• budzma.org
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram Tiktok www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Музыка
  • Гатуем з «Будзьма!»
  • Гісторыя за 5 хвілін
  • Трызуб і Пагоня
  • Разумняты
  • Вандруем разам
  • Афіша
24.01.2014 | Беларуская мова «Mоўны вентылятар»

Моўны вентылятар: беларускія тэрмінатары

У свеце ёсць дзве вялікія мовы…

“Математика па-белорусски! Ужас! Не хочу ломать жизнь своему ребенку”. Неяк так гучыць частая рэакцыя на тэму навучання дзіцяці па-беларуску. Чамусьці пытанне навуковай і тэхнічнай тэрміналогіі выступае як самы галоўны аргумент не на карысць беларушчыны, і сярод скептыкаў ёсць дзве выразныя пазіцыі: 1) у беларускай мове няма тэрмінаў, і таму яна такая “недамова” ў параўнанні з рускай і ангельскай, 2) беларуская тэрміналогія такая складаная, мудрагелістая і ненатуральная і наогул прыдумана знарок, каб заблытаць рускамоўнага.

Натуральна, не ўсе займаюць ваяўнічыя пазіцыі, некаторыя з адэптаў гэтакіх меркаванняў у цэлым не адмаўляюць беларускай мове ў праве на жыццё, яны збольшага згодныя бачыць яе ў школе і ў публічнай прасторы, той-сёй нават мае сантыменты да яе. Але. Па-беларуску можна пра родную старонку, пра гісторыю, пра матчыны рукі, ну і пра каханне (і абавязкова не забыць падкрэсліць, што каханне – гэта да дзяўчыны, а любоў – да радзімы або да смажанай бульбы). Адным словам, вершы пішы-чытай, крыжачок скачы пад скрыпачку, мрой пра мінуўшчыну, але, барані Бог, не заікайся нават пра задачы, формулы, станкі, шасцярні ды іншыя нанатэхналогіі.

Тэрмін даўніны

Зрэшты, многія тэрміны, якія ўжываюцца да сёння, узніклі ў часы росквіту старабеларускай мовы. Перадусім гэта тычыцца юрыдычнай тэрміналогіі (сведак, пазоў, скарга), будаўнічай (грунт, мур, дах, цэгла), гандлёвай (рахунак, вага, кошт, прыбытак), не кажучы ўжо пра розныя друкарскія і рэлігійныя справы. Мноства цікавых тэрміналагічных выразаў струхлела разам з нашым драўляным дойлідствам – шчытаноша, стрэльчая зброя, людзі ратныя, гетман, скарбнік.

Але пасля надышлі “цёмныя часы” для старабеларускай мовы як літаратурнай (17-18 стст.), і часта мяркуюць: раз чыстую мову ў віхуры навалаў і ліхалеццяў збераглі сяляне, то якія там тэрміны. Між іншага, завышаная сялянскасць белмовы часта служыць тлумачэннем яе “недаразвітай” тэрміналогіі – маўляў, што ты возьмеш з гэтых ясяў, янін і канюшын, якія гаротна, механічна сярпом махаюць. Кшталту, дзе ж з’явіцца ў гэтай гаворцы якое разумнае слова, толькі слязлівае “ой ты ж бедненькі-бяздольны” ды саромна-мужыцкае “срака сабачча”. Дарэчы, сельская гаспадарка – не меншая навука за якую мінералогію з тэатразнаўствам, і вымагае сваіх тэрмінаў, і ўсе барозны, плугі, насенне і гной у большасці моў бяруцца жыўцом з сялянскай практыкі.

Апроч таго, з анатоміяй і медыцынай пры пошуку тэрмінаў справы часткова самі сабой вырашаюцца. Кожны народ засвойвае натуральным чынам, што калі разануць сцізорыкам у жывот (вось вам і тэрмін), то палезуць кішкі (яшчэ адзін), тут яшчэ можа ператрываць, а вось калі ў сэрца (!), то кроў (!) па жылах (!) болей не пойдзе. А народныя назвы жывёл і раслін умерана-кантынентальнага клімату таксама даюць самавіты грунт для геаграфічнай, геалагічнай, біялагічнай тэрміналогіі. І шэраг можна доўжыць: музыка, танец, выяўленчае мастацтва…

Тэрміны ў сціслыя тэрміны

Вядома, у 19 – пачатку 20 стагоддзя моўная кудзеля існавала ў разбэрсаным выглядзе і проста з моста не напішацца навуковае працы на беларускім дыялекце, хіба што ў якасці лінгвістычнага перформансу-эксперыменту, якімі і без таго поўніцца зямля беларуская ва ўсе вякі.

Але ўсе тыя пытанні, што выклікаюць занепакоенасць і сумневы ў бацькоў, якія ахоўваюць дзіцятка ад жахаў беларускай матэматыкі, выкладчыкаў і вучонай інтэлігенцыі, якая баіцца, што калі айчынная навука пяройдзе з расійскай мовы на беларускую, то не зможа нароўні (у сэнсе – як сёння) з сусветнай навукай гутарку весці. Дык вось, на ўсё гэта адказала група дзеячоў 1920-х гадоў, што распрацавала асноўныя неабходныя разумныя словы, якіх не ставала, каб людзьмі звацца.

Большасць тэрміналагічных здабыткаў першай паловы ХХ ст. так ці інакш звязаныя з дзейнасцю НТК (Навукова-тэрміналагічнай камісіі), якая працавала з 1921 года. На шчасце, сёння напрацоўкі НТК пыляцца не толькі ў публічных бібліятэках, але і ў прыватных: у 2010 годзе выйшлі 4 таўсценныя тамы пад 800 старонак кожны, дзе ў адным месцы сабраны ўсе выпускі “Беларускай навуковай тэрміналогіі”. Акрамя таго, 1920-я гады багатыя на падручнікі, дапаможнікі, навуковыя працы, у якіх непасрэдна абкатваліся нованароджаныя тэрміны. Многае было адпрацавана ў школьніцтве і вышэйшай адукацыі.

Адметнасцю тэрмінатворчасці таго часу былі пурыстычныя тэндэнцыі (ачышчэнне мовы ад іншаземных элементаў / складнікаў). Натуральна, спецыялісты ўлічвалі, што тэрміналогія мае ў вялікай ступені міжнародны характар, таму на словы алгебра, арыфметыка, функцыя, надмеру нічога не вымудралі. Але сапраўды, для многіх паняццяў з розных навук (перадусім абстрактных / адцягненых) распрацоўваліся наватворы, уладкаваныя паводле законаў беларускай мовы і на ўзор ужо існых словаў. У некаторых выпадках для паняцця прапаноўвалася ўжываць толькі наватвор, часам дапускалася паралельнае / раўналежнае ўжыванне “свайго” і “чужога” тэрміна.

Простастаў (перпендыкуляр) кругавыраз (сектар), скрутка (спіраль), кругавід (гарызонт), асяродак (цэнтр), соступ (змяшчэнне), Паўночча (Арктыка). Бацькі гэтых слоў хацелі дасягнуць максімальнай празрыстасці значэння. Так, у школе (якая толькі-толькі стала ўсеагульнай) значна лягчэй даць тэрмін простастаў – “стаіць проста”, чым прымушаць учорашняга пастушка з жалейкай запамінаць “пусты” перпендыкуляр. Але нават у 1920-я гады, калі практыка паказвала, што нейкія прапановы занадта экстравагантныя, то яны адсейваліся.

І хаця пачынаючы з другой паловы 1930-х самыя “нацыяналістычныя” словы былі перавыхаваны на ўзор расійскіх тэрмінаў (так “дзеліва” абярнулася школьным “дзялімым”), многае прасачылася і пусціла карані ў літаратурнай мове.

Статыстыка маўчыць пра наяўнасць тых, каму зламалі лёс, сапсавалі жыццё, спаганілі волю і долю дакладныя і прыродазнаўчыя навукі па-беларуску. Магічныя ўласцівасці навукова-тэрміналагічных заклёнаў таксама не пацверджаныя, але родная тэрміналогія як Літва і здароўе: многія, хто вучыўся ў старыя часы, ацанілі яе, калі ўтрацілі. Застаецца рэшту дзён настальгічна ўспамінаць: назоўнік, лічнік, дзельнік, дзель, здабытак; нізіны, нафта, выкапні, прыбытак; крышталь, свярдзёлак, сыравіна, множнік; прамень, датычная прамая, спадарожнік.

Уладзь Лянкевіч і Алена Пятровіч


Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Грамадства

«Я зазіраю сабе ўсярэдзіну, і здаецца, што мае ідэалы не зьмяніліся, ня страцілі каштоўнасьць». Сёння 61 год Алеся Бяляцкаму

Алесь Бяляцкі – грамадскі дзеяч, праваабаронца, заснавальнік праваабарончага цэнтру «Вясна», які ўжо шмат гадоў дапамагае...

valiancina_shauchenka
Гісторыя

Як Агінскі спрабаваў адрадзіць Вялікае Княства Літоўскае?

25 верасня 1765 года на гэты свет прыйшоў чалавек без перабольшання таленавіты і адораны ва ўсім – Міхал Клеафас Агінскі....

valiancina_shauchenka
Музыка

Музычная знаходка: спецыялісты з Мінска аднавілі страчаны твор беларускага кампазітара ХІХ стагоддзя

У мінскім касцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы прайшоў канцэрт-прэзентацыя твора «Спевы да...

valiancina_shauchenka
Культура Беларуская мова

Анімэ, манга і фанфікі ў беларускай культурнай прасторы. Дзе шукаць?

У пачатку верасня на Падляшшы адбыўся буйны фестываль японскай культуры — Moricon 2023. Трохдзённы фестываль у Беластоку...

Апошнія навіны

    Грамадства
    «Я зазіраю сабе ўсярэдзіну, і здаецца, што мае ідэалы не зьмяніліся, ня страцілі каштоўнасьць». Сёння 61 год Алеся Бяляцкаму
    Гісторыя
    Як Агінскі спрабаваў адрадзіць Вялікае Княства Літоўскае?
    Музыка
    Музычная знаходка: спецыялісты з Мінска аднавілі страчаны твор беларускага кампазітара ХІХ стагоддзя
    Культура Беларуская мова
    Анімэ, манга і фанфікі ў беларускай культурнай прасторы. Дзе шукаць?
    Літаратура
    Юля Цімафеева: «Я вельмі ганаруся, што нясу нашую беларушчыну, нашую мову да амерыканскай публікі»
    Культура Літаратура
    30 верасня распачынаецца фестываль PRADMOVA. На яго прыедуць беларускія пісьменнікі і інтэлектуалы з усяго свету
    Грамадства Беларусы свету
    Ва Уроцлаве ў кастрычніку пройдзе ХI Фестываль Незалежнай Беларускай Культуры
    Грамадства
    Вампіры, прывіды, шкілеты і крывавыя дрэвы: расказваем пра містычныя месцы ў Беларусі
    Гісторыя
    Сувораў напаў, парушыўшы рыцарскія традыцыі. Трагедыя бітвы пад Сталовічамі
    Грамадства Літаратура
    Навінка: выдавецтва Gutenberg Publisher выпусціла раман «Круглая Square» Вала Клемэнта
    Навіны "Будзьма!" Гатуем з «Будзьма!»
    Крышаны з бульбай і грыбамі. Гатуем сезонную палескую страву
    Грамадства
    Названы лепшыя навуковыя публікацыі 2022 года
    Музыка
    Што паслухаць у апошнія цёплыя дні восені: эксперыментальная электроніка, міфалагічны рэп і змрочны эмбіент
    Культура Грамадства
    «Ідзём шляхам Паўночнай Карэі». Сяргей Будкін пра новыя патрабаванні да арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў у Беларусі
    Культура
    Двое сяброў 10 гадоў падарожнічалі па краіне і выдалі кнігу пра неверагодна прыгожую Беларусь

Афіша

  • 26.09 — 08.10Восеньскі салон у Мінску
  • 26.09 — 19.11Фотавыстава Андрэя Логінава «CHAROMUSHKI ODYSSEY 1930-2023» у Познані
  • 27.09Паказ фільма «Ператрымка» ў Берліне!
  • 27.09Беларускамоўны квіз у Беластоку
  • 28.09Зміцер Вайцюшкевіч у Варшаве
  • 28.09Вольга Гапеева і Дзмітрый Строцаў у Патсдаме
  • 30.09 — 01.10Фестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA ў Батумі

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: [email protected]

Папулярнае

    • «Мне заўсёды быў чужы такі тупы беларускі нацыяналізм». Вялікая размова з Альгердам Бахарэвічам
    • «Карані таго, што з намі адбываецца цяпер — у цалкам падпарадкаванай Маскве Советской Белоруссіі». Лявон Вольскі наўздагон дню народнага адзінства
    • Двое сяброў 10 гадоў падарожнічалі па краіне і выдалі кнігу пра неверагодна прыгожую Беларусь
    • Ці быў выхад з СССР незаконным?
    • Што паслухаць у апошнія цёплыя дні восені: эксперыментальная электроніка, міфалагічны рэп і змрочны эмбіент
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип