Moi Ver/Мошэ Равіў/Мошэ Верабейчык фатограф з беларускіх Заскавічаў, які вырас у Вільне, вучыўся ў Баўхаусе, у Парыжскай школе Ecole Photo Cine, сябраваў з ідэалогам французскай Пятай рэспублікі, пісьменнікам Андрэ Мальро, фатаграфаў польскія гарады, і ў тым ліку жыццё габрэйскай абшчыны ў Польшчы, а ў апошнія гады жыцця спрычыніўся да стварэння кварталу мастакоў у Цфаце. Чым не гісторыя для кінаўвасаблення? У Тэль-Авіўскім музеі мастацтваў зараз ладзіцца выставачны праект, прысвечаны спадчыне фатографа, якога лічаць адным з найяскравых прадстаўнікоў авангарднай фатаграфіі. Але імя Мошэ Верабейчыка можна далучыць і да гісторыі беларускай фатаграфіі — бо на яго фотаадбітках можна ўбачыць і краявіды Беларусі, распавядае reform.news.
Moshe Vorobeichic (Moï Ver), "Аўтапартрэт" (Self-portrait), 1928, gelatin silver print.
© Yossi Raviv-Moi Ver. Archive. Reproduction: Yigal Pardo.
Імя Мошэ Верабейчыка, ураджэнца Заскавічаў (1904), сапраўды новае: праца з яго архівам пачалася толькі ў апошнія дзесяць гадоў. І толькі зараз адбылася першая рэтраспектыўная выстава «Moi Ver/Мошэ Равіў/Мошэ Верабейчык. Мадэрнізм у пераходны перыяд». Даследаванне і выставачны праект у Тэль-Авіўскім музеі мастацтваў падрыхтавала куратар доктар Рона Сэла.
Для Беларусі, акрамя паходжання фатографа-мадэрніста, цікавы яшчэ і факт адукацыі Верабейчыка ў Баўхаус, знакамітай Школе дызайну і архітэктуры. Мы даволі шмат ведаем пра мастакоў, якія нарадзіліся ў Беларусі і былі праслаўленыя Парыжскай школай; а вось Баўхаус — іншая гісторыя, але ня менш значная для мастацтва і XX, і ХХI стагоддзяў.
Moshe Vorobeichic (Moi Ver) «Фотамантаж» (Photomontage), gelatin silver print. ©Yossi Raviv-Moi Ver Archive.
Мошэ Верабейчык паступіў у Баўхаус у 1927 годзе, у бытнасць працы Школы ў горадзе Дэсаў (Германія). Вядома яна ў першую чаргу сваімі настаўнікамі, сярод якіх былі Вальтэр Гропіус, Ханес Майер ды іншыя. Верабейчык вывучаў новыя метады ў архітэктуры і дызайну, візуальнаму мастацтву вучыўся ў Васіля Кандзінскага, Паўля Клее, Джозэфа Альберса, а ў фатаграфіі гэта быў перш за ўсё Ласла Махой Надзь. Новыя сацыяльныя ідэі, эксперыменты, дакументальная фатаграфія і мастацкі авангард — усё ўладкавалася на добрай глебе, студэнт з беларускага мястэчка аказаўся таленавітым. (Ва ўзросце 11 гадоў Мошэ разам з сям’ёй пераязджае ў Вільню, дзе вучыцца ў Школе Віленскага мастацкага таварыства, а потым ва Ўніверсітэце Стэфана Баторыя.) Рух «Новая фатаграфія» (Новая аб’ектыўнасць), які прапаноўвае нестандартныя прыёмы ў духу мадэрнізму насуперак традыцыйным выявам, стане яго захапленнем, а затым і творчым падыходам, усвядомленым і пазнавальмым.
Пасля закрыцця Школы дызайну і архітэктуры ў нямецкім Дэсаў нацысцкімі ўладамі Верабейчык працягвае адукацыю ў Парыжскай школе Ecole Photo Cine, шмат падарожнічае па Еўропе. Гэты перыяд таксама апынуўся вельмі ўдалым: адзіны час ён вучыцца разам з французскім жывапісцам і скульптарам Фернанам Лежэ, па парадзе ўжо вядомага пісьменніка Андрэ Мальро бярэ псеўданім Moi Ver, супрацоўнічае з фотаагенцтвам Photo Glob Picture, друкуецца ў польскіх і французскіх ілюстраваных газетах. Андрэ Мальро, дарэчы, належыць фраза-адзнака: «Гэтыя фатаграфіі мог стварыць толькі мастак».
Moshe Vorobeichic (Moi Ver). Габрэйскія інтэлектуалы з Вільні на возеры Нарач, 1931
(Jewish Intellectuals from Vilnius at Lake Narash), gelatin silver print. ©Yossi Raviv-Moi Ver Archive.
Выстава ў Тэль-Авіўскім музеі імкнецца да класічнага рэтраспектыўнага фармату: асобныя яе часткі прысвечаны перыядам працы ў Вільнюсе (1928 — 1929), у Парыжы (1930 — 1931), у Польшчы (1928 — 1939) і ў Ізраілі (1934 —1954). Паралельна паказаны невялікія серыі і цыклы. Напрыклад, здымка падчас паездкі на Нарач («Віленскія інтэлектуалы на Нарачы», «Студэнты») — гэтыя кадры планаваліся для публікацыі ў альбоме з назвай «Нарач» (1931). Кантэкст мы ведаем: еўрапейская міжваенная Беларусь, найцікавейшы перыяд у жыцці краіны; і ў эксплікацыі, дарэчы, пазначана, што Заскавічы знаходзяцца ў «Расійскай імперыі, цяперашняя Беларусь», а Нарач — у «Мінскім рэгіёне». Усё гэта асабліва цікава, і вядома, дадае аб’ём і асобе Верабейчыка, і нашай уваге да яго фатаграфічнага архіва і спадчыны навогул.
Moshe Vorobeichic (Moi Ver). Вокладка фотаальбома «Нарач», 1931
(Book cover for the photo album «Naroch»). ©Yossi Raviv-Moi Ver Archive.
У Польшчы Верабейчыка прыцягвае жыццё, у тым ліку, габрэйскай абшчыны, і акрамя каларытных выяў старых вулачак, дворыкаў і рынкаў, фатограф стварае партрэтную галерэю «Faces of Yesterday» (1929 — 1939). Не толькі Варшава, але і Кракаў, Чэнстахова даюць яму досвед здымкі гарадскіх пейзажаў, элементаў архітэктуры, працы са святлом. У польскім раздзеле архіва каля 1700 кадраў! Зараз усе яны маюць каштоўнасць аўтэнтычных дакументаў (як і серыя «Габрэйская вуліца ў Вільні» (1931), але мантаж, незвычайныя ракурсы і кампазіцыі фатограф па-ранейшаму шукае, спрабуе, вывучае. Ягоныя працы — не анталогія тыпажоў і гістарычных помнікаў, гэта новае, і нават рэвалюцыйнае бачанне мастака, які працуе з фатаграфіяй як са спецыфічным медыя. Відавочна, гэта моцнае медыя — дадамо сюды ўплыў Аляксандра Родчанкі і Эль Лісіцкага, фотамантажы якога ён адкрыў для сябе ў 1929 годзе на міжнароднай выставе прэс-фатаграфіі ў Кёльне.
Авангардная серыя Верабейчыка «Ci-Contre» (1931, 1940-я) была паказана ў Кёльне, адзіны раз пры жыцці аўтара (1987), і набыта Цэнтрам Пампіду. А альбом «Парыж» прызнаны адным з самых цікавых і паспяховых.
На Блізкі Ўсход фатограф прыязджае, пачынаючы з 1932 года. Ізраільскі перыяд яго творчасці датуецца 1934 — 1954 гадамі: ён здымае Іерусалім, узгоркі і палі, кібуцы і будоўлі ў Тэль Авіве, заняткі фізкультурай на фабрыках і партрэты габрэяў, арабаў, еменцаў. Займаецца графічным дызайнам: ілюстрацыямі, калажамі, плакатамі, натхняючыся сацыялістычнымі і сіянісцкімі ідэямі. Гэты час значна адрозніваецца ад мінулых гадоў — развіццём візуальнай мовы, паступовым пераходам да жывапісу і графіцы, а потым стварэннем квартала мастакоў у Цфаце, як зараз бы сказалі, арт-кам’юніці. Толькі вось важны нюанс: Цфат — горад каббалістаў, перанасычаны сапраўднай гісторыяй і містыкай...
Moshe Vorobeichic (Moï Ver), «Негатывы» (Negatives), gelatin silver print. © Yossi Raviv-Moi Ver Archive.
Дыяпазон паміж першымі і апошнімі серыямі Верабейчыка велізарны: ён паспеў паспрабаваць сябе ў дакументалістыцы, мадэрнізме і альтэрнатыўных тэхналогіях, у аўтапартрэтах і скетчах; нарэшце, паэзія і старажытны горад захапляюць яго на апошнія 40 гадоў жыцця. І, вядома, ізраільскі глядач счытвае ў экспазіцыі змену вобразаў старой габрэйскай абшчыны перыяда да Халакоста на парадыгму новага моцнага грамадства незалежнай краіны.
Тут імя мастака становіцца ізраільскім — Мошэ Равіў. Гэтак біяграфія, творчая кар’ера і тры імёны адлюстроўваюць развіццё, фармаванне ідэнтычнасці аўтара. Збольшага гэта тлумачыць і той факт, што пакуль што яго персона мала вядомая ў міжнародным кантэксце — будзем лічыць, то неабходныя выдаткі, бо ад гэтага яна не стала меньш цікавай, і выстава робіць значны крок у патрэбным накірунку. Затое якая актуальная тэма для нашых дзён!