Якім быў палітычны і эканамічны стан ВКЛ, калі Ягайла атрымаў уладу? Чаму ягоныя браты і дзядзькі маглі стаць яму канкурэнтамі? Ці падтрымліваў свайго пляменніка князь Кейстут? Хто з братоў Ягайлы стаў ягоным галоўным палітычным супернікам у ВКЛ? Як паўплываў на дзяржаву канфлікт братоў-альгердавічаў? Як некаторыя з іх апынуліся на маскоўскай службе і чым гэта скончылася? Шукаць адказы на гэтыя пытанні мінулага запрашае гісторык Алесь Краўцэвіч.
Ягайла атрымаў ад бацькі вялікую і моцную краіну — наймацнейшую ва Усходняй Еўропе. Але гэта не гарантавала маладому гаспадару спакойнага жыцця. Ён мусіў праявіць сябе як кіраўнік дзяржавы, здабыць аўтарытэт сярод старэйшых і больш заслужаных Гедымінавічаў. Ягоныя дзядзькі і старэйшыя браты, якія кіравалі буйнымі ўдзельнымі княствамі, маглі (таксама па факце прыналежнасці да дынастычнага роду) стаць сур’ёзнымі канкурэнтамі — прэтэндэнтамі на вярхоўную ўладу. Тым больш, што ў гісторыі краіны меўся прэцэдэнт — дзяржаўны пераварот 1345 г. У такой сітуацыі падтрымка з боку дзядзькі Кейстута — самай значнай палітычнай фігуры ў краіне, была для Ягайлы надзвычай важнай, больш за тое, вырашальнай, асабліва ў пачатку гаспадарання.
Аднак ужо праз некалькі месяцаў палітычная стабільнасць у краіне была парушаная, бо ў Ягайлы ўзніклі канфлікты са старэйшымі братамі па бацьку і найперш з полацкім князем Андрэем — найбольш заслужаным дзяржаўным мужам сярод Альгердавічаў.
Андрэй княжыў у Полацку ажно ад 1348 г. і яшчэ пры жыцці бацькі не толькі камандаваў войскамі ў ваенных выправах, але выконваў важныя дзяржаўныя даручэнні, напрыклад, замяшчаў Альгерда на княжанні ў Пскове.
Дакладныя абставіны канфлікту Андрэя з Ягайлам невядомыя. Андрэй прыняў тытул вялікага князя полацкага, а некаторыя гісторыкі выказвалі версію, што ён аб’явіў пра свае прэтэнзіі на вялікае княжанне літоўскае. Аднак, пытанне, навошта тады называцца вялікім князем полацкім, тут хутчэй сепаратызм, а не прэтэнзія на вярхоўную ўладу ў ВКЛ.
Выказвалася таксама версія, што Ягайла сам прыспешыў канфлікт і пазбыўся Андрэя Альгердавіча, каб ліквідаваць найбольш небяспечны асяродак апазіцыі ягонай уладзе і паказаць усім удзельным князям (найперш Гедымінавічам), што не пацерпіць ніякіх праяваў самастойнасці. Пры гэтым з боку Кейстута нязгоды ці незадаволенасці дзеяннямі Ягайлы не было.
Выгнанне з краіны палітыка, трэцяга ў іерархіі пасля Кейстута і самога вялікага князя, мела быць навукай астатнім і адначасова першым крокам Ягайлы на шляху да аднасобнай улады. Такая версія не супярэчыць логіцы разгортвання далейшых падзей, хутчэй імі пацвярджаецца, бо ўжо ў наступным годзе пачала разгортвацца інтрыга Ягайлы супраць Кейстута.
Зімой 1377/78 г. Андрэй выехаў у Пскоў, дзе яго па старой памяці прынялі на княжанне («В лѣто 6885. Прибеже князь Ондрѣи Олгирдовичь во Псковъ, и посадиша его псковичи на княжение»), але ненадоўга. Неўзабаве князь Андрэй пакінуў Пскоў і паехаў у Маскву, дзе быў ласкава прыняты Дмітрыем Іванавічам («приятъ его князь великии Дмитреи Івановичь в любовь»).
На службе ў маскоўскага князя Андрэй Полацкі ваяваў як супраць татараў, так і супраць сваёй радзімы Літвы. У жніўні 1378 г. маскоўскія войскі з яго ўдзелам разбілі татараў Мамая на рацэ Вожы. Зімой 1379/80 г. Андрэй быў адным з кіраўнікоў маскоўскага паходу на «гарадкі і воласці літоўскія» на Севершчыне (тады захапілі Трубчэўск і Старадуб). У гэтым паходзе прыняў удзел яшчэ адзін унук Гедыміна князь Дзмітры Міхайлавіч, па мянушцы Баброк, сын Карыята, выехаўшы ў Маскву яшчэ пры жыцці Альгерда.
Іх блізкі сваяк бранскі і трубчэўскі князь Дзмітрый Альгердавіч не стаў бараніцца, а разам з сям’ёй перадаўся Маскве і атрымаў ад Дзмітрыя Іванавіча ў валоданне Пераяслаў-Залескі. Бранскае княства засталося за Літвой, верагодна, Ягайла перадаў яго брату — Дзмітрыю Карыбуту.
Усе трое Гедымінавічаў на маскоўскай службе біліся з татарамі на Куліковым полі ў 1380 г., і перамога ў гэтай знакавай для расейцаў бітве — у значнай меры іх заслуга (некаторыя гісторыкі называюць Андрэя Альгердавіча фактычным камандуючым маскоўскім войскам). Калі ў 1381 г. уладу ў ВКЛ пераняў Кейстут, Андрэй вярнуўся княжыць у Полацк.
Чытайце яшчэ: Браты супраць брата. Як Кейстут і Альгерд скінулі Яўнута са стальца вялікага князя?