Медыяпрастора, вядома, поўніцца міфамі. Яны ўзнікаюць і самстойна, і праз недасведчанасць, і праз занадта багатую фантазію... Складаюцца з мэтай падвысіць продажы, альбо знізіць аўтарытэт канкурэнтаў. Тры міфы, пра якія пойдзе гаворка, непасрэднага дачынення да Беларусі не маюць — гэты артыкул хутчэй для таго, каб паказаць, наколькі лёгка хлусня, нават невялікая, можа зрабіцца неаспрэчнай ісцінай, якой вераць дзесяцігоддзямі. Не паддавайцеся на маніпуляцыі, і ўсё будзе добра. Альбо не.
Але вернемся да справы. Усе тры папулярныя міфы, пра якія пойдзе гаворка, кажуць пра вялікую карыснасць пэўнага прадукту. У кожнага з іх свая гісторыя. Пачнём.

Амаль кожнага з нас з маленства запэўнівалі: “Еш моркву, яна дапамагае палепшыць зрок!”. Мы з задавальненнем (альбо без) грызлі гэтую моркву, але ў 18-20 гадоў нехта ўсё адно пачаў насіць акуляры. Не, мы не скажам, што зрок пагаршаўся праз ні ў чым не вінаватую гародніну. Справа крыху ў іншым.
Пачалося ўсё ў 1940 годзе. Пасля разгрому Францыі ў траўні-чэрвені 1940 года ў вермахта застаўся хіба адзін сур’ёзны вораг — Вялікабрытанія. Моцнага флоту, каб дабрацца да Брытанскіх выспаў, высадзіць дэсант і прыкрыць гэтую высадку, у Гітлера не было — 14 лінкораў і лінейных крэйсераў Грант-Флінта (не ўлічваючы 7 авіяносцаў) раздзерлі б два лінейныя крэйсеры нацыстаў за хвіліну. Таму давялося спадзявацца на “доўгую руку” — авіяцыю. Толькі раздушыўшы англійскую авіяцыю, разбамбіўшы на выспах аэрадромы і авіязаводы, немцы маглі разлічваць на панаванне ў паветры і праліве Ла-Манш — а там і да высадкі недалёка. Так пачалася паветраная “бітва за Англію”, якую немцы ў выніку прайгралі.
Сярод англійскіх асаў найлепшым быў начны знішчальнік Джон “Кашэчае вока” Канінгем. У лётчыка была ўнікальная здольнасць — выдатны начны зрок. Там, дзе звычайнаму воку даводзілася прыстасоўвацца да цемры, “Кашэчае вока” вёў бой ноччу як днём. Вядома, праз такую перавагу бошаў ён збіваў багата (19 збітых уначы і адзін днём).
І тут у ход пайшоў піяр. Справа ў тым, што лётчыкі на той момант былі сапраўднымі кумірамі дзяцей, амаль што сённяшнія супергероі, таму ўлады ўсіх краін часцяком бессаромна з гэтага карысталіся.
У выніку Джон Канінгем атрымаў велізарную суму ў 200 000 фунтаў стэрлінгаў, а ўрад — права выкарыстоўваць яго твар у рэкламе… варанай морквы. Брытанскім выспам, вакол якіх круціліся нямецкія падводныя лодкі і тапілі ўсё, што плавае, даводзілася выжываць на вельмі беднай пайцы — з пастаўкамі ананасаў, апельсінаў і гранатаў, як вы разумееце, было не надта добра. А вітаміны дзецям былі жыццёва неабходныя. Вось і даводзілася есці моркву, хоць яна ўжо парадкам паспела надакучыць. А тут плакаты пачалі тлумачыць, што той, хто рэгулярна ўжывае “дзявіцу з касой на вуліцы” ў якасці ежы, неадменна атрымае суперздольнасць легендарнага “Кашэчага вока”.
Ды і сам Канінгем, зрэшты, такі круты выключна праз тое, што з апетытам паглынае моркву фунтамі. І, зразумела, хто будзе есці яе, гарантавана зробіцца такім жа героем і ўсіх адолее.
Агітацыйная кампанія была настолькі пераканаўчая, што неўзабаве атрымала шырокі поспех. Дзеці радаваліся і елі моркву. Міф нарадзіўся і жыве па сённяшні дзень. Праўда, сучасным беларускім дзецям, вядома, Джона Канінгема ў прыклад не ставяць — героі Бітвы за Англію ва ўсім свеце крыху страцілі папулярнасць.
Міф пра чарніцы з’явіўся пазней за “маркоўны”, але ўкараніўся глыбей. Калі мэтавай аўдыторыяй расповедаў пра неверагодную карыснасць морквы з’яўляюцца дзеці, дык чарніцы б’юць па мазгах і гаманцы больш дарослай аўдыторыі. Сутнасць міфа зноў-такі сягае каранямі ў рацыён брытанскіх лётчыкаў.
Стваральнікі прэпаратаў і біялагічна актыўных дадаткаў на аснове чарніц ва ўнісон пяюць, што “чарніцы настолькі карысныя для вачэй, што ў Другую сусветную брытанскам лётчыкам выдавалі джэм з чарніц для паляпшэння вастрыні зроку”. Праўда, аніякага джэму пілоты не атрымоўвалі — хіба калі камусьці маці дасылала. Прычынай жа ўзнікнення міфа пра чарніцы стаў кароткахвалёвы радар.
У 1943 годзе нямецкія падводныя лодкі, што тапілі раней усё жывое, пацішэлі. На паляванне “ваўкі Дзёніца” выходзілі пераважна ўначы. Каб засекчы іх, патрабаваўся радар, а радары, што былі ў саюзнікаў, “засякаліся” прыборамі немцаў. Выйсцем было выкарыстанне кароткахвалёвага радара, але ён быў да пэўнага часу завялікі, каб яго можна было запхнуць у самалёт. А ў 1943 годзе ў ангельцаў нарэшце атрымалася — у паветра падняліся бамбавікі, якія неслі кароткахвалёвыя радары. Для нямецкіх падводных асаў прышоў нялёгкі час — самалёт здалёк заўважаў лодку радарам, пікіраваў на яе з выключаным маторам, з блізкай адлегласці асвятляў пражэктарам і тапіў, не даючы ані збегчы, ані пайсці пад ваду, ані адстраляцца. І колькасць нямецкіх падводных лодак меншала на адну.
У штабе галоўнакамандуючага Крыгсмарыне Карла Дзёніца забегалі — страты падлодак пачалі перавышаць дапушчальныя, а прычына была невядомая. Зразумела, англічане разумелі, што германская выведка будзе імкнуцца дакапацца да прычыны. І падкінулі немцам праз агентуру выдатную дэзінфармацыю. Згодна з “зусім сакрэтнымі звесткамі”, англійскія лётчыкі так выдатна тапілі лодкі праз тое, што пачалі лепей бачыць у цемры. А так бачыць у цемры яны пачалі таму… правільна, што масава елі чарніцы і прадукты з іх.
Немцы дэзінфармацыю “з’елі” без пярэчанняў. А пасля вайны ўвесь свет рушыў за імі ўслед. Між іншага, шкоды вачам чарніцы не прынясуць. Але ж і зрок не палепшыцца.
Наступны міф, здаецца, самы бясшкодны са згаданых. Справа ў тым, што шпінат, незалежна ад ад прысутнасці ці адсутнасці ў ім жалеза, — дастаткова карысны і смачны.Таму яго продаж не надта адпавядае “ўцюхванню” цудадзейных і чароўных біядадаткаў. Тым не менш…
Напрыканцы ХІХ стагоддзя швейцарскі навуковец-біёлаг Густаў фон Бунге (паводле іншай версіі — нейкі амерыканскі даследчык) вывучаў шпінат на прадмет прысутнасці ў ім карысных рэчываў.
Вынікі ўзрушылі навуковую супольнасць — у шпінаце ўтрыманне жалеза было ў дзесяць разоў большым, чым у любым іншым прадукце. То бок аніякае малакроўе больш не страшнае — еш шпінат і будзь здаровы! На дапамогу ізноў-такі з’явілася рэклама — але ўжо не ў абліччы прымітыўных плакатаў з прапагандай, а ў вобразе мультыплікацыйнага марачка Папая, які банкамі глытае шпінат, пасля чаго масава перамагае ворагаў і ачмурае прынцэс. А калі захоча, дык і наадварот. Магчымасці-та шпінату — бязмежныя.
Помнік Папаю ў Чэстэры, ЗША
Дакладна невядома, дзе была дапушчаная памылка ў разліках навукоўца. Паводле адной версіі, сакратар, запісваючы ўтрыманне жалеза ў шпінаце, памыліўся знакам пасля коскі і злёгку павялічыў утрыманне жалеза — у 10 разоў. Паводле другой, эксперымент праводзілі з сухім шпінатам (у свежым прадукце 90 працэнтаў вады, а без яе канцэнтрацыя жалеза павялічваецца ў тыя жа 10 разоў).
Міф быў аспрэчаны яшчэ ў далёкім 1937 годзе, але з невядомай прычыны да шырокай публікі доказы дайшлі толькі ў 1981 годзе. Колькі грошай за гэты час было “зроблена” прадаўцамі “жалезнага шпінату”, можна толькі здагадвацца. Аднак яшчэ раз абмовімся: нават без павышанай канцэнтрацыі жалеза шпінат — цалкам прывабны прадукт, так што набываць яго працягнулі і пасля выкрыцця.
Аля Ерашэнка, budzma.org