Анастасія Рыдлеўская — маладая беларуская мастачка, якая, як і шмат іншых дзеячаў культуры, у 2021 годзе была вымушана з’ехаць з краіны. Пагаварылі з Анастасіяй пра тое, ці можа мастак натхняцца рэпрэсіямі, як далося ёй рашэнне аб пераездзе і адаптацыя за мяжой, як падзеі апошніх гадоў адбіваюцца на яе асобе і творчасці, а таксама пра яе мары і планы на будучыню.
Мастачка Анастасія Рыдлеўская. Крыніца: 34mag.net
Шлях да прафесіі: для чаго мастаку адукацыя філолага
Мне 27 год, і большую частку свайго свядомага жыцця я пражыла ў Беларусі, пакуль у лістападзе 2021 года не была вымушаная з’ехаць у Польшчу.
Выяўленчым мастацтвам я займаюся з самага дзяцінства.
Ранні малюнак Анастасіі Рыдлеўскай. Крыніца: уласны архіў Анастасіі Рыдлеўскай
Калі тата заўважыў, як люблю маляваць, то пачаў набываць усё, што толькі мог: фарбы, мальберты, хаця ён небагаты чалавек. Тата казаў, каб я падрыхтоўвала яму выставы. Я і «рыхтавала выставу»: малявала літаральна за адзін дзень карцінкі, развешвала. Тата прыходзіў, з выглядам знаўцы разглядаў мае малюнкі і казаў: «Як прыгожа, усё набываю». І насамрэч усё купляў: за свае малюнкі я атрымлівала сапраўдныя грошы. Так што я яшчэ ў тым узросце пачала весці свой бізнес (смяецца).
Калі мне было 13–14 год, тата адвёў мяне да аднаго мастака, які даваў прыватныя ўрокі. У той момант ужо ўсе разумелі, што я і малюнак — гэта неадрыўна.
Ранні малюнак Анастасіі Рыдлеўскай. Крыніца: уласны архіў Анастасіі Рыдлеўскай
Я збіралася паступаць у Акадэмію мастацтваў, рыхтавалася да экзаменаў, але мне тады сказалі, што будзе цяжка паступіць на бюджэт, мне трэба было вучыцца менавіта бескаштоўна, бо ў бацькоў не было магчымасці плаціць за маю адукацыю. За паўтара месяцы мне трэба было вызначыцца: ці рызыкнуць падацца туды, куды не факт, што змагу паступіць на бюджэт, ці пайсці туды, куды мяне сто працэнтаў прымуць, і ў мяне будзе вышэйшая адукацыя.
У выніку я паступіла на філфак, хаця ў той перыяд мне не былі цікавыя мовы і літаратура. Зараз я лічу, што гэта было найлепшае для майго мастацкага развіцця рашэнне: калі ты вучышся ў акадэміі мастацтваў, то насамрэч вельмі малая верагоднасць, што ты станеш мастаком.
Для мяне мастак — гэта не пра тэхніку. Тым больш, каб авалодаць тэхнікай, табе патрэбна максімум год пяць. Мастак — гэта пра тваю тоеснасць, здольнасць да камунікацыі са светам, усведамленне гэтага свету і самога сябе, сталае паглыбленне ў гэтую рэальнасць і спробу ўсвядоміць яе на такіх метафарычных узроўнях, выказваючы гэта потым праз візуальныя вобразы.
Маё паступленне на філфак — гэта быў лёс. Адпачатку я скончыла бакалаўрыят, потым — магістратуру і пачала выкладаць літаратуру студэнтам. Я вельмі любіла сваю працу: там я напаўнялася зносінамі з калегамі па кафедры і студэнтамі, якія таксама вельмі глыбокія маладыя людзі, з якімі мы размаўлялі на філасофскія тэмы.
Анастасія Рыдлеўская. Крыніца:34mag.net
На першы погляд, у тым, каб займацца мастацтвам, а вучыцца на філфаку, ёсць супярэчнасць. Калі разабрацца, то ўсе мае творы так ці інакш звязаныя з тэкстамі. Мяне заўсёды цягнула да напісання чаго-небудзь, і я вяду дзённікі з дзявятага класа: пішу там кожны дзень, а потым раблю ілюстрацыі.
Зараз я лічу, што без філалагічнага факультэта я мастаком не стала б: проста рабіла б прыгожыя карцінкі. Але разуменне таго, што менавіта я хачу сказаць і навошта, і здольнасць да рэфлексіі даў мне філфак.
Хаця я малявала з дзяцінства, і гэта было маім спосабам камунікацыі са светам, менавіта ўсвядоміла я сябе як мастачка толькі тры гады таму. Я тады пайшла на мастацкі курс у майстэрні 6B — яна зараз зачыненая. Курс называўся «Аўтарскі стыль», і, дзякуючы дабрыні і падтрымцы выкладчыцы, я перастала сябе гнабіць і забараняць сабе існаваць. У мяне быў жудасны ўнутраны крытык, і ў мяне праблемы з саманянавісцю: не толькі ў творчасці, але і ўвогуле ў жыцці. На курсе, калі выкладчыца наўпрост сказала мяккім пяшчотным голасам: «Можна ўсё», я перастала падаўляць сваю ўнутраная тоеснасць як мастака і пачала да сябе прыслухоўвацца. У мяне пачалі фармавацца вектары развіцця, сыходзячы са свайго рэальнага «я», а не з надуманага.
Пачаўся 2020 год. Паколькі ў мяне павышаная трывожнасць, то праз кавід я сядзела ў самоце пад замком і нікуды не хадзіла. У гэты момант у траўні мне ў Instagram напісалі прадстаўнікі галерэі «ДК»: ім спадабаліся мае працы, і яны хацелі зрабіць выставу. Я, па-першае, спужалася, што трэба будзе кудысьці выходзіць. Па-другое, я падумала, што з мяне просто кпяць, бо хто насамрэч мне можа нешта такое прапанаваць. Вось яна, саманянавісць. Дарэчы, я нічога не ведала пра галерэю «ДК». Увогуле я была даволі закрытым чалавекам і нічога не ведала тады пра творчае жыццё ў Мінску. Сядзела, малявала, і мяне гэта цалкам задавальняла. У выніку я згадзілася на прапанову аб выставе, але не верыла да моманту, пакуль я не пачала развешваць працы.
Афіша выставы Анастасіі Рыдлеўскай у галерэі ДК. Крыніца: Instagram.com
У той момант дзіўным чынам высветлілася, што мае працы несвядома ствараліся ў серыі: там сапраўды быў адзіны канцэпт. Толькі я сябе так моцна гнабіла, што не давала шанцаў паглядзець на сваю творчасць звонку. У той момант я сказала сама сабе: слухай, вось жа сапраўдныя людзі прапануюць табе выставу, то можа, хопіць з сябе здзекавацца?
Адкрыццё выставы адбылася ў ліпені. Я так баялася, што памру ад кавіду, што нават прасіла нікога не прыходзіць. Але прыйшлі мае сябры, якім я цяпер вельмі ўдзячная. Каб яны гэтага не зрабілі — я б вельмі засмуцілася, але яны прыйшлі, і ўсе былі ў масках. Было класна.
Пасля першай выставы мне пачалі пастаянна пісаць, прапаноўваць прыняць удзел у розных іншых выставах. Я дагэтуль вельмі саромеюся. Я ўвогуле сарамлівы чалавек, і вельмі не люблю атрымліваць адмовы, таму мне цяжка саму сябе прапаноўваць. Але мне заўсёды так шчасціла, што арганізатары самі мяне знаходзілі праз Instagram.
За два гады ў мяне было даволі шмат індывідуальных і групавых выстаў у і Беларусі, і за мяжой.
Анастасія Рыдлеўская на персанальнай выставе ў верасні 2021 года. Крыніца: Instagram.com
2020 год: ці можа мастак натхняцца рэпрэсіямі?
Я не магу сказаць, што падзеі 2020 года сталі для мяне крыніцай натхнення. Малюнкі для мяне — гэта спосаб камунікацыі са светам, яны з’яўляюцца ў незалежнасці ад таго, што звонку. У мяне ніколі няма пытання, што намаляваць. Праблема ў тым, што ў мяне вельмі шмат ідэй, а часу ўсё гэта ствараць няма. Я заўсёды малявала рэальнасць праз сваю прызму ўспрыняцця. А тое, што рэальнасць у 2020 годзе стала цяжэй — ад таго толькі мне самой стала цяжэй працаваць.
Чым больш вакол цяжкіх сітуацый, тым мне фізічна і псіхічна ад гэтага горш. 2020 год дрэнна паўплываў на маю прадуктыўнасць. Хаця ўсё ж такі адна з мэт маёй творчасці паспяхова дасягалася: яднанне з людзьмі.
Гледзячы на мае малюнкі, многія казалі, што яны адчуваюць тое ж самае, таму праз мае карціны ў мяне быў такі страшны і кранальны дыялог з іншымі людзьмі.
Цяжка сказаць, што ў мяне ёсць нейкія творы, якія з’яўляюцца прамым адбіткам пратэсных падзей: усё ж такі ў сваіх малюнках я больш фіксую свае эмоцыі ад гэтых падзей. Напрыклад, была адна страшная сітуацыя ў верасні 2020 года: я ўбачыла, як збілі пажылую жанчыну, і ў яе цякла кроў. Тады ў мяне з’явіўся вобраз анёлаў, якія плачуць чырвонымі слязьмі.
Карціна Анастасіі Рыдлеўскай «Анёлы захоўваюць слёзы ўсіх нявінных». Крыніца: Instagram.com
То-бок за ўсімі малюнкамі, вядома, стаяць мае перажыванні ад таго, што я ўбачыла ў навінах або на ўласныя вочы. Вядома, гэта не напрамую: я не люблю ангажаваную ілюстрацыю. Мой творчы метад — перапрацоўка.
2021 год: пераезд у Польшчу
Я з’ехала ў Польшчу, бо былі рызыкі, што за мной прыйдуць: я стварала пратэснае мастацтва, як я яго называю. Адна мастачка, якая падтрымлівае ўладу, напісала ў сваім тэлеграм-канале пра мяне і мае працы. З’явіліся каментары кшталту, што такое можна маляваць толькі пад наркотыкамі. У такіх тэлеграм-каналах сядзяць, вядома, не звычайныя людзі, а персанажы, так ці інакш звязаныя з уладай, таму я і спужалася. Тым больш, што ўсе мае выставы, што праходзілі ў той перыяд, былі на тэму пратэстаў: нават ніяк не завуаліравана.
Карціна Анастасіі Рыдлеўскай «Ціха нясеш святло». Крыніца: Instagram.com
Я добра памятаю той дзень, калі вырашыла з’язджаць: дзень быў занадта сонечны для такога цяжкага рашэння. Гэта было на мантажы выставы. Прыйшлі мае сяброўкі, мы размаўлялі, і раптам яны даволі настойліва пачалі казаць, што мне варта падацца на польскі грант для мастакоў. Я спытала: а навошта? Мне вельмі сур’ёзна адказалі, што мне насамрэч варта з’ехаць. Тут я быццам бы прачнулася і зразумела, што заставацца ў краіне ўжо стала небяспечна для мяне. Я сказала мужу, што нам трэба з’язджаць вось проста зараз. Ён адказаў: «Добра, давай усё рыхтаваць».
Звычайна калі мне казалі, што трэба з’язджаць, я смяялася, але смяялася са злосці. Што вы такое кажаце? Я, можа, і хацела б, але як мы можам з’ехаць, калі ў нас няма ні грошай, ні аддаленай працы? Але ў той момант я так паверыла, што змагу выйграць гэтую стыпендыю, што пачала рыхтавацца да пераезду. Хаця ў выніку стыпендыю я не атрымала, мы ўсё адно з’ехалі. Я прадала некалькі карцін, мы сабралі страх у кулак і паехалі ў невядомасць.
У той момант на дзіва не было ні ўласцівай мне трывогі, ні дэпрэсіі: мы проста ўсё гэта рабілі на нейкім адрэналіне. Як мы абіралі горад? У Варшаве я не захацела жыць, бо яна мне нагадвала Мінск, таму мы паехалі ў Гданьск, бо там мора. Гэта ўвесь наш узровень даследавання сітуацыі.
Анастасія Рыдлеўская ў Гданьску. Крыніца: Instagram.com
Пры пераездзе мяне хвалявала, што прыйдзецца ісці на ўмоўны завод, што для мяне значыць канец жыцця.
Калі я буду працаваць дзесьці на працы, што не звязана з літаратурай ці мастацтвам, то ў мяне наўпрост не будзе энергіі для жыцця: я буду ўсю яе аддаваць працы, якую ненавіджу. Калі праца не будзе мяне зараджаць і я не буду ад яе ніяк напаўняцца, то ў мяне наўпрост не будзе шанцаў увогуле існаваць.
Якімсьці цудам мае карціны набываюць, і мой муж зараз уладкаваўся на працу, што вельмі дапамагае нашай сям’і.
Цяпер я нават не хачу ўспамінаць сябе ў той перыяд, пакуль я заставалася ў Беларусі. Гэта нейкая вартая жалю закляваная істота, схуднелая на сем кілаграм.
Я рыдала ад крыўды, злосці і жалю, што ўсё не атрымалася, кожны раз, калі бачыла чырвона-зялёны сцяг. Людзі за кратамі, а ты нічога не можаш зрабіць і разумееш, што ты там патэнцыйна можаш апынуцца, але не ведаеш, калі і за што. Вось гэтае чаканне на смяротнае пакаранне — гэта жах.
2022 год: Вайна ва Украіне і змена творчых вобразаў
Калі пачалася вайна, у мяне наўпрост пачаў разбурацца свет і мае ўяўленні аб жыцці, якія былі маім падмуркам. І ўсе гэтыя працэсы, канечне, уплываюць і на маё мастацтва, бо гэта прамы працяг маёй асобы.
Напэўна, візуальна мая карціны не змяніліся, бо ўжо ёсць усталяваная тэхніка, і яна заўсёды залежыць ад канкрэтна пастаўленай мэты. Мэта ў дадзеным выпадку не мянялася: мне трэба было неяк аблегчыць свой стан, бо было вельмі балюча. Таму не з’явілася ні новых форм, ні новых колераў. Змянілася падмуркавае ўсведамленне рэчаіснасці: яно пачало разбурацца, і выкрышталізаваліся вобразы, ачышчаныя і больш зразумелыя. Паняцці дабра і зла сталі менш памежнымі.
Карціна Анастасіі Рыдлеўскай «Вайна». Крыніца: Instagram.com
Мяне дзіка калаціла. Я ж выкладала замежную літаратуру другой паловы дваццатага стагоддзя, а там жа вельмі шмат пра ўсведамленне фашызму. Я чытала і думала, што гэтага больш не паўторыцца, а нават калі і з’явіцца новы Гітлер, то ўсе будуць разумець, што гэта Гітлер і трэба яго знішчыць. Раптам тут ты трапляеш у рэальнасць і абсалютна знянацку разумееш, што ёсць велізарная колькасць людзей, для якіх відавочныя рэчы — гэта «не ўсё так адназначна».
Мне хацелася ў працах паказаць, што гэта ўсё вельмі адназначна: людзей забіваюць, гэта вайна, і кропка
У весну 2022 года мне напісала куратар, якая прапанавала зрабіць выставу ў кракаўскай галерэі.
Анастасія Рыдлеўская на адкрыцці выставы «Чаго ты баішся» ў Кракаве. Крыніца: Instagram.com
Яе, як і мяне, вельмі цікавіла тэма гвалту: чаму чалавек здольны на гвалт, як гэта адбываецца і навошта. Я лічу, на гэта нельга знайсці рацыянальны адказ: яго трэба шукаць на ўзроўні пачуццяў. Для мяне важна было даследаваць, як пазбегнуць гэтага гвалту.
Усе мае працы былі пра рэпрэсіі ў Беларусі, пра пераезд у чужую краіну, пра вайну і пра бежанцаў. То-бок на такіх вострых узроўнях разглядаліся ўзаемаадносіны цябе і іншага ў межах свету, дзе існуе гвалт.
Будучыня: мары і мэты
Мая мара, якую я пакуль што не магу здзейсніць, — гэта праца ў міждысцыплінарным падыходзе: акрамя карцін я пішу і песні, і вершы, і музыку. У мяне ёсць кніжачка светлавых інсталяцый, кніжачка з канцэптамі выстаў. То-бок гэта мастак як творца, каб ускрыць тую частку рэчаіснасці, якую цяжка ўсвядоміць без запавольвання, бо звычайна мы ўсе жывем на аўтаматызме. Таму калі мне будуць дазваляць фінансавыя магчымасці, я буду старацца ўвасабляць усе ідэі, якія ў мяне ёсць, каб аб’яднасць гэта ў адзінае міждысцыплійнае нешта.
Першы арт-каталог Анастасіі Рыдлеўскай. Крыніца: Instagram.com
Галоўная мая мэта зараз — добра зарабляць, каб песціць маю котку Кузю. Мы з мамай аднойчы знайшлі яе яшчэ кацянём: яна ляжала ў полі і проста памірала, у яе нават не было моцы мяўкаць. Мы забралі яе, выхадзілі, і цяпер котка, знойдзеная ў вёсцы Шацк, пераехала ў горад Гданьск. Я хачу, каб мая самая любімая і пяшчотная котка ў свеце жыла сваё найлепшае жыццё і ела найдаражэйшы корм. Такая ў мяне матывацыя.
Д. Г., budzma.org