Штотыдзень па адной імпрэзе, прысвечанай класічным і сучасным аўтарам. Месяц польскай літаратуры распачаўся ў кнігарні «логвінаЎ» адкрыццём «польскай шафы» і выступам Змітра Вайцюшкевіча.
Пра польскія бэстсэлеры, якімі заставілі вялікую шафу, казалі як пра неверагодную ўсёдазволенасць у межах адной кнігарні. «Цяпер у самым цэнтры Мінска абсалютна легальна не толькі дасведчаны філолаг-паланіст, але і абсалютна любы наведнік можа зайсці і купіць польскую кнігу», — паведаміў кіраўнік ПЭН-цэнтра Андрэй Хадановіч. Пра дэфіцыт кніг на польскай мове расказаў таксама амбасадар Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка: «Я не разумеў, чаму ў Мінску нельга прадаваць польскія кнігі. Мне казалі, што для гэтага павіннае быць рашэнне на ўзроўні міністэрства і нейкі міжнародны абмен паміж кнігарнямі. Але няясна, хто з кім павінен абменьвацца, бо ў Польшчы ж няма дзяржаўных кнігарняў». Ён дадаў, што з’яўленне польскай літаратуры ў шафе прыватнай крамы трэба разглядаць як культурную з’яву і камерцыйны поспех, бо яна будзе запатрабаваная не толькі супольнасцю палякаў, што налічвае каля 300 тысяч, але і беларускімі інтэлектуаламі, якія ведаюць мову краіны-суседкі. «Я паважаю працу перакладчыкаў, але кніга ў перакладзе, нават конгеніяльным — ужо не тая, што ў арыгінале, — сказаў Лешак Шарэпка. — Польскую літаратуру трэба чытаць па-польску, калі вы хочаце адчуць яе напоўніцу».
Асартымент шафы сапраўды дае магчымасць спазнаць польскую літаратуру ва ўсіх яе праявах — ад тоўстага тома паэзіі Віславы Шымборскай і дыска з яе голасам да кніг Януша Вішнеўскага з разбэшчанымі каханкамі на вокладцы. Дарэчы, у канцы года, паводле словаў Андрэя Хадановіча, пабачыць свет кніга беларускіх перакладаў Шымборскай, якая будзе таўсцейшая за польскую, бо пад адной вокладкай змесцяцца ўсе тэксты паэткі-набелісткі.
Апроч таго, на паліцах кнігарні на мове арыгіналу цяпер можна знайсці, напрыклад, кнігі класіка рэпартажу Рышарда Капусцінскага і вядомай сучаснай аўтаркі Вольгі Такарчук, скандальную прозу Дароты Маслоўскай і дыхтоўныя дзіцячыя выданні ды многае іншае.
Якія сустрэчы абяцае знаўцам польскай мовы і аматарам перакладнога чытва Месяц польскай літаратуры? Імпрэзы гэтым разам выйдуць за межы кнігарні «логвінаЎ» і ахопяць розныя пляцоўкі.
Бадай, самае цікавае адбудзецца ў наступны аўторак, 8 кастрычніка. Перад наведнікамі кнігарні ў сваёй гіпнатычна-заварожвальнай манеры выступіць жывы класік польскай і ўвогуле еўрапейскай паэзіі Рышард Крыніцкі, а таксама будзе прэзентаваны зборнік яго вершаў «Дакрануцца» ў перакладзе Андрэя Хадановіча.
15 кастрычніка ў выставачным цэнтры Акадэміі навук (Сурганава, 15) адкрыецца кніжная выстава, прысвечаная выбітнаму польскаму паэту Юльяну Тувіму, дзе можна будзе знайсці творы класіка ў арыгінале і перакладах.
22 кастрычніка дзеянне перанясецца на рэпетыцыйную сцэну Купалаўскага тэатра. Перакладчыкі Марыя Мартысевіч і Андрэй Хадановіч спачатку раскажуць пра свае прафесійныя прыгоды, звязаныя з перастварэннем твора Аляксандра Фрэдры «Помста», пасля чаго акторы ўвасобяць самыя яркія кавалкі з камедыі ХІХ стагоддзя.
Скончыцца Месяц польскай літаратуры на сур’ёзнай ноце. 30 кастрычніка ў кнігарні “логвінаЎ” будзе прэзентаваная кніга Марка Эдэльмана і Паўлы Савіцкай “У гета было і каханне” — пра трагічныя падзеі гісторыі Варшавы. Гаворка, якая будзе суправаджацца клезмерскай музыкай, пойдзе і пра мінскае гета.
Аляксандра Дорская