Ён пражыў кароткае жыццё, але пакінуў пасля сябе багатую творчую спадчыну. Рэдактар «Нашай нівы» не хацеў друкаваць яго творы. А калі ён быў маленькі, кнігі са сваёй бібліятэкі яму даваў чытаць Максім Горкі. Да 130-й гадавіны са дня нараджэння беларускага паэта Максіма Багдановіча budzma.org узгадвае цікавыя факты з жыцця класіка.
Будучы паэт нарадзіўся ў Мінску, але праз год у 1892 годзе сям’я пераехала ў Гродна. Менавіта там прайшлі дзіцячыя гады Максіма. Хоць сям’я Багдановічаў жыла там толькі чатыры гады, на доме, дзе яны жылі, у 1957 годзе ўсталявалі шыльду з пазнакай, што ў гэтым доме прайшло дзяцінства паэта. А ў 1986 годзе ў гэтым жа будынку размясціўся музей Максіма Багдановіча. Першую экспазіцыю стварыла паэтка Данута Бічэль-Загнетава.
Дом-музей Максіма Багдановіча ў Гродне. Крыніца: susanintop.com
Пасля смерці Марыі Апанасаўны Багдановіч, маці паэта, бацька з дзецьмі пераехаў у Ніжні Ноўгарад. Там у 1899 годзе ён пабраўся шлюбам з сястрой жонкі Максіма Горкага Аляксандрай Паўлаўнай Волжынай. Але падчас родаў яна памерла.
Багдановічы працягвалі сяброўства з сям’ёй рускага пісьменніка. Неаднаразова бывалі ў гасцях адно ў аднаго, ліставаліся. Такім чынам, у Максіма была магчымасць чытаць кнігі з уласнай бібліятэкі Горкага.
Сшытак з вершамі Багдановіча, які паэт прыслаў у рэдакцыю «Нашай нівы», Ядвігін Ш. назваў — «дэкадэншчынай». А галоўны рэдактар Аляксандр Уласаў адправіў гэты сшытак у архіў. З архіва вершы паэта выцягнуў публіцыст і літаратуразнаўца Сяргей Палуян. Прачытаўшы вершы, ён пачаў іх абараняць.
Так у 1907 годзе адбыўся літаратурны дэбют Максіма Багдановіча. У газеце «Наша Ніва» надрукавалі яго алегарычнае апавяданне «Музыка».
Бацька паэта Адам Багдановіч застаецца ў ценю творчасці свайго сына. Але за сваё жыццё ён напісаў некалькі даследчых прац. Адам Ягоравіч займаўся фалькларыстыкай, этнаграфіяй, гісторыяй і мовазнаўствам. Сярод яго прац: «Нарыс становішча жанчыны ў сялянскім асяродзі беларускага краю», «Пра паншчыну: Расповед з жыцця часоў прыгоннага права», «Перажыткі старадаўняга мірасазярцання ў беларусаў» і інш.
У мястэчку Халопенічы (Крупскі раён), адкуль паходзіць этнограф, у 1998 годзе ўсталявалі бюст Адаму Ягоравічу Багдановічу.
Адам Багдановіч. Крыніца: yarobl.ru
У пакоі паэта «царыў непарадак»
Па ўспамінах бацькі паэта, у Максіма ў пакоі царыў непарадак. «У адзенні даволі нядбайны, у яго пакоі звычайна царыў непарадак, асабліва на пісьмовым стале. Росту быў высокага, добра складзены, але трымаўся некалькі сутула. Валасы меў густыя, злёгку хвалістыя, цёмна-русыя, у барадзе і вусах каштанавыя. Вочы шэрыя».
Першы і адзіны прыжыццёвы зборнік паэта «Вянок»
АШ, budzma.org