Знаходка археолагаў яшчэ нават ззяе і ствараецца адчуванне, што яго паклалі ў зямлю толькі «ўчора». Пра гэта піша выданне The Guardian.
Даследчыкі праводзілі раскопкі ў месцы паміж Нюрнбергам і Штутгартам, калі зрабілі дзіўнае адкрыццё.
Спецыялісты Баварскага Дзяржаўнага ўпраўлення па захаванні гістарычных помнікаў выявілі бронзавы меч. Здавалася б, што ў гэтым няма нічога асаблівага, аднак артэфакт датуецца 14 стагоддзем да нашай эры, а яшчэ ён захаваўся проста ў ідэальным стане. Знаходка яшчэ нават ззяе і ствараецца адчуванне, што ў зямлю яго змясцілі толькі «ўчора».
Знаходзіўся прадмет у месцы пахавання трох чалавек — мужчыны, жанчыны і дзіцяці. Навукоўцы пакуль не гатовыя адказаць, ці звязаныя гэтыя трое адзін з адным і калі так, то як. Археолагі адзначаюць, што месца выяўлення артэфакта яшчэ трэба будзе вывучыць.