У цэнры Гродна на вуліцы Малой Траецкай археолагі працягваюць даследаваць невядомыя могілкі канца XVI — пачатку XVII стагоддзя, выяўленыя падчас будаўнічых работ. Сярод больш чым двух дзясяткаў пахаванняў навукоўцы знайшлі парэшткі, якія могуць належаць маці і дзіцяці, пахаваным разам, піша «Наша Ніва».
Як расказала Гродзенскаму тэлебачанню малодшая навуковая супрацоўніца аддзела антрапалогіі Інстытута гісторыі НАН Беларусі Валянціна Віннікава, за тыдзень работ на аб’екце было ўскрыта і вынята 22 пахаванні. Сярод пахаваных — жанчыны, дзеці і мужчыны, што пацвярджае: гэта тыповыя гарадскія могілкі.
Аднак адна знаходка ўжо прыцягнула асаблівую ўвагу даследчыкаў.
«З нагоды маці з дзіцем складана зараз штосьці казаць, таму што іх трэба да канца расчысціць і паглядзець», — асцярожна адзначыла Віннікава.
Навуковая супрацоўніца аддзела археалогіі Інстытута гісторыі НАН Беларусі Марыя Ткачова ўдакладніла: для хрысціянскіх пахаванняў сітуацыя, калі маці і дзіця ляжаць у адной магіле, не самая папулярная.
«Часцей усё ж такі стараліся хаваць асобнага індывіда ў асобнай магіле. Таму калі гэта пацвердзіцца, што гэта супольнае пахаванне, то гэта будзе хутчэй выключэнне з правіл, чым тыповая практыка», — патлумачыла Ткачова.
Работы на месцы працягваюцца.
Навукоўцы спадзяюцца атрымаць больш інфармацыі, якая дапаможа зразумець пахавальныя традыцыі гараджан XVI–XVII стагоддзяў.
Акрамя антрапалагічнага матэрыялу, археолагі выявілі артэфакты: гандлёвы жэтон Нюрнберга 1585–1636 гадоў, два шкляныя медальёны, а таксама ўнікальную касцяную капавушку (прадмет гігіены для чысткі вушэй), дэкараваную выявай жывёлы, якая нагадвае сабачку.
«Большасць такіх прадметаў выраблялася з бронзы. А тут мы маем справу з вельмі добра дэкараванай косцю. Гэта рэдкасць для XVI–XVIII стагоддзяў», — адзначыў навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі Аляксандр Вашанаў.
Калі вы працуеце ў Літве, вы можаце падтрымаць «Будзьма беларусамі!», пералічыўшы нам 1,2% ад сваіх падаткаў. Вам уласна гэта не будзе каштаваць анічога.