Сёстры-назарэцянкі ўласнымі намаганнямі ўзвялі для горада школу, а падчас вайны добраахвотна аддалі свае жыцці ў абмен на вызваленне мясцовых жыхароў. Іхнія сучасныя пераемніцы разбурылі спадчыну мучаніц дзеля праекта новага комплексу, які не можа быць рэалізаваны законна, піша "Наша ніва".

Знос кляштара назарэцянак у красавіку 2026 года. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»
Разбурэнне будынка кляштара назарэцянак па вуліцы 1 Мая пачалося яшчэ ўвесну. Цяпер сёстры запісалі відэазварот, у якім паведамілі, што ад кляштара не засталося і фундаментаў. І заклікалі ахвяраваць на новы аб’ект.

Манашкі-назарэцянкі ў відэазвароце. Скрыншот відэа
Як піша тэлеграм-канал «Спадчына», сёстры-назарэцянкі прыбылі ў Навагрудак 4 верасня 1929 года. Біскуп Зыгмунт Лазінскі перадаў ім дом насупраць Фары і зямельны ўчастак, аднак будынак адмовіўся вызваляць мясцовы староста. Праз гэта спачатку манашкі адкрылі школу ў арандаваным памяшканні, а пасля скасавання дагавора арэнды ў 1932 годзе пачалі ўзвядзенне ўласнага аб’екта. Будаўніцтва драўлянага двухпавярховага школьнага будынка ішло з лютага па верасень 1933 года. Самі сёстры пасяліліся побач у аднапавярховым мураваным жылым доме.

Жылы корпус і фрагмент будынка школы пры кляштары назарэцянак у Навагрудку. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына» / Bł. Maria Stella i 10 Towarzyszek — pamięć, świadectwa, łaski

Знос кляштара назарэцянак у красавіку 2026 года. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

Будаўніцтва падмуркаў новага будынка. Скрыншот відэа
У 1939 годзе савецкая ўлада канфіскавала будынак школы і ператварыла яго ў савецкую дзесяцігодку з рускай і польскай мовамі навучання. Каб застацца на тэрыторыі сваёй маёмасці, манашкі ўладкаваліся туды працаваць прыбіральшчыцамі. Аднак неўзабаве іх выселілі спачатку з жылога дома, а вясной 1940 года канфіскавалі і рэшткі гаспадарчых пабудоў. Сёстры былі вымушаныя разысціся па прыватных кватэрах знаёмых мясцовых жыхароў.

Сёстры-назарэцянкі і вучні перад фасадам школы. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына» / Bł. Maria Stella i 10 Towarzyszek — pamięć, świadectwa, łaski
З пачаткам нямецкай акупацыі ў 1941 годзе манашкі змаглі вярнуцца ў свой кляштарны дом, але саму школу занялі спачатку салдаты вермахта, а пазней — мясцовыя калабаранты-«рагулеўцы». Неўзабаве калабаранты зноў выселілі сясцёр, загадаўшы ім перасяліцца ў пусты былы яўрэйскі дом на той жа вуліцы.

Краявід вуліцы. У «пажыдоўскі» дом справа былі выселены з уласнага кляштара манашкі-назарэцянкі ў час нямецкай акупацыі. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына» / Bł. Maria Stella i 10 Towarzyszek — pamięć, świadectwa, łaski
Трагічная развязка адбылася ўлетку 1943 года падчас нямецкай карнай аперацыі «Герман». У ноч на 18 ліпеня гестапа арыштавала каля 120 мясцовых жыхароў і ксяндза Аляксандра Зянкевіча для далейшага расстрэлу. 31 ліпеня Марыя Стэла (Адэля Мардасевіч) і яшчэ дзесяць сясцёр-назарэцянак добраахвотна пайшлі ў гестапа, прапанаваўшы свае жыцці ў абмен на арыштаваных. Нямецкія ўлады пагадзіліся: гараджан адправілі на прымусовыя працы ў Рэйх (усе яны перажылі вайну), а 1 жніўня 1943 года адзінаццаць манашак былі расстраляныя ў Батароўскім лесе. Пазбегнуць смерці ўдалося толькі адной з іх — Малгажаце Банась, якая ўпотай жыла ў тым самым невялікім гаспадарчым доміку пры школе. Праз некалькі дзён пасля забойства нямецкія акупанты вывезлі і разрабавалі рэчы кангрэгацыі.

Навагрудскія мучаніцы. Фота: Catholic. by
У 2000 годзе Папа Ян Павел II прылічыў 11 навагрудскіх мучаніц да ліку блажэнных. Пазней гістарычны будынак школы быў вернуты кангрэгацыі і адрамантаваны дзякуючы ахвяраванням вернікаў.
У відэазвароце сёстры паказалі таксама праект новага будынка на месцы школы і закладку падмуркаў. Назарэцянкі збіраюцца пабудаваць трохпавярховы мураваны будынак, падобны да офісаў пачатку 2000‑х гадоў, накрыты схільным дахам і з вялікімі мураламі ў тарцах, які не мае нічога агульнага з гістарычным.

Кляштар назарэцянак да зносу. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

Будаўніцтва падмуркаў новага будынка. Справа ў кадры апсіда старадаўняга Фарнага касцёла. Скрыншот відэа

Будаўніцтва падмуркаў новага будынка. Скрыншот відэа

Праект новага трохпавярховага будынка на месцы колішняй школы. Скрыншот відэа
Аднак, як звяртае ўвагу «Спадчына», якасць праекта знаходзіцца на нізкім узроўні з відавочна непрапарцыйнымі элементамі. Больш за тое, ні ў якім варыянце гэты праект не можа быць законна рэалізаваны ў гэтым месцы.
Згодна з праектам зон аховы гістарычнага цэнтра Навагрудка, участак сясцёр-назарэцянак знаходзіцца ў зоне, дзе забаронена ўзвядзенне будынкаў вышынёй больш за 8 метраў. Такім чынам, пабудаваць больш за два паверхі пад схільным дахам не атрымаецца. Калі ж лічыць гэта новым будаўніцтвам — бо ад старога будынка не засталося і падмуркаў, — то аб’ект мусіць быць больш чым у два разы меншым у плане за папярэдні (максімум 8 на 12 метраў). Акрамя таго, прама забаронена змяняць архітэктуру забудовы пры яе рамонце або рэканструкцыі.