«Мір» з Масквой: што здабывала і губляла ВКЛ пасля войнаў з Расіяй

27.02.2025 Гісторыя
Нашыя продкі ведалі: падпісваючы «вечны мір» з усходнімі суседзямі, трэба рыхтавацца да чарговай вайны. Сёння маем безліч размоваў аб падобным міры. А якія вынікі былі раней? Прыгледзімся да большасці з іх.

Vajna Vialikaha Kniastva Litoŭskaha i Maskvy
Вайна Вялікага Княства Літоўскага і Масквы. Выява: instagram.com/belarus_minulaja

Альгерд грукае дзідай у Крэмль 1368-1372

Гэта быў вельмі цікавы перыяд, у якім у двубоі сышліся дзве краіны ў барацьбе за геапалітычны ўплыў у рэгіёне. Вялікае Княства Літоўскае і Масковія імкнуліся паставіць адно аднаго пад свой кантроль. Наш вялікі князь Альгерд узяў шлюб з дачкою цвярскога князя Уллянай, і таму меў уплыў на гэтую зямлю. Вялікая незадаволенасць расла ў сувязі з гэтым у іншай дзяржаве — Масковіі. 

У 1368 годзе маскавіты скіравалі свае войскі на Цвер, чый князь паклікаў на дапамогу мужа сваёй дачкі — Альгерда. Той знішчыў маскоўскія войскі, ваяводы былі пазабіваныя ў бітве. Маскоўскі князь Дзмітры, які пазней атрымае мянушку Данскі, спалохаўся не на жарт, ажно спаліў свае ж драўляныя пасады і зачыніўся ў Крамлі. Пасля гэтага паходу ВКЛ вярнула ў свой склад Ржэў, які папярэдне акупавала Масковія.

У 1370 годзе войска Альгерда і Вялікага Княства Літоўскага зноў падыйшло да самых сценаў Крамля. Маскоўскі князь зноў літасціва прасіў аб замірэнні і прапанаваў вялізны выкуп. Дагэтуль у Маскве існуе гістарычнае месца — Паклонная гара, дзе мясцовыя баяры прыносілі дары вялікаму князю Альгерду і пакланяліся яму.

Aĺhierd lia scienaŭ Maskvy
Альгерд ля сценаў Масквы (фрагмент выявы з сярэднявечнага летапісу)

Каб засведчыць поўную перамогу над Масквой, князь Альгерд на кані пад’ехаў да Крамля і дзідай ударыў у яго.

Праз два гады гісторыя паўтарылася ў трэці раз. Маскоўскі князь зноў паказаў зубы цвярскому, на што Альгерд як відавочны лідар у рэгіёне зноў спустошыў маскоўскае войска.

Вайна і стаянне на Угры 1406-1408

Напярэдадні вырашальнай бітвы з крыжакамі пад Грунвальдам нашыя войскі «патрэніраваліся» на ўсходзе. Гэта быў чарговы эпізод за дамінаванне ў рэгіёне. Скончылася ўсё так званым «стаяннем на рацэ Угра» ў 1408 годзе. Гэтая рака была мяжой паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Маскоўскай дзяржавай. Войскі некалькі дзён стаялі на супрацьлеглых берагах.

Mapa vajennych dziejanniaŭ 1406-1408 hadoŭ
Мапа ваенных дзеянняў 1406-1408 гадоў. Аўтар: Зміцер Піменаў

Пасля гэтага Вітаўт і маскоўскі князь Васіль І падпісалі «вечны мір». Васіль I абавязаўся спыніць падтрымку Свідрыгайлы ў ягонай барацьбе за трон у ВКЛ і прызнаваў прыналежнасць да Вялікага Княства Смаленскай зямлі і Вярхоўскіх княстваў. Да Масквы ж пераходзіла нязначная тэрыторыя ў іншым месцы. 

Мір пратрымаўся да 1492 года.

1494 Памежная вайна

«Галоўны ў Крамлі» Іван ІІІ вырашыў далучыць да сваёй краіны землі Вялікага Княства Літоўскага, якія лічыў «сваімі». Перадусім гэта датычылася розных надзелаў на памежжы паміж нашымі дзяржавамі. Скарыстаўшыся смерцю вялікага князя Казіміра, Іван ІІІ распачаў вайну ў 1492 годзе, якая скончылася замірэннем праз два гады баявых дзеянняў.

Вялікае Княства Літоўскае страціла каля 87 тысячаў квадратных кіламетраў тэрыторыі на карысць Масквы. У тым ліку ўзгаданыя вышэй Вярхоўскія княствы, а таксама Вяземскае княства.

ВКЛ адмовілася ад прэтэнзій на Ноўгарад Вялікі, Пскоў, Цвер, Разань.

Цікава, што ў маскоўскім асобніку дамоўнай граматы, як звяртае ўвагу гісторык Анатоль Тарас, Іван III быў тытулаваны як «гасудар усяе Русі, вялікі князь уладзімірскі, маскоўскі, наўгародскі, пскоўскі, цвярскі, югарскі, пермскі, балгарскі і іншая». У асобніку Вялікага Княства Літоўскага «ўся Русь» не згадвалася.

1503

Не прайшло і дзясятка гадоў, як маскоўскі Іван зноў напаў на Вялікае Княства ў 1500 годзе. Нагода, як і ў 2022 годзе, падобная: абарона праваслаўных адзінаверцаў, якіх нібыта прыціскалі ў нашай дзяржаве.

Вясною 1503 года ў Маскве былі падрыхтаваныя граматы, якія абвяшчалі 6-гадовае замірэнне і вызначалі новыя межы паміж дзяржавамі. Вялікае Княства Літоўскае страціла каля 210 тысяч квадратных кіламетраў тэрыторыі на карысць Масквы. 

Да Масквы адышлі гарады Белы, Бранск, Веліж, Гомель, Дарагабуж, Дрокаў, Карачаў, Любеч, Любуцк, Масальск, Мглін, Мцэнск, Мязецк, Невель, Ноўгарад-Северскі, Папова Гара, Почап, Пуціўль, Радагошч, Рыльск, Серанск, Старадуб, Сярпейск, Трубчэўск, Хоцім, Чарнігаў і іншыя. 

ВКЛ страціла ўсё левабярэжжа Дняпра.

1522 Смаленская вайна

Bitva pad Oršaj 1514 hoda
Бітва пад Оршай 1514 года, малюнак XVI стагоддзя

Маскоўцам па-ранейшаму не сядзелася без вайны, і яны ў 1512 годзе распачалі дзесяцігадовыя ваенныя дзеянні. Акурат у гэтыя падзеі ўпісваецца слаўная старонка нашай гісторыі — Аршанская бітва 1514 года.

Аднак па выніках вайны Вялікае Княства Літоўскае страціла каля 56 тысячаў квадратных кіламетраў тэрыторыі на карысць Масквы. Як піша гісторык Генадзь Сагановіч, пагадненне 1522 года мела кампрамісны характар і прадугледжвала замірэнне тэрмінам на 5 гадоў (пасля чаго меркавалася падпісаць «вечны мір»). Смаленск застаўся ў Маскоўскай дзяржаве, шматлікі «маскоўскі палон», узяты ў тым ліку пад Воршай — у ВКЛ.

Да смерці Васіля III у 1533 годзе «вечны мір» так і не быў падпісаны, яго замянялі перамір’і ад 25 снежня 1526-га і ад 24 сакавіка 1532 года.

1537 Старадубская вайна

У хуткім часе геапалітычныя абставіны склаліся так, што ВКЛ адчула магчымасць здабыць раней згубленае. У 1534 годзе нашыя продкі пачалі наступ. 

25 снежня 1536 года ў Маскве распачаліся перамовы аб заканчэнні вайны, якія скончыліся падпісаннем 18 лютага 1537 года 5-гадовага перамір’я. Напачатку перамоваў Масква патрабавала аддаць ёй Кіеў і Полацак, ВКЛ ставіла ўмовай заключэння «вечнага міру» вяртанне Смаленска, перадачу Пскова або Ноўгарада. У выніку сышліся на больш сціплых пунктах.

Па ўмовах пагаднення за Масквою застаўся Себеж, а да Вялікага Княства Літоўскага пераходзіў Гомель, як адзначае гісторык Анатоль Тарас.

Агулам Вялікае Княства Літоўскае здабыла каля 20 тысячаў квадратных кіламетраў тэрыторыі.

1582 Лівонская вайна

Чарговая вайна нашай дзяржавы з расійцамі цягнулася з 1558-га па 1582 гады. Нягледзячы на перамогу, Вялікае Княства Літоўскае змагло толькі вярнуць тыя землі, што былі захопленыя на пачатку вайны.

Stefan Batory pad Pskovam
 Стэфан Баторы пад Псковам. Мастак: Ян Матэйка

6 студзеня 1582 года недалёк ад Пскова было падпісанае Ям-Запольскае замірэнне на 10 гадоў. Гэта адбылося пры пасярэдніцтве Папы Рымскага Урбана VII, да якога звярнуўся Іван Жахлівы з просьбай аб мірных перамовах. 

Па ўмовах дакумента ў Вялікае Княства Літоўскае вярталіся ўсе захопленыя з пачатку Лівонскай вайны землі, у тым ліку Полацак і Веліж, а таксама былы Лівонскі ордэн, які станавіўся часткай нашай дзяржавы. Аднак заваяваныя ў Маскоўскай дзяржавы тэрыторыі перадаваліся ёй. 

У 1583 годзе было падпісана яшчэ адно мірнае пагадненне, паводле якога паўночная частка сучаснай Эстоніі з гарадамі Нарва, Іван-горад і іншымі перадавалася Швецыі.

6 студзеня прынесла нашай дзяржаве мір, але разам з тым засведчыла і катастрафічныя наступствы. Безліч спустошаных гарадоў і вёсак, дзясяткі тысячаў забітых расійцамі нашых грамадзянаў, вялікая колькасць палонных, лёс якіх пераважна застаўся невядомым.

Вялікае Княства Літоўскае перамагло ў вайне, але не атрымала ад гэтага выгодаў.

1634 Палянаўская дамова

14 чэрвеня 1634 года была падпісаная мірная Палянаўская дамова, якая скончыла Смаленскую вайну, што лютавала два гады. Рэч Паспалітая і Маскоўская дзяржава замірыліся, каб неўзабаве распачаць самую страшэнную вайну ў гісторыі Беларусі.

На рацэ Палянаўцы, у сяле Сямлёва, што знаходзілася паміж Вязьмай і Дарагабужам, адбылося падпісанне мірнай дамовы.

У сакавіку 1634 года маскоўскі цар прызначыў князёў Фёдара Шарамецьева і Аляксея Львова вялікімі амбасадарамі і адправіў іх на сустрэчу з прадстаўнікамі нашага манарха, якіх узначальваў хэлмінскі біскуп Якуб Жаднік.

Цікава глянуць на тыя пункты, якія былі адкінутыя расійскай дэлегацыяй:

• Прапанова Рэчы Паспалітай дазволіць ёй будаваць каталіцкія касцёлы, набываць вотчыны ў Маскоўскай дзяржаве, вольна ўступаць у шлюб падданым абедзвюх дзяржаваў.

• Прапанова пра тое, каб маскоўскі цар Міхаіл Фёдаравіч падпісваўся як «цар сваёй Русі», а не «цар усёй Русі».

• Прапанова Рэчы Паспалітай пра тое, што «кароль Рэчы Паспалітай і маскоўскі цар павінны разам імкнуцца, каб быў у іх нарад гарматны, караблі і людзі ваярскія на моры Лівонскім (Балтыйскім) і на моры Вялікім (Чорным) для пашырэння межаў».

А дамовіліся пра наступнае: нягледзячы на тое, што Вялікае Княства Літоўскае атрымлівала значныя землі, гэта не азначала яго пашырэння — бо былі вернутыя і так спрадвечныя тэрыторыі нашай дзяржавы, захопленыя маскоўцамі.

Смаленск, Чарнігаў, Ноўгарад-Северскі і іншыя больш дробныя гарады заставаліся ў складзе Рэчы Паспалітай. Выключэннем стаў Сярпейскі павет з самім горадам Сярпейск, які не атрымалася напярэдадні вызваліць вайсковым шляхам.

Вялікі князь літоўскі Уладзіслаў Ваза фармальна адмовіўся ад правоў на маскоўскі трон у абмен на значную кантрыбуцыю (а гэта 200 тысячаў тагачасных рублёў срэбрам) і іншыя саступкі.

Здавалася б, значны поспех Рэчы Паспалітай у змаганні з усходнім суседам. Але неабходна падкрэсліць, што з прычыны няўдачы пры адваёве Сярпейска магутны наступ на расійскую зямлю не адбыўся. Ваенны патэнцыял ворагаў не быў знішчаны дарэшты. Што і вылілася праз два дзясяткі гадоў у страшэнную спусташальную вайну.

Як адзначыў гісторык Мікола Ермаловіч, два дзесяцігоддзі працягваўся мір паміж Рэччу Паспалітай і Масквой. За гэты час Масква рыхтавалася да новай вайны, што і дало ёй магчымасць вярнуць сабе страчанае.

1667 Андрусаўскае замірэнне

Vajna Vialikaha Kniastva Litoŭskaha i Maskvy
Вайна Вялікага Княства Літоўскага і Масквы. Выява: instagram.com/belarus_minulaja

«Крывавы патоп» 1654-1657 гадоў — быў самай страшэннай вайной у гісторыі Беларусі. Вайна больш спусташальная, чым Другая сусветная. Кожны другі жыхар Вялікага Княства быў забіты.

У 1667 годзе адбыліся перамовы. Па выніках Андрусаўскага замірэння, што было падпісанае 30 студзеня, Вялікае Княства Літоўскае страчвала Чарнігаўскае і Смаленскія ваяводствы, а таксама ўкраінскія землі да Дняпра.
Насельніцтва краіны скарацілася за час вайны з 2,9 мільёнаў чалавек да 1,4 мільёна.

Ці верыце вы ў магчымасць сапраўднага міру з Расіяй?

Павал Хадзінскі, budzma.org