Міхаіл Савіцкі прайшоў праз тры самыя страшныя канцэнтрацыйныя лагеры і пісаў праўду, якую бачыў.
18 лютага аднаму з самых вядомых мастакоў Беларусі Міхаілу Савіцкаму споўнілася б сто гадоў, піша Sputnik Беларусь.
© Sputnik / Яўген Коктыш
Пры жыцці ён быў уганараваны мноствам савецкіх і беларускіх званняў і ўзнагарод: Народны мастак СССР і Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР і трох Дзяржаўных прэмій Беларусі, акадэмік Акадэміі мастацтваў Расіі і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Ён узнагароджаны ордэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знакам Пашаны», прэміяй і ордэнам Андрэя Першазванага. Савіцкі першы атрымаў ордэн Францыска Скарыны.
Васіль Быкаў і Міхаіл Савіцкі.© Sputnik / Яўген Коктыш
Глядзець на палотны Савіцкага цяжка. Вельмі. Выйдзеш з музея, а перад табой маўклівыя постаці нябожчыкаў. Заплюшчыш вочы, а бачыш іх нямыя пытанні. Навошта так рэалістычна? Але менавіта гэтым ён, выжыўшы сярод тысяч закатаваных, і апраўдаў сваё «вязенне», бескампрамісна паказваючы — пра гэта нельга забыцца. Колькі б год не мінула.
Наколькі няпростым, незгаворлівым быў Міхаіл Савіцкі, гавораць многія, хто ведаў мастака. А да шырокай публікі дзякуючы інтэрв’ю самога Міхаіла Андрэевіча дайшоў факт аб лёсе адной з яго карцін.
Рэпрадукцыя карціны «Летні тэатр» з цыкла «Лічбы на сэрцы». © Sputnik / Леў Іваноў
«Летні тэатр» «карэкціраваў» сам першы сакратар ЦК Кампартыі Беларускай ССР Пётр Машэраў. Невядома, якія словы гаварылі адзін аднаму былыя франтавікі, аднак зорку Давіда мастак з формы вязня, які стаіць побач з фашыстам і ўслужліва заглядае ў вочы, усё ж убраў. Хоць свайго меркавання не памяняў і асуджаў спробу выжыць любой цаной.
Сам ён выжыў цудам. Бо прайшоў праз тры самыя страшныя канцэнтрацыйныя лагеры. І пісаў праўду, якую бачыў, перажыў і замалчванне якой лічыў здрадай.
Па яго работах вельмі лёгка, калі наогул прымяральна гэтае слова, вывучаць парадкі і гісторыю канцлагераў. Усё паказана і агаворана не толькі маслам, але і назвамі карцін.
«Пяючыя коні» — так называецца адна з карцін, на якой вязні, якія запрагаліся замест коней і цягнулі пагружаныя на колы трупы, спяваюць. «Дырыжыраваў» ім карнік з плёткай. «Летні тэатр» — назва таго нашумелага палатна і ямы, у якой палілі нябожчыкаў, калі не хапала газавых камер, спіхваючы целы туды бульдозерам.
Усё гэта ён бачыў сам, трапіўшы ў палон у 1942 годзе, калі ў савецкіх салдат не засталося ні сіл, ні патронаў пасля 250 дзён утрымання Севастопаля.
Першым яго лагерам стаў «Шталаг — 326», потым вагонабудаўнічы завод, а з-за шматлікіх няўдалых пабегаў — «Крывінка» — адзін з лагераў Бухенвальда, дзе з 15 тысяч засталося менш адной. Катаражныя работы на каменаломлях.
Карціна «Адбор» з серыі «Лічбы на сэрцы».© Sputnik / Леў Іваноў
Ён стаяў ля варот крэматорыя, калі невялікую групу адабралі і павезліі ў яшчэ адзін лагер смерці — Дахаў. З вагона ноччу вязні ўцякалі па лёсаванні, Савіцкаму не пашчасціла, калі пабег заўважылі, ён застаўся: 18-ы з 40, і, збіты, трапіў у вагон-карцар, дзе над полам на вышыні 70 сантымертаў быў калючы дрот, а ежы не насілі зусім...
У Дахаў ніхто з вязняў рухацца ўжо не мог, і іх скінулі паміраць у тыфозны барак. Але тут пашчасціла — вызвалілі амерыканцы і перадалі савецкім войскам.
Міхаіл Савіцкі нарадзіўся 18 лютага 1922 года ў вёсцы Звянячы Талочынскага раёна. Быў малодшым сярод чатырох дзяцей. Бацьку ў вёсцы паважалі як майстра, які сталярыў, цяслярыў, каваў, бандарнічаў, рабіў вупраж для коней і налічнікі на вокны. Маці таксама выдатна ткала і прала.
Беларускі мастак Міхаіл Савіцкі. © Sputnik / Ю. Іваноў
Міхась з ранняга дзяцінства марыў стаць мастаком, напэўна, слаба ўяўляючы, што гэта такое. З жывапісам будучы мастак знаёміўся па іконах і рэпрадукцыях Кустодзіева «Масленіца» і Сурыкава «Раніца Стралецкай казні», якія аднекуль прывёз бацька.
У пяць гадоў Міхась Савіцкі добра чытаў і вельмі любіў часопіс «Вакол свету». У школе захапляўся фізікай, матэматыкай і рознымі вынаходніцтвамі. Марыў паступіць у мастацкую ВНУ, аднак скончыў Мінскае мастацкае вучылішча, а потым Маскоўскі мастацкі інстытут імя Сурыкава толькі пасля вайны.
М. А. Савіцкі аўтар больш чым 200 тэматычных карцін. Вышэйшым увасабленнем яго творчасці сталі раннія працы, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне: «Партызаны», «Забойства сям’і партызана», «Поле», «Плач аб загінуўшых героях», «Бежанцы», «Партызанская Мадонна», «Пакаранне смерцю», «Клятва», цыкл карцін «Лічбы на сэрцы», прысвечаны трагедыі канцэнтрацыйных лагераў і цыкл прац «Чорная быль» пра трагедыю Чарнобыля. У апошнія гады Савіцкі быў глыбока веруючым чалавекам і напісаў цыкл «Запаведзі асалоды» і гістарычныя карціны, прысвечаныя зямному жыццю Хрыста.
Рэпрадукцыя карціны «Партызанская мадона». © Sputnik / Юрый Артамонаў
Працы Міхаіла Савіцкага знаходзяцца ў зборах Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі, Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай мастацкай галерэі ў Сафіі, а таксама ў многіх іншых калекцыях.
Памёр Міхаіл Савіцкі 8 лістапада 2010 года. А 7 верасня 2012 года ў Мінску ў адметным будынку Верхняга горада на плошчы Свабоды, 15 — былой гарадской сядзібе XVIII стагоддзя адкрылася Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага. Пастаянная экспазіцыя, прысвечаная творчасці Міхаіла Андрэевіча, размешчана ў дзевяці залах. Тут прадстаўлены работы са збораў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Музея гісторыі горада Мінска і сям’і мастака. Дэманструецца інтэр’ер службовага кабінета, які знаходзіўся ў Творчых акадэмічных майстэрнях жывапісу, графікі і скульптуры, створаных па ініцыятыве мастака ў 1981 годзе, а таксама інтэр’ер яго творчай майстэрні па вул. Някрасава, 3.