У рамках праекта «Здароўе пачынаецца з усмешкі» мастакі з Мінска і Брэста ўпрыгожылі вясёлым малюнкам гульнявы пакой у ЛОР-аддзяленні.
Цяпер у памяшканні кругласуткава будуць свяціць велізарнае сонца і шумець лісцем дрэвы. Праект «Здароўе пачынаецца з усмешкі» нарадзіўся ў верасні гэтага года ў выніку конкурсу Social Weekend. Гэта конкурс сацыяльных ініцыятываў, які праводзіцца ў Мінску двойчы ў год. Любая каманда, аб’яднанне або асобны індывід могуць падаць свой праект, які будзе садзейнічаць вырашэнню якой-небудзь праблемы, – распавяла дырэктар Брэсцкага мясцовага фонду рэгіянальнага развіцця Алена Буднік. – Мы прадставілі наш праект, накіраваны на тое, каб у ЛОР-аддзяленні дзіцячай абласной бальніцы атмасфера стала больш добрай, якая б дапамагала дзецям хутчэй акрыяць».
Да серады 10 снежня сцены ў гульнявым пакоі былі выфарбаваныя ў светла-жоўты колер. Зараз на іх размясціліся дрэвы і дамы з рознакаляровымі стрэхамі. Прычым да пачатку працы ў валанцёраў быў толькі папярэдні эскіз, створаны вулічным мастаком Яўгенам Ковекам, які спецыяльна прыехаў з Мінска. Многія дэталі прыдумлялі ў працэсе. Далучыліся да праекта і мясцовыя валанцёры, напрыклад, мастачка Марыя Рэдзька.
Аднак роспіс сцен – толькі першы этап работы. «Мы заклалі ў праект абсталяванне дзіцячага пакоя, плануем купіць тэлевізар, новую мэблю, цацкі. Прычым з часам праект набірае ўсё больш сяброў, якія хочуць у ім паўдзельнічаць», – адзначыла Алена Буднік. Так, цацкі і кнігі для гульнявога пакоя пагадзіўся купіць брэсцкі дабрачынны фонд «Новае пакаленне», а грошы на куплю тэлевізара пералічыў дабрачынны аўкцыён сустрэч «МаеСэнс».
«У абласной бальніцы тры гульнявыя пакоі. Мы вырашылі пачаць з ЛОР-аддзялення, але спадзяемся, што бізнес і валанцёры адрэагуюць і працягнуць праект. Бо 4-гадоваму дзіцяці (а пасля 3 гадоў з мамамі не кладуць) цяжка знаходзіцца ў бальніцы. Бегаць па калідорах строга забаронена, у палаце 5 чалавек. Гэта значыць для дзяцей было б выдатнай аддушынай месца, дзе можна памаляваць, паглядзець мульцікі, пачытаць цікавыя кнігі».
Таццяна Гапеева, Брэсцкая газета