У маладой мастачкі і яшчэ студэнткі Вікторыі Багдановіч адбылося адразу некалькі праектаў, якія гавораць з гледачом пра беларускае. «Хто ведае, у кагосьці, можа, пачнецца з гэтага свая нейкая ўласная экспедыцыя да тых элементаў і частак культуры, каторыя яны б хацелі спазнаць».
Вікторыя Багдановіч. Фота: @artiskryk
Тыдзень таму ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце адкрылася выстава Вікторыі Багдановіч «Касцюм як душа», прысвечаная інтэрпрэтацыі асаблівасцей беларускага нацыянальнага касцюма. Вікторыя Багдановіч — маладая мастачка, выпускніца мастацкага каледжа імя Ахрэмчыка, студэнтка бакалаўрскай праграмы ЕГУ «Візуальны дызайн», удзельніца міжнародных выстаў і мастацкіх рэзідэнцый у Беларусі, Літве, Польшчы, Германіі, Нідэрландах, Аўстрыі, Францыі і Люксембургу.
Падчас адкрыцця выставы. Фота з асабістага архіву Вікторыі Багдановіч
Акрамя персанальнай выставы, Вікторыя Багдановіч зрабіла яшчэ шэраг цікавых праектаў, пра якія партал Budzma.org пагаварыў з мастачкай. Вікторыя распавяла, з чаго пачалося захапленне нацыянальнымі строямі, чаму менавіта Палессю прысвечана выстава малюнкаў, а таксама пра асаблівасці ейнага альбома «Наша крыжаванка» і аўтарскае адзенне з «хуліганскага» лёну.
Падчас адкрыцця выставы. Фота з асабістага архіву Вікторыі Багдановіч
— Вікторыя, пачнём з серыі малюнкаў, выстаўленых у ЕГУ. Вы адмыслова ездзілі на Палессе ў пошуках гэтых строяў?
— Насамрэч не. Пачалося ўсё пасля таго, як Маша Мароз запрасіла мяне ў экспедыцыю ў Давыд-Гарадок на свята «Конікі». Гэта традыцыя тут захавалася — яе не прыйшлося аднаўляць. І мы завіталі ў вёску Цераблічы, дзе добрыя жанчыны апранулі нас у сапраўдныя, арыгінальныя касцюмы. Я была вельмі здзіўленая, то-бок я ведала, што гэтыя касцюмы адрозніваюцца ад традыцыйнага спалучэння чырвонага арнаменту на белым фоне, але тое, што яны настолькі стракатыя, яркія, што ў іх кожны элемент называецца сваім словам, гэта было мне не вядома. У гэтых строях бачны характар. Нездарма пасля мовы народны касцюм — найважнейшая этнічная прыкмета.
Гэтыя колеры мяне так захапілі, што я, калі можна было з кімсьці адправіцца ў экспедыцыю, адразу і выпраўлялася. Адначасова пачала для сябе адкрываць і нашых этнографаў. Найбольш, вядома, паўплываў Міхась Раманюк і яго кніга «Беларускія народныя строі» (славуты беларускі этнограф, прафесар Міхась Раманюк правёў дзясяткі этнаграфічных экспедыцый, плёнам якіх сталі больш за 130 рэканструкцый традыцыйных строяў беларусаў — рэд.).
Частка маіх малюнкаў з’явілася насамрэч пад уплывам гэтай кнігі, я інтэрпрэтавала ў сваёй манеры ілюстрацыі з яе. Бо кніга — гэта быццам зачараваны скарб, яе трэба спачатку знайсці, пасля адкрыць і праглядзець. Аказалася, што ён ужо рабіў гэтую працу — занатоўваў кожную дэталь не толькі ў фотаздымках, але і ў малюнках, я пабачыла гэтыя малюнкі на выставе «Жаночы род» у Мінску. У сваіх малюнках я захоўваю формы і колер, але тут больш ідзе пра маю мастацкую мову і сродкі, якімі я выражаю гэтае захапленне, прыгажосць колераў, гармонію. Праз кожны строй нешта сваё кожны раз адчуваецца — і гэта бачна. Магчыма, праўда, толькі мне так адчуваецца. І яшчэ ў мяне была мэта паглядзець на гэтыя строі ў сучасным стылі. Спадзяюся, у мяне атрымалася.
— Свае назвы для кожнага элементу касцюма?
— Так. Вось у той жа вёсцы Цераблічы кутасікі на ваўняной хусціне называюцца «пупахі». Намітка — палатно, якое мудрагеліста накручваецца на галаву, асабліва заўважны гэты элемент у Тураўскім строі. Гарсэт — тут гэта больш пра такую камізэльку, а не пра звыклае наша разуменне гарсэту.
— Выстава малюнкаў прысвечана Палессю. А іншыя рэгіёны?
— Ну, яны пакуль што больш у планах, бо я такі яшчэ юны экспедытар-пачатковец, яшчэ шмат чаго наперадзе. Калі, дарэчы, была прэзентацыя календара ў «Акадэмкнізе», то мне таксама задалі гэтае пытанне — чаму толькі Палессе ў календары? Бо ў нас жа столькі прыгожых і цікавых раёнаў. Але ўсяму свой час. Проста самым такім для мяне незразумелым і таямнічым рэгіёнам — сама я з Ашмянскага раёна — ёсць Палессе. Дарэчы, падчас экспедыцый заўважыла, што ёсць розніца ва ўспрыняцці гэтай зоны Беларусі ў пінчукоў і берасцейцаў, прыкладам, і беларусаў з іншых рэгіёнаў. Таму мне цікава крыху больш Палессе зразумець і ўліцца.
— Вы ўзгадалі пра аднайменны з выставай каляндар, што выйшаў у выдавецтве «Тэхналогія». Гэта спроба пашырыць аўдыторыю?
— Наконт календара, то я не зусім аматар таго, каб нейкі мастацкі прадмет, каторы мае пэўную вартасць, падаваўся прадуктам не тое, каб сувенірным, хутчэй, пэўным прадуктам спажывання. Я называю гэты каляндар кампрамісам, бо гэта я больш-менш маю нейкае ўяўленне пра беларускі строй, і я ў гэтым свеце жыву, а тут гаворка пра масавы прадукт.
Але агулам гэта нядрэнная справа, калі вось такім чынам нешта друкуюць, каб папулярызаваць — асабліва сёння ў Беларусі — разуменне альбо проста ўяўленне пра беларускі строй. І хто ведае, у кагосьці можа пачнецца з гэтага свая нейкая ўласная экспедыцыя да тых элементаў і частак культуры, каторыя яны б хацелі спазнаць.
І мне вельмі прыемна, калі гэты каляндар дораць, напрыклад, дзеці сваім бацькам, бо ён так цікава ўбудоўваецца — праз тое, што ён на белым фоне — у розныя інтэр’еры вясковыя ці калявясковыя. І так, гэта працуе не толькі на распаўсюджанне майго імя, бо, скажам, гэта не каляндар з цэтлікамі кока-колы альбо кшталту такога. У ім ёсць пэўная каштоўнасць, мне падаецца, у такі цяперашні час гэта тое, што мае права на існаванне.
— І яшчэ ж у вас выйшаўальбом «Наша крыжаванка» ...
— Увогуле адным гэтым буклетам атрымалася забіць трох зайцоў. Бо тут ёсць і прыклад самых такіх распаўсюджаных арнаментаў у беларускім народным ткацтве — у посцілках, дыванах, кілімах і гэтак далей. На сямі крыжаванках — самыя распаўсюджаныя ўзоры, яны таксама ўзятыя з абсалютна рэальных прыкладаў, ільвы, птушкі, проста арнаменты. І ў іх яшчэ ўбудаваная даволі немудрагелістая крыжаванка, у якую, у сваю чаргу, убудаваныя такія словы, людзі, з’явы, каторыя мне самой вельмі блізкія. Зараз будзе спойлер.
Напрыклад, да мяне не так даўна прыйшло разуменне таго, што слова «вырай» не мае эквіваленту ў рускай мове — у іх птушкі ляцяць «на юг» і «в теплые края». І я хацела звярнуць таксама на гэта ўвагу — як прыгожа, што птушкі ляцяць у нас ледзьве не ў рай, бо вырай — ён мае агульнае з раем (паводле самай распаўсюджанай гіпотэзы паходзіць ад «Iрай», ва ўсходнеславянскай міфалогіі гэта старажытная назва раю і райскага сусветнага дрэва — рэд.).
І вось так атрымалася стварыць такую крыжаванку. Гэта было даволі цяжка, бо магло спатрэбіцца, напрыклад, слова з пяці літар, трэцяя з іх «г» — і што хочаш рабі, альбо ўсё змяняй, альбо знайдзі новае. Вядома, там ёсць невялікія недахопы, але асноўны недахоп — гэта тое, што яна не такая вялікая, як мне хацелася б. Але гэта добрая матывацыя на наступныя падобныя працы.
— Ведаю, што ў вас яшчэ ёсць праект Left hand made clothes, аўтарскага адзення з лёну. Як з ім зараз справы?
— Ён пачаўся з таго, што я ўжо даўно — з падлеткавых часоў — вельмі люблю лён як матэрыял. Але ў нас ёсць такі стэрэатып, што лён мнецца, што ён непрактычны, што гэта непрыгожы матэрыял. А вось у мяне ў сям’і наадварот, нават ёсць такая прыказка, што лён у спёку астуджае, а ў холад сагравае. Усё пачалося вельмі проста, з таго, што мне вельмі хацелася пэўную блузку ці сукенку, а я не магла іх знайсці. Адзіным выйсцем было зрабіць самой. Дзесьці там у майго дзядулі валяўся агромністы, ледзь не прамысловага маштабу рулон белай тканіны, і я на ёй практыкавалася — з дапамогай сябровак, людзей, каторыя шыюць. Потым людзі пачалі паціху цікавіцца гэтымі маімі рэчамі. У выніку я нават юрыдычна аформіла гэтую справу, падаткі і іншае. Цяпер, што праўда, больш рэдка займаюся гэтым праектам, бо з’явіліся іншыя шляхі занятку, ды й заробку. Але бывае, што шыю на замову альбо проста прыдумляю нейкі дызайн, каторы мне самой вельмі прыемны.
Фота: @pennyroyal_teeaa
Увогуле гэта пра лён і пра такі — хуліганскі лён. Каб можна было ў гэтай сукенцы ехаць поўдня ў цягніку, пасля завітаць на вяселле сяброў, пасля яшчэ, прыкладам, і ў возеры пакупацца, абсохнуць, пайсці далей і выглядаць цудоўна.
Лён — мяты, аб’ёмны. Такім чынам я стараюся падбіраць і фасоны. Лёну пасуе оверсайз, складкі-зборкі. І яшчэ мне падабаецца, як усе рэчы між сабой спалучаюцца. У мяне неяк не склалася з часам, каб усё дэтальна адфатаграфаваць, альбо зрабіць калекцыю, каб людзі маглі прыйсці і ўсё памераць. Усё гэта раблю сама, у мяне ёсць таксама прафесійная швачка, каторая робіць за паўгадзіны тое, што я раблю за дзве. Не ведаю, адкуль у мяне гэта ўзялося, але аказалася, што ў мяне і па мамінай, і па татавай лініі былі ў радаводзе нейкія краўцы і швачкі. Я веру, што бываюць такія нейкія сувязі — можа быць, гэта адтуль усё.
Фота: @filmcamerajoy
Ну а вось тое, што фатографы і я таксама здымаю гэта ўсё на фотастужку — гэта таму, што добра перадае той настрой, каторы я і хачу ствараць, каторы хачу, каб адчувалі людзі, што апранаюць мае вырабы.
— Традыцыйнае пытанне пра далейшыя планы. Працягнеце даследаванні беларускіх строяў?
— У тым ліку, спадзяюся. На гэты год у мяне мэта праілюстраваць кнігу, бо як ніколі чамусьці я адчуваю да гэтага нейкае натхненне. Была на выставе ілюстрацый Марка Шагала да «Мёртвых душ» Гогаля. Хоць я не аматар гэтага твора, але гэта выдатна выглядае графічна. Я завяршаю адукацыю ў гэтым годзе, таму спадзяюся зрабіць тыя праекты, якія назапасіліся, на каторыя ў мяне не было сродкаў і асабліва сродкаў часу. Ды і каманды. Бо яна спатрэбіцца — мозг пачаў мысліць нейкай інсталяцыяй, нечым аб’ёмным, і вельмі хочацца паспрабаваць гэта, зразумець, як гэта. І ёсць натхненне на гэта — зрабіць нешта больш маштабнае.
Рыгор Сапежынскі, budzma.org