У вёсцы Пількаўшчына Мядзельскага раёна 110 год таму нарадзіўся Яўген Іванавіч Скурко, вядомы нам як народны паэт Беларусі Максім Танк. З гэтай нагоды у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры арганізавалі экспазіцыю «Я спытаў чалавека». Загадчык навукова-асветніцкага аддзела музея Валянціна Кароткіна у гасцях праграмы «Не праходзьце міма» на «Радыё-Мінск» расказала пра сутнасць экспазіцыі, жыццё, творчасць і каханне Максіма Танка.
Фота belarus.kp.ru
— Валянціна, назва экспазіцыі — гэта з верша Максіма Танка, дзе ён піша так:
Які прайшоў праз агонь,
І воды,
І медныя трубы:
— Што самае цяжкое
На гэтым свеце?
І ён адказау:
— Прайсці праз вернасць».
Здаецца, што і сам паэт прайшоў у сваім жыцці нялёгкі шлях.
— Сапраўды так, і пытанне вернасці, безумоўна, было актуальным для яго і як для чалавека, і як для творцы. Калі паглядзець на шлях Максіма Танка, бачна, што сваім поглядам, сваім унутраным светам, перакананнямі ён заставаўся верным самому сабе на працягу жыцця.
— Выстава только пачала працаваць. Што там прадстаўлена?
— На выставе ёсць дзве часткі. Адну палову складаюць матэрыялы ў выглядзе інфармацыйных стэндаў, якія распавядаюць нам пра дзяцінства, вучнёўскія гады Максіма Танка і яго сям’ю Скурко. Другая частка складаецца з матэрыялаў з фонда нашага музея. Некаторыя прадметы ўвогуле можна ўбачцыь упершыню. Рэчы, якія прадстаўлены на выставе, абсалютна розныя: ад вучнёўскіх прыладаў, якія зроблены уласнаручна будучым пісьменнікам, да партрэтаў і фотаработ Уладзіміра Крука, дзе паэт адлюстраваны у працоўных інтэр’ерах і жыццёвых абставінах. Ёсць і рукапісныя рэчы, якія выводзіліся пяром самога літаратара. Таксама можна пабачыць юбілейную манету, якая была выпушчана ў абарот 10 гадоў таму Нацыянальным банкам.
— Ці ёсць там рукапісная біяграфія паэта?
— Так, яна захавалася і прадстаўлена ў нас на выставе, можна прыйсці і паглядзець на почырк аўтара.
— У рукапіснай біяграфіі паэта можна прачытаць: «Бацькі мае хацелі, каб я пайшоў вучыцца далей. Але непрыхільна на гэта глядзелі хатнія, баючыся лішніх расходаў у гаспадарцы». Сапраўды, не ўсё проста было з навучаннем. Вышэйшую адукацыю Максім Танк так і не атрымаў?
— Так. Як ні дзіўна, чалавек, які за жыццё дасягнуў вялікіх вышынь, ганаровых званняў і прадстаўляў Беларусь на міжнародным узроўні ў розных кутках свету, не меў вышэйшай адукацыі і нават сярэдняй профільнай. За плячыма былі толькі школьныя і гімназічныя класы ў розных гарадах. Сапраўды, у сям’і Скурко пытанне пра вучобу Яўгена падымалася неаднаразова. Галоўнымі прыхільнікамі і натхняльнікамі на тое, што хлопца трэба адпраўляць вучыцца далей, былі маці і дзядзька Фадзей, які сам пабачыў свет па службовым справам і асабіста. Яны заўсёды падштурхоўвалі бацьку і дзеда, каб аддаць Жэню вучыцца. Але адукацыя каштавала грошай. Трэба было клапаціцца пра жыллё, нейкі пажытак. Таму, хоць па тых часах сям’я Скурко не была беднай, канешне, гэта каштавала пэўных выдаткаў, і шлях паэта да школьных класаў быў нялёгкі.
— Паэт распавядае ў біяграфіі, хто быў супраць навучання. Але ўзгадвае і тое, што маці плакала, прасіла дзеда, каб пусціў Яўгена вучыцца ў Вілейку, дзе ў той час была сярэдняя школа. І стары ўсё ж згадзіўся...
— Атрымліваецца так. Але тут можна зразумець думку дзеда: за яго плячыма была гісторыя гаспадара на сваёй зямлі, сваім хутары. Тое, што хлопца выпраўлялі «у людзі», хутчэй за ўсё, сведчыла, што і далей ён не будзе звязаны з роднай вёскай. Можа быць, дзеду хацелася, каб быў спадчыннік, які будзе працягваць ягоную справу. Матывы тут маглі быць, канешне, розныя. Але, так ці інакш, Жэня Скурко ўсё роўна адправіўся ў Вілейку на вучобу.
— Яўген пачаў пісаць вершы ў другой палове 20-х гадоў мінулага стагоддзя, але не друкаваў. Ці ёсць гэтаму прычына?
— Яўгену Іванавічу было ўласціва ўнутранае пачуццё вартасці яго твораў. Яго аднакласнікі згадвалі, што тое, што не пайшло ў друк, ён знішчаў. Першыя творы былі прысведчаны паданням і легендам, звязаным з мядзельскім наваколлем, але ў друку гэта з’явіцца на пачатку 30-х гадоў. Першы друкаваны зборнік «На этапах» быў камбінаваным и зробленым у супрацоўніцтве з Рыгорам Шырмам, які арганізаваў друк кніжкі. І гэта была справа таямнічая. Таксама час ад часу ўзнікала пытанне з тым, што друкавацца хацелася на беларускай мове, а гэта не заўсёды было так проста зрабіць.
— Першы зборнік вершаў «На этапах» канфіскавалі?
— Так. Зараз сустракаюцца прыкладныя падлікі, што захавалася каля 200 экзэмпляраў. Некалькі былі ў самога аўтара, і ён паспеў накіраваць іх у Мінск поштай на адрас Акадэміі навук з пазнакай, што яны адрасаваны мінскім літаратарам. Так кніжкі патрапілі ў рукі Купалы і Коласа. Астатнія, што удалося ўратаваць, — гэта тыя кнігі, што вынеслі працоўныя з тыпаграфіі. Дарэчы, на нашай выставе прадстаўлены гэтыя кніжкі. «На этапах» — досыць моцна пашкоджаная, ёй налічваецца ўжо амаль 90 год. Але гэта арыгінальны экзэмпляр.
— Газета «Наша воля» пісала пра літаратара: «Максім Танк — гэта вельмі маладая, але сільная творчая індывідуальнасць. Ягоная творчасць вырасла ў вастрогах. Танк можа стацца вялікім пясняром Беларусі». Ці стаў ён ім у выніку?
— Яшчэ пры сваім жыцці Максім Танк паспеў разгарнуць актыўную працу і як аўтар, і як чалавек, які займаў досыць высокія пасады, і як перакладчык. Думаю, что ланцужок «Колас, Купала, Багдановіч» можна працягнуць, і хто, як не Максім Танк, стане ў гэты выдатны шэраг?
— А што вядома пра паходжанне псеўданіма?
— Паэт сам яго тлумачыў, але зараз можна сустрэць розныя версіі. Імя Максім было пазычана ад Максіма Горкага. А вось Танк — тут літаратар казаў, што ўсе віды флоры разабралі яго папярэднікі, сябры і паплечнікі: Колас, Чарот, Васілёк. Хацелася гучнага псеўданіма, таму не заставалася нічога іншага, як пашукаць чаго-небудзь жалезнага. Так ён і спыніўся на Танку. Гэты псеўданім быў узяты як імкненне паказаць нейкую сілу, зацвердзіцца ў літаратурных колах.
— І пачуццё гумару не здрадзіла Максіму Танку...
— Так. Адзначаюць, што па характары яму быў уласцівы і гумар, і дасціпласць, і адкрытасць да маладых літаратараў. Сустракаюцца згадкі, што, калі ён бачыў свае кнігі на паліцах кнігарні, то казаў: «Стаіць, ржавее на паліцах танк, ніхто яго не купляе». Таму ў нейкім сэнсе пачуццё гумару таксама было закладзена ў гэты псеўданім.
— Казалі, што Танк вельмі кахаў сваю жонку.
— Гэта быў шлюб, які доўжыўся 55 год, а каханне пачалося яшчэ раней. Любачка, Любаша — так яе зваў паэт — была яго галоўнай музай і заўсёды дапамагала літаратару ў працы.
— Ці падтрымлівае музей сувязь са сваякамі паэта?
— На жаль, гэтая нітачка перарвалася. Чатыры гады таму пайшлі з жыцця тыя нашчадкі, з кім музей падтрымліваў сувязь. Спадзяюся, што ў нас атрымаецца аднавіць сяброўства з іншымі сваякамі народнага паэта.