МАРГ заклікае беларусаў кожную пятніцу размаўляць па-беларуску і слухаць беларускую музыку

Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю запускае акцыю «Кожная пятніца — роднае, сваё!». Яна накіраваная ў першую чаргу на павялічэнне долі беларускіх тавараў на ўнутраным рынку, але ахоплівае куды больш сфер жыцця, піша «Наша Ніва».

«Kožnaja piatnica — rodnaje, svajo!»

Ведамства заклікае беларусаў раз на тыдзень не толькі купляць мясцовыя прадукты, але таксама апранаць адзенне і абутак беларускай вытворчасці, чытаць і размаўляць па-беларуску, а таксама слухаць беларускую музыку.

Пра акцыю аб’явіў намеснік міністра Алег Дзікун, выступаючы на рускай мове ў чацвер, 11 снежня, на прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры.

Чакаецца, што па пятніцах беларускія вытворцы і гандлёвыя сеткі будуць рабіць зніжкі на беларускія тавары. Пакупнікі ў сваю чаргу могуць падтрымаць ініцыятыву, купляючы беларускае і расказваючы пра акцыю ў сацсетках з хэштэгам #ДзеньРоднагаСвайго.

Пачаць удзельнічаць у акцыі можна ўжо сёння.