефармат, пейзаж пасля бітвы. Калісьці прадукавалі нязгоду. Цяпер — неабавязковасць. Бландзінку? Брунетку? Кідай манетку… (“ЛСП”)

 

Максім Жбанкоў