Гурт Neuro Dubel прэзентаваў у клубе Re:Public новы альбом «На Марс!», які прыйшоўся даспадобы фанатам, а Аляксандр Кулінковіч дасягнуў стану бязважкасці.
Гэты альбом быў адначасова доўгачаканым і вельмі хуткім. У інтэрв’ю напярэдадні канцэрта Кулінковіч апантана расказвае, што пэўны час знаходзіўся ў творчай дэпрэсіі, як раптам удалося схапіць музу за хвост і на хвалі шалёнага натхнення запісаць “касмічны” альбом за нейкія пару месяцаў.
З’явіўшыся на сцэне ў запоўненым Re:Public, музыкі без асаблівых уступных словаў удараюць адразу па новых песнях. І зала даволі хутка ловіць імпульс. “На Марс!” хоць і не стане альбомам-здзіўленнем, але зроблены з жаданнем прадэманстраваць усю разнастайнасць у межах звыклай манеры “Дзюбялёў”. Таму трэшава-мацерная “Сельпо” змяняецца вясёлым і адчайным “Дыска”, дзе пад прыпеў “Выдерни шнур, выдави стекло” зала купаецца ў дажджы з канфеці, круціцца імклівым дыска-шарам і трапляе ў атмасферу новага года і апакаліпсісу.
І хоць Кулінковіч перыядычна шапаціць паперкамі, забываючы словы новых песень, гэта, здаецца, мала каго хвалюе. “Трезвая жизнь тянет на дно, таких, как я, не пускают в метро”, — ахвотна падпявае зала і тут жа прызнае кампазіцыю новым хітом. “Вялікая песня”, — абвяшчае Юрый Навумаў кавер на “Рок-н-рол мертв, а я еще нет” Барыса Грабеншчыкова. Загалоўная кампазіцыя альбома выконваецца ў чырвоным марсіянскім святле — рашучая песня-заклік, песня-гімн з дзіўным дэвізам “Рушымся на Марс!”, які семантычна сумяшчае ў сабе абрушванне, разбурэнне і рух.
“Настаў час самых сур’ёзных і задуменных песень”, — прадстаўляецца наступная кампазіцыя, і сапраўды гучыць трывожная лірычная мелодыя. Відэашэрагам да гэтай песні гурт абраў карціны мастачкі Нікі Сандрас. Сама мастачка была заўважаная на канцэрце. Таксама прыйшлі драматург Андрэй Курэйчык, паэт Віталь Рыжкоў ды іншыя пазнавальныя асобы. Увогуле публіка “Нейра Дзюбель”, як заўжды, радуе несумяшчальнасцю — тут і прычасаныя хлопчыкі ў кашулях, і чоткія пацанчыкі ў спартовых штанах з палоскамі, і дзяўчаты ў вечаровых сукенках з бездакорнымі валасамі.
Фанаты гурта ныраюць са сцэны ў натоўп, адзін прыхільнік увогуле тырчыць на сцэне палову першай часткі канцэрта, па-братэрску абдымае вакалістаў і падпявае ў іх мікрафоны, весела танчыць, а потым, стаміўшыся, прысядае на сцэне. Нарэшце з’яўляецца ахоўнік, і фанат пакорліва здаецца яму ў рукі. Сам Кулінковіч таксама сыходзіў з мікрафонам у залу і быў вынесены на сцэну на руках.
У альбом увайшлі і старыя забытыя песні, якія загучалі па-новаму, як, напрыклад, баладная «Папараць-кветка» пра Купалле і Янку Купалу на словы Уладзіміра Караткевіча, што з’явілася ў рэпертуары гурта больш за 10 гадоў таму.
Альбома “На Марс!” пакуль няма цалкам у сеціве, фанаты маглі пакаштаваць толькі тры песні. “У запісе яны не так моцна ўразілі, але тут, на канцэрце, адчуваецца, што альбом сапраўды круты”, — кажа нам прыхільніца гурта Наста.
“Вялікдзень і дзень касманаўтыкі супалі невыпадкова. Космас — гэта наша ўсё”, — паведамляе Юрый Навумаў, і пачынаюцца танцы пад “Гагарына” ды іншыя старыя песні на любімую “Дзюбялямі” касмічную тэматыку.
Пасля антракту гурт спяваў хіты з «залатога фонду», але даволі хутка стала ясна, што дзядзя Саша ўжо набліжаецца да стану бязважкасці. Усё як у космасе — падзеі змяшаліся, мікрафон губляецца, забываюцца словы і не слухаюцца ногі. Гэта нармальна пры палёце на Марс, з касманаўтамі яшчэ і не такое адбываецца. Трэба сказаць, што калегі па гурце не падвялі, падстаўлялі плячо ва ўсіх сэнсах і намагаліся выратаваць сітуацыю.
Напярэдадні Кулінковіч моцна перахваляваўся наконт прэзентацыі альбома, які ў інтэрв’ю называе найлепшым, пераймаўся, што павольна раскупляюцца квіткі. «Нельга ўсё рабіць аднаму, гэта я апраўдваюся, — гэта ён апраўдваецца і просіць прабачэння на наступны дзень пасля канцэрта ў фэйсбуку. — Прабачце ўсе, хто можа прабачыць. Тое, што было ўчора, называецца жорсткім порна». І ў каментарах атрымлівае шмат пяшчотнай падтрымкі ад фанатаў, якія разважаюць, што ў прынцыпе не ў оперу ішлі: «Канцэрт Дзюбялёў без касякоў — гэта і не канцэрт наогул. Люблю вас за вашыя касякі», — прызнаецца адзін з прыхільнікаў. Іншыя таксама ў асноўным рэагуюць з іроніяй: «Так, часам уключаўся рэжым аўтапілатавання. Так, пасадка на Марс не была мяккай… Каманда зрабіла ўсё, што змагла! Камандантэ трымаўся да апошняга», «Не памятаю ні адзін канцэрт НД, дзе б я быў цвярозы. Так што дзядзя Саша мае права».
Троху трывожна, што Аляксандр Кулінковіч пасля гэтага допісу пакуль больш не аб’яўляўся. Спадзяемся, што ўсё добра, гурт рушыць далей, а канцэрт стане фактам насычанай і супярэчлівай гісторыі ці нават не застанецца ў ёй нічым асаблівым, апроч таго, што гэта быў першы палёт на Марс, якіх будзе яшчэ безліч. Бо без «Нейра Дзюбеля» туды цяпер ніяк.
Аляксандра Дорская
Аляксандр Tarantino Ждановіч
Журналісцкае агенцтва «Таранціны і сыны»