2 жніўня з ініцыятывы Беларускага інстытуту навукі і мастацтва ў партнёрстве са Згуртаваннем беларусаў свету “Бацькаўшчына” і кампаніі “Будзьма беларусамі” ў в. Лужкі Шаркаўшчынскага раёну Віцебскай вобласці адбудзецца прэзентацыя кнігі беларуса-эмігранта Васіля Стомы (1911—1992) “Маё мястэчка”, што сёлета пабачыла свет у серыі “Беларуская мемуарная бібліятэка” выдавецтва “Лімарыус”.
Упершыню выдадзеныя ў поўным варыянце ўспаміны гэтага эміграцыйнага дзеяча адлюстроўваюць непаўторны свет заходнебеларускага мястэчка Лужкі, дзе прайшло дзяцінства аўтара. У кнізе можна знайсьці маляўнічы, поўны дэталяў і гумару аповед пра вуліцы, будынкі, жыхароў, звычаі местачкоўцаў.
У імпрэзе будуць браць удзел рэдактары выдання Наталля Гардзіенка і Зміцер Саўка, а таксама жыхары Лужкаў, што падзеляцца ўспамінамі пра аўтара і ўражаннямі ад кнігі. Спецыяльна запрошаны на імпрэзу госць — бард Алесь Камоцкі.
Тэгі: Шаркаўшчына