Блогерка Голя з Ополя падрыхтавала кнігу «Мое Баба — діректор морга» і запусціла краўдфандынг на выпуск выдання.
«Дзесьці ў вёсцы на Палессі жыве баба Маня, якую ўсе клічуць дырэктарам морга, бо яна ведае ўсё пра тое, як правільна пахаваць чалавека. А яшчэ там, у гэтай вёсцы, гоняць самагон, капаюць бульбу, абмяркоўваюць палітыку і паўсядзённасць — на сваёй палешуцкай мове», — напісана ў апісанні да праекту на краўд-пляцоўцы ko-fi.com, дзе можна падтрымаць кнігу і замовіць сабе або электронны, або фізічны асобнік.
Голя, унучка бабы Мані, апісала гэтае жыццё ў форме дыялогаў на паляшуцкай мове.
Голя з Ополя блогерка, аўтарка кнігі, зараз жыве ў Новай Зеландыі, але нарадзілася і вырасла ў вёсцы Опаль.
Кніга праілюстраваная сучаснай беларускай мастачкай Машай Мароз.
Маша Мароз — міждысцыплінарная мастачка, этнографка, дызайнерка, заснавальніца і куратарка платформы Past Perfect, прысвечанай захаванню і папулярызацыі этнаграфічнай спадчыны Беларусі.
Кніга складаецца з дзвюх частак — непасрэдна мастацкі твор, напісаны на адной з унікальных Палескіх мікрамоваў, а таксама ўключае ангельскі пераклад.
Акрамя мастацкіх працаў Машы Мароз, якія яна падрыхтавала для кнігі, чытачы могуць знайсьці і фотаздымкі, зробленыя Машай у экспедыцыях па розных вёсках Беларускага Палесся, каб паглыбіцца яшчэ болей у кантэкст апавядання кнігі.
Краўдфандынг будзе доўжыцца 2 месяцы. Друк кнігі прызначаны на май-чэрвень. Дастаўка кнігі максімум да канца года.
«Всі вопросэ про мою кніжку <...> Зроблю міні стрім на 30 мінут да роскажу ша раз про ідею, про тое да купэтэ і якэйі есця «нюансэ». Кароче, жду всіх 26 Хвевраля ў 21:00 по Палешуцку!», — запрашае Вольга Аполька (Голя з Ополя) усіх жадаючых на адмысловы стрым на сваёй старонцы ў Інстаграм.