«Карані цяперашніх падзей, якія адбываюцца навокал — і я б не выводзіла іх ані са жніўня 2020, ані з кавіду, ані з 2017, 2010 года, наогул наўрадці можна вызначыць канкрэтны год — карані гэтых падзей настолькі глыбокія, настолькі моцна пераплеценыя і знітаваныя, што мне падаецца, мы ўжо цяпер не «робім гісторыю», а абслугоўваем яе», — піша Ганна Севярынец на сваёй старонцы ў Facebook.
Ганна Севярынец, facebook
Канцэнтрацыя і ўзаемаабумоўленасць падзей стала такой, што асобная воля асобнага чалавека ў ёй цяпер не мае вырашальнага значэння, так, як Напалеон напрыканцы жыцця не вырашаў нічога, хаця і заставаўся тым самым.
Цяперашнія падзеі маюць каранямі яшчэ разбэшчаную шляхту часоў Рэчы Паспалітай, Станіслава Аўгуста Панятоўскага, «Дамастрой», праваславіе-самаўладдзе-народнасць, Каліноўскага, Леніна, Сталіна, Купалу, менавіта таму ў кожнага з нас бывае адчуванне, што нас нясе нейкая невытлумачальная і непераадольная плынь, дзе ад нас нічога не залежыць.
Цяпер ніхто не можа не тое што змяніць час альбо развярнуць падзеі ў любы бок, ніхто не можа нават змяніць сябе альбо свае паводзіны. Злыя злеюць, хоць і разумеюць фінал, добрыя дабрэюць, хоць і цярпяць у канкрэтным моманце. Ніхто з нас, і з тых, і з гэтых, ужо не можа па-іншаму, бо гаворка ідзе не пра імгненныя імпульсіўныя паводзіны, а пра матрыцу, сямейныя паттэрны, каштоўнасныя сістэмы. Менавіта таму цяперашні час выглядае так кінематаграфічна альбо літаратурна, бо галоўнае адрозненне мастацтва ад жыцця — наяўнасць жорсткай логікі і залежнасць падзей ад сюжэта.
У такія часы варта думаць маштабнымі катэгорыямі і разумець люфт паміж паўсядзённым часам і гістарычным. Гэта непрыемна і балюча, але па-іншаму не атрымаецца. Самае сумнае ў такіх прызмах — яны прымушаюць разумець, што біяграфія даўжэй за фізічнае жыццё.
Гісторыя гэта людзі, сукупнасць чалавечых воль. Але ў ёй амаль заўсёды працуе эфект сінергіі, калі цэлае большае за простую суму частак. Таму проста абслугоўваем гісторыю на тым баку, дзе мы апынуліся згодна са сваімі каштоўнасцямі.
Бо яна ў нас не пытаецца, як ёй ісці. Ані стрымаць, ані прыспешыць яе нельга. Можна толькі быць у ёй. Мурашы смерныя, мурашнікі вечныя. Жыве Беларусь.