Мікола Тоўсцік: “Я нарадзіўся беларусам”

mikola-toustik

– Калі ў француза ці немца спытаць, што для яго значыць быць французам ці немцам, то ён не зразумее, чаго ад яго хочуць. Я нарадзіўся беларусам і ў Беларусі, таму я беларус. Самаідэнтыфікацыя ў мяне была з дзяцінства. Па-беларуску ў маёй сям’і мы пачалі размаўляць, калі я паступіў у ліцэй імя Якуба Коласа, і да сёння мы размаўляем па-беларуску. Мае бацькі – інтэлігентныя людзі. Беларускай мовай яны валодалі заўжды, але пасіўна, а пасля майго паступлення ў ліцэй нешта пераасэнсавалі, і беларуская мова з’явілася ў іх у актыўным ужытку.

Паступіць у ліцэй было маім асэнсаваным выбарам. Справа ў тым, што на той час мне надакучыла мая савецкая гімназія, дзе вучыліся пераважна дзеткі “вялікіх людзей”. Можна сказаць, што ліцэй мяне сфармаваў. Гэта якраз быў перыяд актыўнага фармавання асобы. Я там вучыўся з 8 да 11 класа. Там я пазнаёміўся з рознымі цікавымі людзьмі, узняў свой інтэлектуальны ўзровень ды ўвогуле навучыўся жыць годна і пазітыўна. Цяпер я вучуся ў Вільні, у чужой для мяне краіне. Для мяне вельмі цяжка адаптавацца ў кардынальна чужым асяродку, вельмі цяжкая мова, няма адчування роднага і знаёмага. Можа, у такім узросце не ўсе людзі могуць прыстасавацца да радыкальна іншых умоваў жыцця.

Мікола Тоўсцік, студэнт, Мінск

Аб праекце “Як я стаў беларусам”