MTV Movie Awards – найлепшым фільмам стаў сіквел «Галодных гульняў»

15.04.2014 Кіно

У нядзелю ў Лос-Анджэлесе адбылася цырымонія ўручэння кінапрэміі MTV Movie Awards. У катэгорыі «Найлепшы фільм» перамагла другая частка сагі па раманах Сьюзан Колінз «Галодныя гульні: І ўспыхне полымя».

Джэніфер Лорэнс і Джош Хатчэрсан, якія сыгралі ў ёй, сталі найлепшымі акцёрам і актрысай, а прыз за камедыйную ролю атрымаў Джона Хіл за ўдзел у фільме «Воўк з Уол-стрыт». Найлепшай бітвай прызнаная сцэна бою Эванджэлін Лілі і Арланда Блума з оркамі з фільма Пітэра Джэксана «Хобіт: пустка Смауга», найлепшай зладзейкай стала Міла Куніс, якая сыграла ведзьму ў казцы «Оз: Вялікі і Жудасны». Джарэд Лета перамог у намінацыі «Найлепшае пераўвасабленне на экране» за ролю трансвестыта ў «Даласкім клубе пакупнікоў», а спявачка Рыяна атрымала ўзнагароду за найлепшую эпізадычную ролю за з’яўленне ў камедыі Сэта Рогена «Канец свету 2013: Апакаліпсіс па-галівудску».

Кінапрэмія MTV уручаецца штогод з 1992 года. Пераможцы ў розных катэгорыях вызначаюцца галасаваннем гледачоў на сайце тэлеканала. Большую частку тых, хто галасуе, складаюць амерыканскія тынэйджары.