У мінулым годзе нараджальнасць у Беларусі дасягнула рэкордна нізкага паказчыка — 64 089 дзяцей. Для параўнання, яшчэ за год да прыходу Лукашэнкі да ўлады, у 1993-м, гэты паказчык быў вышэйшы амаль у два разы — 117 тысяч. Журналістка Budzma.org паразмаўляла з беларускай моладдзю, як яны ставяцца да бацькоўства і якія ўмовы ім патрэбныя для таго, каб стварыць сям’ю.
Беларуская моладзь на канцэрце гурта «Botanic project» у Вільні. Фота Яўгена Ерчака
«Гэта ж адказнасць вялікая, і калі я яе не пацягну, то окей, так бывае»
Вераніка, 23 гады, Літва
«У перспектыве я хацела бы мець дзяцей (аднаго ці двух), незалежна ад таго, буду я іх выхоўваць у сям’і ці адна. Але, вядома, для гэтага патрэбныя адпаведныя ўмовы. Мой заробак павінен быць 3000 еўра, каб мы з дзецьмі добра сябе адчувалі. Разглядаю магчымасць, каб выхоўваць іх адной, і трэба, каб была магчымасць наняць, напрыклад, няню, калі будзе патрэбна. У эміграцыі ж няма магчымасці аддаць дзяцей бабулі.
На сённяшні дзень я не магу сябе забяспечыць нават у простых побытавых рэчах. Відавочна, што не пацягну яшчэ аднаго чалавека.
Таксама ў мяне яшчэ ёсць жаданне пажыць адной. Можа быць, пасля 30 гадоў прыкладна я буду да гэтага гатова. Але тут яшчэ момант, што хочацца быць упэўненай у стасунках з мужчынам, каб ён таксама дапамагаў, а ўлічваючы эміграцыю, яшчэ трэба, каб не пакінуў з дзецьмі зусім без ніякага прыбытку.
У мяне няма нейкага перажывання пра працяг роду, бо па-першае, я яго не тое, каб убачу, па-другое, не зразумела, які свет будзе і як там будзе жыць, па-трэцяе, працяг роду — гэта нешта абстрактнае. Але ў моманце хацелася б сям’і, там унукаў ці ўнучак у старасці, гэта, канечне, сумна, калі такога раптам не будзе, але што зробіш, нараджаць для нейкай «птушачкі» я таксама не хачу. Гэта ж адказнасць вялікая, і калі я яе не пацягну, то окей, так бывае».
Наталля, 24 гады, Беларусь
«Дзяцей хачу, але як і што ў жыцці будзе — пытанне. Цяпер пакуль я ў Беларусі. Стала ёсць думкі з’ехаць, бо перспектыў усё менш і менш тут становіцца. Але пакуль вырашаю, куды, збіраю фінансавую падушку бяспекі.
Думаю, што для таго, каб завесці дзіця, спачатку трэба пераехаць. Я не хачу, каб мая дачка ці сын хадзілі ў школу ў Беларусі, дзе цяпер усё напічкана прапагандай. Альбо пасля вучыліся ва ўніверсітэце, дзе могуць адлічыць па палітычных матывах. Таму лічу, што тут у мяне асноўнае з таго, што трэба, — з’ехаць жыць у дэмакратычную краіну, уладкаваць там жыццё: сталая праца, нармальны заробак, арэнда добрай кватэры, а пасля можна будзе падумаць і пра дзяцей».
«Не хачу асуджаць новага чалавека на змаганне з умовамі, у якіх цяпер жывуць беларусы і ўкраінцы»
Віталь, 24 гады, Польшча
«Не планую дзяцей увогуле. Мне вельмі не імпануе ідэя прыносіць дзяцей у той свет, які мы маем цяпер. Абсалютна не зразумелая працэдура выдачы дакументаў дзіцяці ў бяспечных краінах (дзе мяне не выдадуць на запыт уладаў Беларусі, якімі я абвешчаны ў вышук). Нават з маёй легалізацыяй вялікія пытанні, не ведаю, што будзе. Калі раптам мяне выправяць з краіны пражывання з малым дзіцем, то гэта стане вельмі траўматычным для яго.
Не хачу асуджаць новага чалавека на змаганне з умовамі, у якіх цяпер жывуць беларусы і ўкраінцы. У яго фактычна не будзе магчымасці паехаць на радзіму. Мне здаецца, што будзе несправядліва выхоўваць дзіця на мове краіны, у якую ён не зможа патрапіць.
Канкрэтныя ўмовы, якія трэба, каб я ўсё ж захацеў мець дзяцей, — дакументы ў краіне, якая не выдасць мяне Беларусі і Расіі. Адпаведна, такія ж дакументы ў дзіцяці, якія ён зможа атрымаць пры нараджэнні. Таксама трэба больш-менш фінансавая стабільнасць — бюджэт, які б дазваляў якасна выхоўваць дзіця.
Ёсць ідэя ў мяне і ў маёй партнёркі усынавіць або ўдачарыць дзіця ў будучыні. І ў гэтым выпадку ад біялагічных гадзіннікаў нічога не залежыць».
«Будзе патрэбна сурагатная маці, якая вынасіць нам малога, бо я сустракаюся з хлопцам»
Фёдар, 23 гады, Літва
«Хачу завесці дзяцей. Калі быў у падлеткавым узросце, увогуле планаваў, што ў 18 у мяне ўжо будзе першы дзіцёнак. Маці мяне нарадзіла ў 27 гадоў, а брата — у 33. І на той момант усе навокал лічылі, што гэта вельмі позна для нараджэння дзяцей. У школе бацькі іншых вучняў сапраўды былі малодшыя за маіх, і гэта мяне чамусьці прыгнятала. Таму хацеў быць маладым татам, каб быць на адной хвалі з дзецьмі.
Заўсёды падабалася вазіцца з дзецьмі, атрымоўвалася. Калі нарадзіўся мой брат, мне было 5 гадоў. Маці пабыла ў дэкрэце адзін год і вярнулася на працу, я заставаўся часта даглядаць за братам. І гэта мне было ў кайф. Любіў асабліва спяваць яму калыханкі на ноч.
Мой план пра дзяцей у 18 гадоў разбурыўся, калі мне было 16. Зразумеў, якая гэта адказнасць. Цяпер я ў эміграцыі, і тут увогуле ў мяне за сабой даглядаць не заўсёды атрымоўваецца. А пра дзіцё нават не разважаю.
Яшчэ адзін момант — я цяпер сустракаюся з хлопцам, планую з ім сваё жыццё. Жывем мы ў Літве, а тут у нас няма права, каб завесці дзіця. Будзе патрэбна сурагатная маці, якая вынасіць нам малога. Усякія такія дэталі таксама адштурхоўваюць. Але нават калі б я сустракаўся з дзяўчынай, я б усё роўна цяпер не быў гатовы заводзіць дзяцей. Няма на гэта фінансаў і псіхалагічнай устойлівасці. Часам мяне капец накрывае, асабліва калі пагляджу нейкія тык-токі з дзецьмі. Хачу адразу сабе 5 дзяцей, каб яны па чарзе ўсе ішлі. І калі адзін вырастаў, то быў наступны маленькі, каб з ім гуляцца і ціскацца.
Нядаўна думаў пра тое, што буду гатовы да дзяцей толькі тады, калі змагу змірыцца з думкай, што я змагу гэта перажыць. Бачыў проста некалькі гісторый, калі людзі страчвалі дзяцей у маленькім узросце. Для мяне такое вельмі страшна, бо нават не думаў пра такое. Калі такое, не дай Бог, здарыцца з маім дзіцем, то пакуль разумею, што не змагу гэта перажыць.
З канкрэтных умоваў — фінансавая ўстойлівасць, легалізацыя (у мяне сканчваецца пашпарт), праца (пажадана з нейкім кантрактам), шлюб, без яго не хачу заводзіць дзяцей, бо хачу, каб дзеці маглі мець падтрымку з боку абодвух бацькоў, добрае ментальнае здароўе, каб я не траўмаваў сваіх дзяцей нейкімі сваімі «заскокамі». У ідэальнай сітуацыі яшчэ сваё жытло, канечне, патрэбна.
Маці ніяк на мяне па гэтым пытанні не цісне, бо разумее маё становішча ў эміграцыі. Адзінае, яе засмучае мой партнёр, што гэта мужчына. Яна не ведае, як ва ўсіх сэнсах, легальных і ідэалагічных, мы будзем мець дзяцей. Але спрэчак на гэту тэму не было».
Беларуская моладзь на канцэрце гурта «VOLSKI» у Вільні. Фота Яўгена Ерчака
«Нядаўна задумалася пра тое, каб замарозіць яйцаклеткі, бо адчуваю, як біялагічны «гадзіннік» цікае»
Аліна, 28 гадоў, Польшча
«Хачу дзяцей, але жыццё ў эміграцыі не дазваляе, тут яго будую з нуля. Няма фінансавай стабільнасці, што падрывае адчуванне бяспекі. Без бяспекі немагчыма думаць пра глабальныя рэчы. Даваць гэтаму свету новага чалавека — гэта ўсё ж нашмат адказней, чым мяняць працу, краіны. Таксама думаю пра тое, што ў свеце, дзе ўсё яшчэ існуе вайна, нясеш адказнасць за жыццё дзіцяці.
Канкрэтна мне трэба фінансавая стабільнасць, праца, пажадана, каб рэалізавацца ў кар’еры. Я ў сваім ўзросце толькі пачала рэалізоўвацца, знайшла, што мне падабаецца.
Таксама, думаю, уплывае мой мінулы досвед — рэпрэсіі ў Беларусі, вайна ва Украіне. Псіхалагічны стан з-за гэтага дрэнны, унутры сябе няма апоры, думаць пра дзяцей зусім няма сэнсу і энергіі. Уплывае таксама, што жыву ў Польшчы, тут забарона на аборты, а таксама ёсць нюансы па вядзенні цяжарнасці, захаванні жыцця маці.
Не хапае сваёй кватэры. Жыць з дзіцём у арэндным жытле для мяне немагчыма. Бывае, што ўладальнікі кватэр супраць дзяцей, не хочацца ад іх залежаць. У Беларусі ў мяне было сваё жытло, але нават там я не збіралася заводзіць дзіця, бо быў усяго адзін пакой. Думала, што трэба двухпакаёвая.
Бліжэйшыя, мабыць, 4 гады я дакладна не буду заводзіць дзяцей. Бо ўсяго вышэйпералічанага няма. Я адчуваю, як «гадзіннік цікае». І нядаўна задумалася пра тое, каб замарозіць яйцаклеткі. Гэта дасць мне магчымасць супакоіцца з гэтым «гадзіннікам» і завесці дзяцей пасля».
«Ужо гатова перадаць мудрасць будучаму пакаленню, бо мне гэта ўжо далі»
Ксенія, 24 гады, Літва
«Хачу дзяцей. Думаю, што часткова ў мяне ёсць мацярынскі інстынкт, бо былі малодшыя браты. Большую частку свайго дзяцінства даглядала за імі. Гэта тое, што мне прыемна рабіць, хачу і гатова рабіць.
Дадаткова ў гэтым ёсць такая прыгожая філасофія, што калі вырастаеш, знаходзіш нейкія веды, досвед, матэрыяльные рэчы, якія можаш даць новаму чалавеку, які прыходзіць у гэты свет, нясеш за яго адказнасць, аддаеш сваю мудрасць. Мне гэта ўсё ўжо далі, таму я гатова гэта ўсё перадаць будучаму пакаленню.
Канкрэтныя ўмовы — мець запас грошай, стабільнасць у гэтым пытанні. У мяне павінна быць праца альбо накапленні, альбо ў майго партнёра, разуменне краіны, дзе жыву, псіхалагічны стабільны стан.
Напэўна, да 27 гадоў не вельмі б хацела нараджаць. А пасля ўжо будзе магчыма. Хутчэй, мяжа тут можа быць нейкая фізіялагічная. Напрыклад, калі будзе менш упэўненасці, што дзіця народзіцца здаровым, што цяжарнасць пройдзе камфортна.
Мая мама пачынае жартаваць пра ўнукаў. Казала, што збірае нейкае адзенне, каб не выкідаць. Але не чакае ад мяне чагосьці, бо ў нас шматдзетная сям’я, малодшыя браты жывуць з ёй, адчування недахоу дзяцей у яе няма. З боку мамы майго хлопца я бачу больш настойлівасці. І я звязваю гэта з тым, што ён адзіны ў сям’і. Магчыма, ёй зноў хочацца клапаціцца пра кагосьці».
Агата Мурашка, Budzma.org