Дзед менскіх музеяў – Музей землязнаўства – быў адчынены яшчэ ў 1934 годзе. Таму экспанатаў у ім паспела сабрацца добрая дваццатка тысяч, і паглядзець ёсць на што: ад костак жывелін старадаўніх часоў да неверагодна прыгожых самацветаў. Гэткая пячора Алі-Бабы для лакальнага прымянення. Ахоўнік каменнага багацця – Валянціна Лявонцьеўна Смалякова, загадчык музея.
Значную частку каменнай калекцыі музея менавіта гэта пазітыўная жанчына прыцягнула на сваіх плячах. Па ўспамінах супрацоўнікаў музея, што сустракалі яе з вандровак, гэта выглядала так: “Наперадзе кораб, ззаду кораб, а пасярэдзіне нешта варушыцца”. Валянціна Лявонцьеўна, напрыклад, была на Кольскім паўвостраве, знайшла там прорву цікавых экспанатаў і, як чалавек дамавіты, не магла кінуць ні каменьчыка – цягнула ўсё. Але не ўсе камяні тут прыехалі на жаночых плячах: 440-кілаграмовы горны крышталь везлі машынай.
Некаторыя экспанаты – падарункі ад працаўнікоў БДУ, гасцей музея ці студэнтаў геафака. Так, у рэальным жыцці, чараіты прадаюць задорага, па некалькі грамаў на чалавека. А музею падаравалі вось такі невялічкі каменьчык.
Ці адзін з двух асвечаных метрапалітам Беларусі камянёў з гары Арарат. Непрэзентабельны, затое – унікальны.
І, канечне, кавалак дрэвавіднага папаратніка, які бабруйчанка знайшла ў сябе на агародзе, прыняла за костку маманта і прывезла ў музей.
І не пытайцеся, адкуль у землязнаўчым музеі папартнік ці косткі маманта. Зусім нядаўна тут быў адчынены палеанталагічны аддзел, супрацоўнік якога, А.М. Матузка, адзіны на ўсю краіну спецыяліст, і, па словах Валянціны Лявонцьеўны, – сам экспанат музея.
Аляксандр Мікалаевіч можа расказаць шмат цікавага пра каменне. Напрыклад, што яшма – гэта такая “памыйка” прыроды, горная парода, у якой звалена да кучы шмат усялякага натуральнага смецця. Назва адна, а колераў і знешніх выглядаў яшма можа мець колькі заўгодна. Ці што бурштын сапраўды карысны для шчытападобнай залозы. Але не таму, што валодае магічнымі якасцямі, а таму, што, пакуль валяўся на дне мора, аброс “шкуркай”, якая змяшчае шмат ёду і іншых патрэбных чалавеку элементаў. Таму натуральны бурштын – карысны, а апрацаваны (з якога абадралі тую самую “шкурку”) – не.
Як кажа закаханая ў свой музей Валянціна Лявонцьеўна, пра кожны экспанат можна распавядаць гадзінамі. А можна проста глядзець на неверагодныя прыродныя выбрыкі. Так, у музеі захавана некалькі дзесяткаў унікальных беларускіх крэмняў, якія нагадваюць жывел, плушак, рыб і прышэльцаў. Вось гэты камень – “Кола Палесся”, ці проста Змяя. У яе просяць добрых адзнак студэнты геафака БДУ, у памяшканні якога і знаходзіцца музей.
А побач са змяёй – прышэлец. У яго ніхто нічога не просіць. На яго проста глядзяць – авось сапраўдны, і хутка па яго душу прыйдзе сам Духоўны з пасведчаннем на арышт.
Прышэльцы – гэта яшчэ што! Ці ведаеце вы, што ў Сахары квітнеюць ружы? Без усякай там вады – растуць сабе і растуць. Самыя што ні на ёсць натуральныя, прыгожыя і каменныя.
90 адсоткаў, больш за 20 000 экспанатаў музея – каменні. Але глядзець на гэтыя каменні можна гадзінамі. Глядзець і дзівіцца, колькі прыгажосці можа стварыць прырода без аніякай дапамогі чалавека.
Але самы арыгінальны экспанат музея – гэта “каменная алея”. Вядзе яна ад музея да… дэканата! Падлога зроблена з 27 разнавіднасцяў горных парод. Так што студэнты ходзяць па гэтых плітах з асцярогай – кожную секунду выкладчык можа спытацца: “Як называецца горная парода, на якой вы стаіце?”
Самае прыемнае ў музеі – ён знаходзіцца ў корпусе геаграфічнага факультэта БДУ, таму зайсці туды можа кожны жадаючы. Абсалютна вольна паглядзець на прыгожыя каменні, і, калі камунікабельнасць дазволіць, задаць супрацоўнікам музея тону-другую пытанняў.