19 чэрвеня Міхась Скобла і Таццяна Грыневіч-Матафонава выступілі на Ашмяншчыне. Першая сустрэча прайшла ў Ашмянскай школе-інтэрнаце, дзе Таццяну віталі колішнія настаўнікі (яна родам з Ашмянаў, вучылася ў СШ №2). Паслухаць сваю зямлячку прыйшлі не толькі вучні, але і сацыяльныя работнікі інтэрната і нават кухары. Спецыяльна для землякоў Таццяна выканала песню на словы Р. Барадуліна “Трэба дома бываць часцей”, песні на вершы другіх класікаў, беларускамоўныя варыянты вядомых рускіх рамансаў. Паколькі выступ супаў з днём народзінаў Васіля Быкава, М. Скобла расказаў некалькі цікавых гісторый з жыцця народнага пісьменніка, прыгадаў сустрэчы з ім. На пытанне, які самы актуальны твор Быкава сёння, паэт параіў прачытаць прыпавесць “Насарогі ідуць” – пра тое, як адно племя трапіла пад прыгнёт другога, больш магутнага, якое па частках адбірала ў сваіх суседзяў зямлю, брала ў палон людзей. Племя насарогаў дзейнічала нахабна, парушаючы ўсе дамовы, аж пакуль не натыкнулася на адчайны, самаахвярны адпор… Прагучалі на сустрэчы і новыя вершы паэта, а таксама пераклады – з украінскай і польскай моў.
Пасля Ашмянаў творчы дуэт з Мінска чакалі ў летніку “Дружба” паблізу вёскі Замасцяны. Там давялося задзейнічаць адмысловую – дзіцячую – праграму, паколькі слухачамі былі пераважна вучні малодшых класаў. Ім асабліва спадабалася песня “Школьны званок” з новага альбома Т. Грыневіч-Матафонавай і вершы-загадкі са зборніка М. Скоблы “Камень-перунок”.
Выступы прайшлі ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”, ад імя якой арганізатары і ўдзельнікі сустрэчаў атрымалі памятныя сувеніры.
Тэгі: Ашмяншчына