20 сакавіка 1896 года нарадзіўся Мойшэ Кульбак, вядомы яўрэйскі паэт, празаік, драматург, рэжысёр і перакладчык. Хтосьці параўноўвае яго з Ісакам Бабелем і яго яўрэйска-адэскім каларытам, хтосьці — з нямецкімі філосафамі, а хтосьці — з рускімі класікамі, але з якога боку ні зірні — творчасць Мойшэ Кульбака была цалкам сканцэнтраваная на культуры яўрэяў Беларусі. Да 125 гадавіны нараджэння паэта Budzma.by ўспамінае кароткі, але насычаны яўрэйска-ліцвінскі лёс творцы.
Мойшэ Кульбак нарадзіўся ў мястэчку Смаргонь. Паводле афіцыйнай версіі, днём нараджэння паэта лічыцца 20 сакавіка, але дакладная дата невядомая. Напрыклад, у пашпарце Кульбака датай нараджэння пазначанае 25 сакавіка 1890 года, а іўрыцкія крыніцы падаюць 5 красавіка 1896 года, на зыходзе свята Песах і вясновага раўнадзенства.
Пашпарт Мойшэ Кульбака Бацька будучага паэта і пісьменніка
Саламон Кульбак паходзіў з вялікай сям’і і быў малодшым сярод 17 братоў. Працаваў Саламон службоўцам на лесагандлёвым прадпрыемстве. Першым адукацыйным крокам Мойшэ была яўрэйска-руская казённая школа, дзе акрамя традыцыйных прадметаў вывучаліся спецыяльныя яўрэйскія дысцыпліны. У 1909 годзе бацька адправіў сына вучыцца ў валожынскую ешыву. Там Мойшэ здаў экзамены экстэрнам і атрымаў званне настаўніка. На момант пачатку Першай сусветнай вайны Мойшэ працаваў у Коўне выхавацелем у сірочым доме.
Ешыва ў Валожыне, дзе вучыўся Мойшэ Кульбак
«Яшчэ падчас навучання ў Валожыне Мойшэ пачаў цікавіцца "падпольнай" літаратурай. Чытаў працы па яўрэйскай філасофіі. Не абмінуў і сусветнавядомых аўтараў: Арыстоцеля, Лаа Цзы, Генрыха Гайнэ і Верхарна».
Малады настаўнік працаваў у Вільні і Смаргоні, а ў 1918 пераехаў у Мінск да сваякоў. Там ён працуе лектарам настаўніцкіх курсаў. З прыходам бальшавікоў на нейкі час застаецца ў горадзе, але ўжо у красавіку 1919 года, калі палякі занялі Вільню, Мойшэ пераехаў туды. А праз год Кульбак пакідае Беларусь з’язджаючы ў Берлін. Творца вернецца на радзіму толькі ў 1928 годзе, калі стане вельмі папулярным паэтам.
«У Берліне Мойшэ Кульбак пражыў тры гады. Спадзеючыся атрымаць там адукацыю, малады аўтар вернецца ў Вільню, зазнаўшы за мяжой голад і беспрацоўе, хоць і працаваў у берлінскім тэатры суфлёрам».
Першы верш Мойшэ Кульбака «Зорачка» быў надрукаваны ў 1916 годзе. Вельмі хутка верш стане вядомы менавіта як песня. Пасля гэтага верша папулярнасць маладога паэта пачынае павялічвацца з вялізнай хуткасцю. Першапачаткова аўтар пісаў на іўрыце, але даволі хутка пачаў пісаць на мове ідыш. На той час іўрыт быў у асноўным мовай рэлігійнай і літаратурнай, а ідыш — жывой гаворкай яўрэяў у Беларусі, Польшчы і Нямеччыне. Першы зборнік пад назвай «Вершы» быў выдадзены ў Вільні ў 1920 годзе. З гэтага моманту пачынаецца актыўная творчая дзейнасць паэта і празаіка.
Мойшэ Кульбак
Пасля вяртання з Берліна творца жыў і працаваў у Вільні. У гэты перыяд з друку выходзяць такія вядомыя творы, як «Горад», «Беларусь», «Месія з роду Эфраіма», «Панядзелак». Усе гэтыя творы насычаныя яўрэйскімі традыцыямі і каларытам, у іх можна сустрэцца з пэўнымі містычнымі з’явамі і фальклорнымі матывамі. Менавіта таму некаторыя даследчыкі творчасці Мойшэ Кульбака праводзяць паралелі з такімі аўтарамі, як Мікалай Гогаль і Міхаіл Булгакаў.
Падчас знаходжання ў Вільні Мойшэ выкладаў у яўрэйскіх гімназіях і ў настаўніцкай семінарыі. Час ад часу ладзіў лекцыі пра яўрэйскую літаратуру, а таксама ставіў п’есы. У 1927 годзе Кульбака абіраюць прадстаўніком толькі што заснаванага Сусветнага яўрэйскага ПЭН-клуба.
У 1928 годзе Мойшэ Саламонавіч пераязджае ў Мінск. Займаецца перакладамі. На ідыш былі перакладзены некаторыя вершы Янкі Купалы і Якуба Коласа, а таксама п’еса Мікалая Гогаля «Рэвізор». У 1934 годзе Кульбак становіцца сябрам Саюза савецкіх пісьменнікаў БССР і падпрацоўвае рэдактарам у Беларускай акадэміі навук. Пасля вяртання ў Мінск за ім увесь час сачыла НКУС.
У 1930-я гады пісьменнікам было цяжка выжыць. А ў тых, хто прыехаў з-за мяжы, не было шанцаў увогуле. Іх абвінавачвалі ў шпіянажы на карысць адпаведных дзяржаў. Такі самы лёс чакаў і Мойшэ. У 1937 годзе на яго сфабрыкавалі справу, у якой тлумачылася, што «Мойшэ Кульбак з’яўляецца членам контррэвалюцыйнай трацкісцка-тэрарыстычнай арганізацыі, звязанай з польскімі разведорганамі». Арышт адбыўся 11 верасня па распараджэнні народнага камісара Беларусі Барыса Бермана. Арыштоўваў Кульбака нейкі Фарбер. Кіраўніком выязной сесіі ваеннай калегіі Вярхоўнага суда СССР быў Іван Матулевіч. Менавіта ён прыклаў руку да смерці іншых пісьменнікаў. Суд прайшоў 29 кастрычніка 1937 года, і ў тую ж ноч Мойшэ Кульбак быў расстраляны.
Мойшэ Кульбак з жонкай і сынам
Дагэтуль невядома, дзе пахаваны паэт. Ёсць імавернасць, што спачын Кульбак знайшоў у Курапатах, але гэта толькі здагадкі. Літаральна праз пару дзён, 5 лістапада, арыштавалі яго жонку Зэльду. 11-гадовага сына Элю і 3-гадовую дачку Раю адаслалі ў дзіцячыя дамы. Жонка была асуджаная і высланая на 8 гадоў у Казахскую ССР, у лагер для жонак ворагаў народа. Яна вярнулася ў Беларусь у 1946-м і пражыла ажно да 1973 года. Сын загінуў у 1942 годзе ў нямецкім лагеры, што месціўся ў мястэчку Лапічы Магілёўскай вобласці. Дачка Рая з’ехала ў Ізраіль, дзе і жыве да сёння.
Мойшэ Кульбак быў рэабілітаваны 15 снежня 1956 года.
Антон Шаранкевіч, Budzma.by