Лятучы ўніверсітэт запрашае 13 лютага на лекцыю Міхаіла Баярына “ІГНАТ АБДЗІРАЛОВІЧ. ЗАПАВЕТ ЛІЮЧАЙСЯ ФОРМЫ”. Лекцыя адбудзецца ў межах цыкла, прысвечанага Ігнату Абдзіраловічу, які ладзіць Лятучы ўніверсітэт пры падтрымцы грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі” і курсаў беларускай мовы “Мова Нанова”.
Часткай культуры з’яўляюцца запаветы – узоры будучыні. Айцы-пачынальнікі беларускага праекту ўяўлялі сабе розныя вобразы Беларусі. І калі накласці іх як трафарэты на сучаснасць, можна ўбачыць, што яны збольшага завершаныя, мэты дасягнутыя.
Гэта значыць, што беларускі час завяршаецца і патрабуе ўзнаўлення. Калі ж скончыцца эмоцыя самасці, з якой паўставаў беларускі праект, нас чакае нармалізацыя, эўрапейскі стандарт. І няма, мабыць, большага здзеку з эўрапейскай першаснасці і самасці, чым гэтая самакаланізацыя.
Нам належыць узнавіць беларускі час. Перастварыць мову, пераўявіць краіну. І тады мы ўзгадваем пра яшчэ адзін узор Беларусі, які здаваўся раней нямысным і немагчымым. Запавет ліючайся формы Ігната Абдзіраловіча – гэта ідэя, вартая быць марай нашага тысячагоддзя.
13 лютага ў межах цыкла лекцый, прысвечаных спадчыне Ігната Абдзіраловіча, Лятучы ўніверсітэт пры падтрымцы грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі” і курсаў беларускай мовы “Мова Нанова” запрашае на лекцыю філосафа, паэта, перакладчыка Міхаіла Баярына «Запавет ліючайся формы». Лекцыя адбудзецца ў маладзечанскай прыватнай гасцёўні (Маладзечна, вул Чыстая, 26). Пачатак а 16.00. Уваход вольны!
Відэазапісы папярэдніх лекцый гэтага цыклу:
Мінулая будучыня Беларусі: запавет Ігната Абдзіраловіча. Лекцыя Паўла Баркоўскага
Абдзіраловіч і беларуская традыцыя. Лекцыя Ігара Бабкова
Творачы зруйнуем. Лекцыя Валянціна Акудовіча
За анонсамі наступных падзей сачыце на сайце Лятучага ўніверсітэта.