У гэты дзень 95 гадоў таму, 16 сакавіка 1928 года, у выніку другога замаху ў Вільні быў забіты Міхаіл Гурын-Маразоўскі — беларускі палітычны дзеяч міжваеннай пары.
Паводле яго жыццяпісу можна было б зняць захапляльны баявік і пры гэтым нічога нават не прыдумляць. Мяркуйце самі.
Нарадзіўся Міхаіл Гурын у вёсцы Ярэмічы ў 1891 годзе ў простай сялянскай сям’і. Як і многія беларускія дзеячы таго часу, адвучыўся на настаўніка і быў чалавекам добра начытаным і адукаваным.
З пачаткам Першай сусветнай вайны быў прызваны ў царскае войска, дзе служыў у кавалерыі. У гэты час фармуюцца і пагляды Гурына — яму блізкія эсэры з іх сацыяльнай і нацыянальнай праграмай. Пасля восені 1917 года, калі бальшавікі скідаюць Часовы ўрад і распачынаецца Грамадзянская вайна, ён далучаецца да Чырвонай Арміі. Скончвае нават Акадэмію Генштаба.
Міхаіл Гурын-Маразоўскі быў сябрам Беларускай камуністычнай арганізацыі — палітычнай структуры, якая была створана ў пачатку 1920 года Усеваладам Ігнатоўскім, Міхасём Чаротам ды іншымі вядомымі дзеячамі той пары. Паводле сваёй праграмы арганізацыя гэтая была хутчэй нацыянал-камуністычнай, бо паставіла сабе на мэце «дабівацца ладу Савецкай Беларускай Рэспублікі», а не перамогі камунізму ва ўсім свеце.
Ідэйна яна была больш блізкая да ўсё тых жа эсэраў, чым да бальшавікоў. Бо і складалася Беларуская камуністычная арганізацыя акурат з тых, хто з аднаго боку трымаўся левых поглядаў, а ў той жа час быў глыбока занураным у беларускую справу.
Пасля таго, як летам 1920 года адбылося так званае другое абвяшчэнне БССР, калі Мінск пакінулі польскія войскі і ён быў ужо заняты бальшавікамі, Усевалад Ігнатоўскі падпісаў «Дэкларацыю аб абвяшчэнні незалежнасці Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь». Пасля чаго арганізацыя спыніла сваё фактычнае існаванне. А яе сябры ўключыліся ў актыўнае будаванне новапаўсталай БССР.
Міхаіл Гурын-Маразоўскі за вельмі кароткі час мог бы зрабіць сабе проста неверагодна добрую кар’еру. Але паводле свайго тыпажу ён быў відавочным нонканфармістам і не хацеў займацца сумнай партыйнай работай.
У 1921 годзе Міхаіла Гурына прызначылі спачатку рэдактарам «Белорусской деревни», а потым і «Савецкай Беларусі». Па ўсім відаць, ён добра пачуваўся на гэтым месцы, бо меў прыязныя стасункі з літаратарамі. І не заставаўся ўбаку, калі распачыналіся зацятыя дыскусіі. Тады палымяныя абмеркаванні рухалі развіццё літаратурнага працэсу, але не ламалі лёсы літаратарам.
Пасля выхаду вядомай паэмы Міхася Чарота «Босыя на вогнішчы», на маладога паэта абрынуўся з пякельнай крытыкай Цішка Гартны. Маўляў, Чарот зусім не так паказвае ў сваім творы пралетарыят — бо ён у яго хутчэй нагадвае крымінальнікаў і злодзеяў, чым перадавы клас, які вядзе справядлівае змаганне за свае інтарэсы.
Ілюстрацыя да паэмы «Босыя на пажарышчы»
Дыскусія тая мела і асабісты момант — Жылуновіч ужо тады лічыўся першым беларускім пралетарскім паэтам і пісьменнікам, таму відавочна хацеў пакінуць за сабой выключнае права на адлюстраванне працоўнага класа. Чарот быў значна маладзейшы, фактычна другі нумар, таму яму адводзілася роля таго, хто ідзе следам. Але ж амбіцыі былі і ў яго самога.
У абарону Міхася Чарота выказаўся Міхаіл Гурын-Маразоўскі. Маўляў, Цішка Гартны значна перабольшвае свае ўражанні і наогул не разумее сэнсу «Босых на вогнішчы». Па факце ён не проста заступіўся за свайго сябра, але публічна высмеяў прызнанага аўтара. На дзіва, Жылуновіч адступіўся. Пазней, ужо ў часы літаратурнага аб’яднання «Полымя», Цішка Гартны і Міхась Чарот здолеюць паразумецца і будуць супольна выступаць з крытыкай «узвышэнцаў».
Цішка Гартны
За крытыку Галоўпалітасветы БССР Бюро ЦК КП(б)Б у верасні 1921 года пазбавіла яго на 6 месяцаў права абірацца на кіраўнічыя пасады. Нягледзячы нават на тое, што быў вельмі блізкім сябрам Аляксандра Чарвякова — аднаго з топавых беларускіх нацыянал-камуністаў, які ў той час займаў многія кіроўныя пасады.
Кінуўшы спакойную працу ў Мінску, Міхаіл Гурын-Маразоўскі ў пачатку вясны 1924 года перабіраецца ў Польшчу з мэтай арганізацыі там узброенага паўстання і адарвання беларускіх зямель. На гэты момант ён фігура ўплывовая, як ва Усходняй, так і ў Заходняй Беларусі. Папаўняе шэрагі падпольнай КПЗБ, якая ад самага моманту свайго стварэння знаходзіцца на нелегальным становішчы.
Але нешта пайшло не так, бо ўжо ў хуткім часе Гурын-Маразоўскі зноў праяўляе свой наравісты і свабодалюбны характар — ён спрабуе пазбавіць партыю савецкага ўплыву і ператварыць яе ў выключна нацыянальную арганізацыю. А такі падыход зусім не вітаўся тымі, хто на тую партыю выдаткоўваў грошы ды ставіў ідэалагічныя задачы.
У выніку ў партыі адбыўся раскол, а Гурын-Маразоўскі аб’яўлены былымі паплечнікамі правакатарам. Ужо ў пачатку 1925 года на закрытым паседжанні Бюро ЦК КП(б)Б было ліквідавана Замежнае бюро ЦК КП(б)Б, а Гурыну-Маразоўскаму было прапанавана вярнуцца ў БССР, але ён не збіраўся гэтага рабіць. Замест таго, каб супакоіцца і сцішыцца, Гурын працягвае нелегальную дзейнасць і арганізоўвае разам з драматургам Леапольдам Родзевічам падпольную друкарню.
Скончылася гэта тым, што ў верасні таго ж 1925 года па даносе яго арыштавалі і амаль на год кінулі за краты ў турму ў Беластоку. Адкуль ён выйдзе толькі пасля «травеньскага» перавароту 1926 года, калі Юзаф Пілсудскі ўвядзе верныя сабе войскі ў Варшаву, скіне папярэдні польскі ўрад, а ў краіне будзе абвешчаны рэжым так званай санацыі.
У гэты момант адбудзецца пераварот і ў свядомасці Міхаіла Гурына. Па выхадзе з турмы ён не стане зацятым пілсудчыкам, захавае нібыта свае ранейшыя пагляды, але радыкальна памяняе стаўленне да былых паплечнікаў і наогул таго, чым займаўся ў мінулым. Што, вядома, не магло не выклікаць і адваротнай рэакцыі.
Першы раз забіць яго паспрабуюць летам 1927 года ў Гародні. Былыя аднадумцы ў адзін момант ператворацца ў кілераў — страляць у Гурына-Маразоўскага будуць баевікі КПЗБ, добра яму вядомыя. Праўда, атэнтат не ўдасца — былы камуніст будзе цяжка паранены, але здолее выжыць.
А ўжо ўвосень 1927 года на старонках газеты «Беларускі дзень», супрацоўнікам якой ён быў у той час, пачнуць публікавацца ягоныя ўспаміны пад агульнай назвай «З нядаўняга мінулага». Ужо першыя радкі аўтабіяграфічнага твора здольныя ўразіць, бо чалавек, які ехаў рабіць рэвалюцыю, нечакана піша:
«Ідэя адраджэньня Польшчы і Беларусі — адна ідэя. Як бяз Польшчы — няма Беларусі, так сама і без Беларусі няма абароненай Польшчы».
Далей Гурын расказвае даволі цікавую гісторыю апошніх гадоў свайго жыцця: як і чаму кінуў працу ў савецкім Мінску, як перабраўся ў Польшчу, як уразіўся Вільняй, чаму расчараваўся ў камуністах ды парваў з імі ў выніку. Напісана нібыта шчыра, ад душы, а не на патрэбу дня. Аўтар прызнаецца, што адбывалася ягоная эвалюцыя не без асабістай драмы:
«Я змагаўся сам з сабою. Надзвычайных высілкаў і маральных мукаў каштавала мне тое, што я рабіў у падпольлі».
Калі ў 1928 годзе ў Вільні распачаўся так званы «Працэс 56», дзе судзілі лідараў і найбольш заўважаных актывістаў Беларускай сялянска-работніцкай грамады, Міхаіл Гурын дасць паказанні супраць Браніслава Тарашкевіча і Сымона Рак-Міхайлоўскага. А ягоныя ўспаміны, публікаваныя ў газеце, адыграюць не апошнюю ролю ў гісторыі Антона Луцкевіча.
Гурын-Маразоўскі занадта шмат ведаў аб тым, як уладкаваны «беларускі» свет у Другой Рэчы Паспалітай, і мог шмат чаго распавесці следчым. Калі Грамада або Таварыства Беларускай Школы пэўны час былі цалкам сабе легальнымі аранізацыямі, якія толькі мелі праблемы з польскімі ўладамі, то іх сапраўдным ценем была КПЗБ. Асабліва на месцах, у рэгіёнах, сябрамі КПЗБ і адначасова, напрыклад, ТБШ маглі быць адны і тыя ж людзі.
На «Працэсе 56» меўся выступіць у якасці сведкі ў тым ліку і Гурын-Маразоўскі, які лічыў Грамаду «масавай правакацыяй з мэтаю запакаваць нашымі сялянамі польскія турмы». Каб гэтага не адбылося, ЦК КПЗБ прыняло рашэнне аб ягонай ліквідацыі. У той час такія рэчы здараліся рэгулярна — былыя паплечнікі асуджалі на смерць чалавека, каб той не сказаў лішняга.
Позна ўночы 16 сакавіка 1928 года на вуліцы Ягелонскай у Вільні раздалася некалькі стрэлаў. Два баевікі КПЗБ, адзін з якіх быў раней малодшым таварышам, расстралялі ля кавярні Міхаіла Гурына-Маразоўскага. Скончыць свае ўспаміны, якія публікаваліся ў газеце, дзе ён працаваў, былы камуніст так і не паспеў. Як і не паспеў выступіць на працэсе над «грамадоўцамі» — тыя і без ягоных паказанняў атрымалі ў выніку вялікія турэмныя тэрміны, якія потым будуць зменшаныя.
Міхаіл Гурын-Маразоўскі ў гісторыі беларускага руху міжваеннай пары стаў фігурай трагічнай — здольны, энергічны, актыўны, які так і не здолеў знайсці сабе камфортнае асяроддзе. Ён мог бы зрабіць значна больш, чым зрабіў, каб быў больш памяркоўным.
Сёння імя гэтага чалавека амаль што забытае, а згадваюць аб ім хіба што неабыякавыя да міжваеннай тэмы. У пісьменніка Алеся Кіркевіча ёсць ці не адзінае ў беларускай літаратуры апавяданне пра гібель Гурына-Маразоўскага, якое заснавана на рэльных падзеях і называецца «Загнаны воўк».
Л. Г., budzma.org