Адкрыты перадзаказ дзіцячай навінкі пра Каляды

Выдавецтва Gutenberg Publisher анансавала выхад новай кнігі для дзяцей ад пісьменніцы Наталкі Харытанюк і мастачкі Волі Кузьміч. Гэтым разам гісторыя з назвай «Каляды 1992» пачынаецца з таго, як чацвёра беларускіх дзетак знойдуць на гарышчы фотаздымкі калядоўшчыкаў, піша bellit.info.
kalady-1992-mockup-01-1000x500.png

Героі новай кнігі вядомыя чытачам з «Казак Старога Адамкова», папярэдняй працы творчага дуэта.

«Новая гісторыя нібы вяртае нас да любімых герояў, але ўсе заўважна пасталелі: і дзеткі, і аўтарка, і чытачы. Выйшаў настраёвы аўтафікшн для дзяцей і дарослых, пра цуд і пра забаву, якая й сама робіць свет лепшым», — расказваюць пра кнігу ў выдавецтве.

Снежаньскім вечарам наконадні Калядаў чацвёра беларускіх дзетак знаходзяць на гарышчы фотаздымкі калядоўшчыкаў. Знаходка пераўтвараецца ў гульню, а гульня — у прыгоду з пераапрананнем, містычнымі спевамі і нават пагоняй!

Што будзе, калі дзеці ненарокам перабягуць дзяржаўную мяжу?

Kalady-1992-Mockup-04.png

Ужо зараз кнігу можна перадзамовіць на сайце Gutenbergpublisher.eu. Навінка можа стаць добрым падарункам на Каляды для дзяцей ад 6 гадоў і дзяцей 80-х.

А 14 снежня а 14:30 падчас святкавання Калядаў у Музеі Падгужа ў Кракаве адбудзецца жывая прэзентацыя «Калядаў 1992» і ўсіх новых кніг выдавецтва Gutenberg.