Дзве сустрэчы на Смаргоншчыне ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” правялі 10 чэрвеня паэт Міхась Скобла і салістка Белдзяржфілармоніі Таццяна Матафонава.
Першая сустрэча адбылася ў аграгарадку Жодзішкі ў летніку, які працуе на базе Жодзішкаўскай агульнаадукацыйнай сярэдняй школы. Прыгадвае Міхась Скобла: “На рэкламным плакаце кампаніі “Будзьма беларусамі!” змешчана больш за паўсотню знакавых выяваў з гісторыі Беларусі – ад Скарыны да слуцкіх паясоў. Мы зладзілі каманднае спаборніцтва пад умоўнай назвай “Пазнай і растлумач”. Дык вось, вучні 1 і 2 класаў, зусім маленькія дзеткі, змаглі “пазнаць і растлумачыць” 28 выяваў з 56! Мяне гэта дужа ўразіла. Усё ж плакат разлічаны на больш старэйшых вучняў. Праўда, у гэтай школе працуе захоплены гісторыяй чалавек – краязнавец і бард Алег Мізула, гэта, відаць, вынікі яго выхавання”.
Другі выступ адбыўся ў вёсцы Дубок, на маляўнічым беразе Віліі, і зацягнуўся амаль да поўначы.