Міжнароднаму тэатральнаму форуму “М@rt.кантакт-2014” не хапіла маладзёжнага драйва. Такое меркаванне выказала на падагульняючай канферэнцыі фестывалю галоўны рэдактар часопіса “Мастацтва” Людміла Грамыка.На думку запрошанага крытыка, за кошт больш “дарослага” рэпертуару дзявятага тэатральнага фестывалю цалкам змянілася яго атмасфера. У праграме практычна не было заяўлена яркіх эксперыментальных пастановак, якія шырока абмяркоўваліся б маладымі гледачамі. “У канцэпцыі кожнага спектакля павінен быць апраўданы маладзёжны фармат форуму, – падкрэсліла Людміла Грамыка. – На мой погляд, не трэба паказваць пастаноўкі, якія не адлюстроўваюць уяўленні моладзі аб навакольным свеце”.
Таксама крытыкам не хапіла і творчых лабараторый, якія традыцыйна ўключаліся ў спецыяльную праграму мінулых фестываляў. “Дзякуючы такой форме работы, як лабараторыя, мы даведаліся пра многіх акцёраў-пачаткоўцаў, якія падаюць надзеі, рэжысёраў і драматургаў, – зрабіла вывад рэдактар часопіса. – На жаль, гэты “М@rt.кантакт” не адкрыў для крытыкаў новых імёнаў”.
Што да камерцыйнага поспеху, то міжнародны маладзёжны тэатральны форум “М@rt.кантакт-2014” прынёс 40 працэнтаў прыбытку ў адносінах да выдзеленых бюджэтных сродкаў. Такую лічбу агучыў дырэктар Магілёўскага абласнога тэатра Андрэй Новікаў на падагульняючай прэс-канферэнцыі фестывалю.
“Мы сёння выйшлі на празмерна высокі ўзровень даходу, – падкрэсліў Андрэй Новікаў. – Напрыклад, у Еўропе прыбытак ад фестываляў складае 3-4 працэнты. З аднаго боку, мы ганарымся тым, што маладзёжны форум можа зарабляць і прыцягваць сродкі. З іншага – калі мы і далей будзем ісці такім шляхам, фармат фестывалю давядзецца памяняць: паняцце “маладзёжны” можа зусім знікнуць з назвы форуму”.
Паводле слоў дырэктара Магілёўскага драмтэатра, праблема, аснову якой складае эканамічны фактар, выразна акрэслілася ў гэтым годзе. Малады глядач апынуўся практычна выключаным з фестывальнага жыцця з-за высокага кошту білетаў. “Менавіта таму ў рэпертуары фестывалю 2014 года было заяўлена шмат спектакляў, якія выклікалі цікавасць у людзей старэйшага пакалення, – растлумачыў Андрэй Новікаў. – Гледачы, якія сёння плацяць грошы за ўваходны білет, не жадаюць бачыць на сцэне хуліганскія і эксперыментальныя пастаноўкі”.
Паводле артыкулаў Юліі Еўмяньковай, БЕЛТА