Памідоры, слівы і геапалітыка: чаму мы — дарослыя — баімся сказаць «не ведаю»

11.12.2025
«Ці ёсць у вас рэчы, у якіх вы настолькі ўпэўненыя, што гатовыя ў спрэчцы паставіць на кон самае дарагое? У мяне — не, бо напраўду я амаль нічога не ведаю». Марыя Грыц разважае пра тое, чаму ў нашым грамадстве лічыцца, што не ведаць — сорамна, і што з гэтым рабіць.

Maryia-Hryts-03.JPG
Марыя Грыц. Фота з асабістага архіва

На працягу жыцця не раз чула фразы кшталту:

«Ты што, не ведала, што мацярынства — гэта цяжка?»

«Ты што, не ведала, што калі купляеш кватэру за горадам, там не будзе паліклінікі?»

«Ты што, не ведала, што пасля ўкусу кляшча не п’юць антыбіётыкі, каб бачыць сімптомы?»

«Ты што, не ведала, што эміграцыя — гэта талерка з іржавымі цвікамі на сняданак?»

«Ты што, не ведала, што выгаранне не лечыцца тыднёвым адпачынкам?»

«Ты што, не ведала, што ў 40 позна фантазіраваць, кім ты станеш, калі вырасцеш?»

А я сапраўды не ведала. Бо адкуль?

У антычнасці была прыгожая ідэя: вывучыць усе навукі. Але тады «ўсе навукі» сапраўды маглі змясціцца ў галаве. Цяпер разбірацца ў адной галіне можна 30 гадоў — і ўсё роўна нешта застанецца не даследаваным.

Жыццё ж тым часам падкідвае такія выклікі, што і ста год не хопіць, каб агораць базу. Вось бы была школа, дзе ў канцы выдавалі сертыфікат «умею жыць». Але школа вучыць іншаму, універсітэт — вучыць вучыцца, а ўменне жыць нам выдае... толькі жыццё.

І вось стаіш ты пасярэдзіне нідзе, сутыкнуўшыся з сітуацыяй, пра існаванне якой учора нават не здагадвалася, і пачынаеш уласны шлях праз новае-спрадвечнае.

З 2020 года мы ўсе авалодалі вельмі спецыфічнымі ведамі:

— як збіраць перадачы ў турму;
— якія дакументы абнаўляць загадзя;
— як вывучыць мову і прафесію нанова;
— як жыць у новых, кардынальна іншых абставінах;
— як гаварыць так, каб цябе зразумеў толькі адзін чалавек;
— і што казаць, каб потым не стала горш.

Мы навучыліся гэтаму, бо давялося. Але гэтага ўсё адно мала, каб ведаць усё.

Нядаўна я трапіла на трэд, дзе дзяўчына апісала няўдалыя стасункі. І адразу прыйшлі эксперты\кі з любімым: «Як жа ты не ведала?». А яна адказала: «Я сапраўды не ведала». Аўтарка трэду так годна адстойвала сваё права не ведаць, што я ўсцешылася да слёз.

Malunak Andrusia Takindanha
У грамадстве не ведаць — сорамна. Малюнак Андруся Такінданга

Бо ў грамадстве не ведаць — сорамна. Маўляў, дарослы павінен мець думку па ўсім спектры сусветных пытанняў: ад геапалітыкі да замены батарэек у дзіцячай цаццы.
А ці гэта магчыма?

Я калісьці здымала стрыттокі і ведаю, як гэта працуе. Ідзе чалавек з крамы, нясе памідоры і слівы дадому, думае пра выбітую дзецьмі шыбу і што ў ногі халодна, а тут я з мікрафонам: «Што вы думаеце наконт магчымасці аддзялення Магілёўскай вобласці?». І трэба ж нешта выдаць, хутка ўцяміць і распавесці сваю пазіцыю, якой да гэтага пытання магло і не быць! Мне ні разу не сказалі «я не ведаю». Некаторыя праходзілі міма, некаторыя на хаду прыдумлялі, што яны думаюць. Карацей, не ведаць у грамадстве сорамна, але, як па мне, цалкам натуральна. 

Гэтай восенню я трапіла ў складаную этычную сітуацыю, абмяркоўвала яе са знаёмай, і яна мяне запытала нешта накшталт: «Ты ж старэйшая за мяне, ведаеш, як з гэтым правільна парадзіць?». Мая ты дарагая дзяўчынка, я таксама жыву гэтае жыццё ўпершыню, а інструкцый нам не далі ні ў 80-я, ні ў 90-я, ні ў 2000-я, ні пасля, ні раней.

Сёлета я, напрыклад, даведалася пра існаванне пыльніка шруса. Доўга думала, што сябры мяне дураць, калі пра яго распавядаюць. Аказалася — не. Больш за тое, я цяпер тэарэтычна магу яго памяняць (хаця лепей бы не).

І ведаеце што? Быць дарослым — вучыцца ўсё жыццё і не баяцца прызнавацца ў няведанні. Гэта не недахоп, а прыкмета здаровага, таго самага adulting. Нават калі побач з табой нейкі adult pro max — нічога страшнага, ты альбо самастойна парадзіш з новым навыкам, альбо проста распытаеш гэтага больш дарослага дарослага.

Марыя Грыц, Budzma.org

*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org