Ці паверыце вы лектару, які распавядае пра шкоду спажываньня мяса і адначасова грызе сьвіную нагу? Ці прыслухаецеся вы да павучаньняў кіроўцы, які тысячу разоў трапляў у аварыі? Хай нават і тэзысы што ў сьвінагрыза, што ў аварыйніка самыя што ні на ёсьць слушныя і добрыя — прыслухаецеся? А чаму не? У сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл» Валера Руселік тлумачыць, што ня так з заклікамі размаўляць па-беларуску з вуснаў тых, каму на гэтую мову — у найлепшым выпадку — глыбока пляваць.
Як чалавеку, які ня паліць, мне заўжды — на эмацыйным узроўні — было незразумела, як хтосьці ня можа кінуць гэтую згубную звычку. Навукова — мне ўсё зразумела: атрымліваючы нікатын, арганізм перастае выпрацоўваць ацэтылхалін, адказны за перадачу нэрвовых імпульсаў, і калі ў нейкі момант пазбавіць арганізм нікатыну (кінуць паліць), то курца пачынае няслаба гэтак каўбасіць.
Але эмацыйна — не разумею. Ну ведаеш ты, што цыгарэты нясуць табе шкоду, хочаш кінуць паліць — дык вазьмі і кінь! Папросту не палі! Не ный і не палі!
Ну, альбо вось яшчэ.
Ну, альбо вось яшчэ. Як чалавек беларускамоўны, які самастойна перайшоў на родную мову ў 15-гадовым узросьце, аніяк не магу зразумець (зноўку ж — на эмацыйным узроўні), калі хтосьці знаходзіць стопіццот прычынаў, абы толькі не размаўляць па-беларуску. Рацыянальна — усё разумею: няма звычкі, затое ёсьць страх, што іншыя не зразумеюць гэткага кроку й пачнуць кпіць і г.д. Але эмацыйна — не разумею. Ну, усьведамляеш ты важнасьць выкарыстоўваньня роднае мовы — дык размаўляй! Насамрэч усім глыбока пляваць, на якой ты мове гаворыш — абы чалавек быў добры. Прызвычаяцца, не пераймайся. Яшчэ і камплімэнтаў нагавораць, вось пабачыш!
Між тым для тых, каму цяжка што-колечы зрабіць: кінуць паліць цыгарэты, заняцца спортам, вывучыць замежную мову альбо перайсьці на родную і г. д. — ёсьць безьліч параднікаў, рэкамэндацыяў, лайфхакаў, інструкцыяў, дапаможнікаў.
Усё рэальна. Абы была ахвота!
Акцыя «Размаўляй са мной па-беларуску» ў цэнтральнай бібліятэцы Пінску (2023 г.). Фота pinsklib.by
Да прыкладу, каб перайсьці на родную мову, можна скарыстацца шматлікімі парадамі ад тых, хто гэта ўжо зрабіў — у тым ліку маімі. Таксама ёсьць неўміручая парада ад Алега Трусава, аднаго з заснавальнікаў Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны: «Лупіце на трасянцы!».
Урэшце, можна папросту ўзяць у штодзённы ўжытак нейкія паасобныя беларускія слоўцы накшталт «дзякуй» ці «вітаю» альбо хаця б далучыцца да штогадовае акцыі «Размаўляй са мной па-беларуску», прымеркаванай да Міжнароднага дня роднае мовы.. Адзін дзень на год. Адзін дзень на месяц. Адзін дзень на тыдзень. Адзін дзень на...
Была б ахвота.
Афіша акцыі «Кожная пятніца — роднае, сваё!», абвешчанай МАРГ. Фота: t.me/@mart_gov_by
А вось, дарэчы, і Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю напярэдадні запусьціла акцыю «Кожная пятніца — роднае, сваё!». У гэты дзень ведамства заклікае беларусаў купляць мясцовыя прадукты, апранацца і абувацца ў айчыннае, чытаць беларускую літаратуру і слухаць беларускую музыку.
Выдатны ж заклік, праўда?
Але чамусьці ад яго робіцца ніякавата. Цікава, чаму... Можа, таму што пра акцыю намесьнік міністра Алег Дзікун абвесьціў ... па-расейску? Што ж гэта ў вас, Алег Уладзімеравіч, язык не павярнуўся, каб хаця б па паперцы прадэманстраваць тое, да чаго заклікаеце іншых? Няўжо ж вы ня ведаеце, што найлепшая агітацыя — уласны прыклад?
А можа, усё таму што ня толькі Алег Дзікун, але і ўсё ягонае міністэрства ігнаруе ўласныя ж заклікі? На сайце МАРГ галоўная старонка адкрываецца выключна па-расейску — бяз опцыі выбару мовы інтэрфэйсу. Штопраўда, з дапамогаю некаторых маніпуляцыяў беларускую вэрсію старонкі знайсьці можна. Але і там — нейкая суцэльная недарэчнасьць: у стужцы навінаў беларускамоўныя... толькі загалоўкі, усе тэксты — зноўку ж па-расейску і зноўку ж без магчымасьці зьмяніць мову.
Сайт МАРТ: у беларускамоўнай вэрсіі па-беларуску — толькі загалоўкі, якія яшчэ трэба неяк адшукаць. Усе тэксты — па-расейску.
І штосьці мне падказвае, што ў акцыі, абвешчанай МАРГ, галоўнае — зусім ня родная мова. Дзеля галачкі можна па-расейску сказаць пару разоў: «Разговаривайте иногда (!) на беларусском» — і годзе! Галоўнае — каб... куплялі беларускае! Бінга! Ну бо склады з напрадукаванай непатрэбшчынай самыя сябе не разгрузяць — давайце, беларусікі, выцягвайце свае гаманцы, выварочвайце кішэні! Или вы родину не любите?!? Не патриоты?!?
Альбо вы думаеце, што колішні сакратар БРСМ Алег Дзікун ня ведае, што сапраўдны патрыятызм — гэта не размаўляць па-беларуску, ведаць сваю гісторыю і культуру, шанаваць продкаў і дбаць пра незалежнасьць роднага Краю, а «слушать батьку», хадзіць шыхтом на парадах і церабіць даўгунец на СССР?
Ага, як жа ж.
І гэта я яшчэ маўчу пра тое, што заклікі шанаваць родную мову з вуснаў служкаў рэжыму, які гэтую мову дзесяцігодзьдзямі зьнішчае — як і ўсё беларускае наагул, хапае беларускамоўных на вуліцы і катуе беларускамоўных палітвязьняў — гэткія заклікі гучаць ня йнакш як вяршыня крывадушша. Хто ж ім паверыць?
Валера Руселік. Фота з асабістага архіву аўтара
Зрэшты, як бы там ні было, але вяртацца да роднае мовы, безумоўна, варта. Паверце мне, беларускамоўнаму большую частку свайго жыцьця бацьку цудоўнага беларускамоўнага ад нараджэньня хлопца.
Дарэчы, ведаце, як выхаваць па-беларуску сваё дзіцё? Галоўнае — зусім ня тое, каб аддаць яго ў беларускамоўную школку ці змусіць праслухаць усе заклікі да беларускамоўнасьці з самых высокіх трыбунаў.
Насамрэч дастаткова аднаго — папросту размаўляць са сваім дзіцём па-беларуску. Каб ваш сын ці вашая дачка бачылі, што тата і мама — самыя дарагія й важныя людзі ў іх дзіцячым сьвеце — гавораць на гэтай цудоўнай мове. Не напаказ і не на публіку, а дома, калі віншуюць з добрай ацэнкай у школе альбо шэпчуць на вушка «дабранач».Насамрэч дастаткова аднаго — папросту размаўляць са сваім дзіцём па-беларуску. Каб ваш сын ці вашая дачка бачылі, што тата і мама — самыя дарагія й важныя людзі ў іх дзіцячым сьвеце — гавораць на гэтай цудоўнай мове. Не напаказ і не на публіку, а дома, калі віншуюць з добрай ацэнкай у школе альбо шэпчуць на вушка «дабранач».
Каб бачылі, як па-беларуску прамаўляе Любоў.
Валера Руселік, Budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org