Аліна Бялова для budzma.by пра адключэнні інтэрнэту і чаму яны шкодзяць у першую чаргу дзяржаве.
За ўсімі палітычнымі падзеямі мы ўжо забыліся на нядаўні кароценькі блэкаўт інтэрнэту, які арганізоўвала ўлада цягам двух дзён. А пры ўсім гэта быў унікальны досвед і эксперымент. Напрыклад, як адказ на пытанне, ці здолеем мы выжыць ва ўмовах апакаліпсісу. Спойлер: мы выжывем, дзяржава — не.
Стрэліць сабе ў нагу
Адключэнне інтэрнэту пайшло не на карысць найперш тым, хто яго адключыў. Паводле дадзеных платформы Netblocks.org, адключэнне інтэрнэту пачалося ўдзень 9 жніўня, і працягвалася да раніцы серады, 12 жніўня, з зафіксаванай працягласцю ў 61 гадзіну. Інструмент NetBlocks Cost of Shutdown Tool (COST) гэтай платформы ацэньвае эканамічныя наступствы збояў у працы інтэрнэту, адключэння мабільных дадзеных ці абмежавання праграм з выкарыстаннем паказчыкаў Сусветнага банка, МСЭ, Еўрастата.
Паводле гэтага рэсурсу, 61 гадзіна інтэрнэт-блэкаўту каштавала Сінявокай 56 мільёнаў 401 тысячу 874 долары. Альбо 115 мільёнаў 93 тысячы 381 беларускі рубель. Менавіта столькі (агулам) недалічылася беларуская эканоміка ў выніку інтэрнэт-блакіроўкі паводле сусветных дадзеных.
Аднак сухія лічбы мала каму нешта гавораць. Каб эфект быў больш яўным, згадаем звыклую фразу Лукашэнкі ў перадвыбарчай агітацыі: «Мукі ў Мінску заставалася на тры дні!» Амаль так і здарылася насамрэч, бо ўсе заяўкі крамаў на склады і замовы да вытворцаў на новую прадукцыю ажыццяўляюцца цяпер праз інтэрнэт.
Як расказаў сустаршыня Беларускай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў, тое, што рабілася праз інтэрнэт (заяўкі на прадукты ў крамы), людзі вымушаныя былі рабіць нагамі і рукамі. І калі б інтэрнэт-блэкаўт працягнуўся яшчэ дзень, то «паслязаўтра былі б пустымі прылаўкі крамаў».
Апроч таго ўзніклі складанасці і падчас разлікаў за замоўленую прадукцыю. Нават калі плацяжы і праходзілі, скінуць пацвярджэнне аплаты (плацёжку) не ўяўлялася магчымым — гэта, зноў-такі, робіцца праз інтэрнэт.
Насамрэч лічбу Netblocks.org можна яшчэ павялічыць, таму што інтэрнэт-правайдары, не чакаючы ад людзей абурэння і судовых позваў, вырашылі кампенсаваць «час без інтэрнэту» сваім абанентам. А сецівам у Беларусі карыстаецца больш за 80% насельніцтва краіны. У гэтых варунках кампенсацыя нават за два дні складзе даволі істотную грашовую велічыню.
Такім чынам, дзяржава, адключыўшы інтэрнэт, стрэліла сабе ў нагу.
Што цікава, грамадзяне ад адключэння інтэрнэту пацярпелі не вельмі. Шмат хто з нашых суайчыннікаў (і я ў іх ліку) перад прэзідэнцкімі выбарамі знялі пэўную частку грошай з банкаўскіх картак. Ведаючы нягеглы характар нашай дзяржавы, можна было прадказаць, што ўзнікнуць праблемы з інтэрнэт-плацяжамі і банкаматамі, таму людзі перастрахаваліся. Тым больш што пра гэта іх папярэджвалі больш дасведчаныя таварышы.
Увайсці ў ІТ
Інтэрнэт-блэкаўт быў карысны вялікай частцы нашага грамадства. Ён чарговы раз істотна падвысіў камп’ютарную пісьменнасць насельніцтва.
Усе мы бачылі сацыяльную рэкламу кшталту «Навучы бабулю рабіць сэлфі і размаўляць з дзецьмі па скайпе». Нашая ўлада зайшла яшчэ далей: яна навучыла большасць насельніцтва карыстацца абароненым злучэннем — рознага кшталту VPN, тунэляваным злучэннем Рsiphon; некаторыя задумаліся, што такое Tor, які ўжо, падаецца, сыходзіў у нябыт.
Пры гэтым дзяржава ўвесь час падтрымлівае гэтую камп’ютарную пісьменнасць «на ўзроўні». Літаральна калі пісаўся гэты матэрыял, з’явіліся звесткі, што Міністэрства інфармацыі заблакавала шэраг незалежных інфармацыйных інтэрнэт-рэсурсаў. Пад раздачу трапілі Радыё Свабода; Белсат; Еўрарадыё; Салідарнасць; The Village; by.tribuna.com; Віцебскі кур’ер; Віртуальны Брэст; Народныя навіны Віцебска.
Таксама заблакаваныя некаторыя сайты дэмакратычных партый і арганізацый — у прыватнасці, Руху «За свабоду», кампаніі «Гавары праўду», БХД; «Народнай Грамады», «Маладога фронту», персанальныя старонкі Цапкалы, Бабарыкі і Статкевіча. Але! У час, калі пайшлі навіны пра блакаванне гэтых рэсурсаў, усе яны выдатна адкрываліся праз убудаваны ў браўзер Opera VPN.
Разам з заблакаванымі беларускімі інтэрнэт-рэсурсамі казалася пра блакаванне некаторых проксі-сервераў, сайтаў з VPN і нават «сайта Рsiphon». Але гэта бессэнсоўна, бо Рsiphon — гэта не сайт, а маленькая праграма, якая ўсталёўвае зашыфраванае тунэляванае злучэнне. Тым, хто яе ўжо паставіў на сваю прыладу, нішто не пагражае.
Так і хочацца сказаць: «Вы яшчэ не вывучылі інтэрнэт-бяспеку? Тады дзяржава ідзе да вас!»
Нельга не адзначыць, што такім чынам дзяржава зрабіла выдатную рэкламу «заблакаваным» інтэрнэт-рэсурсам. Нават той, хто не ведаў, дзе шукаць альтэрнатыўную інфармацыю, цяпер ведае.
У выніку многія зразумелі, што ІТ — не такая ўжо недасягальная сфера для шараговага чалавека.
Прымусовая сацыялізацыя
Азіраючыся на інтэрнэт-блэкаўт, я згадваю фільм «Брат-2» і знакамітае пытанне Сяргея Бадрова: «І што, усім цікава, як я маюся»? Сапраўды, мы пачалі больш званіць і больш стасавацца з роднымі і знаёмымі. Пытанне «як маешся?» перайшло з шараговага пачатку размовы ў плынь рэальнасці — нам сапраўды стала цікава, як маецца суразмоўцы.
Мы раптам успомнілі, што такое «флэшка» і як гэта — перадаваць яе з рук у рукі, а значыць, ужывую стасавацца з людзьмі і абмяркоўваць пры гэтым не толькі працоўныя моманты.
Нельга не адзначыць, што адключэнне інтэрнэту паспрыяла і сувязі паміж пакаленнямі. «У плюсе» аказаўся «олдскул» — тыя, хто жыў у пачатку інтэрнэт-эры. У некаторых яшчэ нават захаваліся мадэмы dial-up, якія працавалі праз тэлефонную лінію, і было цікава праверыць, ці спрацуе яшчэ знакаміты нумар «8-600-100» (на вялікі жаль, не — «Белтэлекам адключыў яго ў 2017 годзе).
Пакуль не працавалі Viber i Telegram, мы вярнуліся да амаль забытых ужо SMS. Гэты спосаб сувязі цяпер падаецца нават больш інтымным, чым «лісты кантактаў» у розных інтэрнэт-мэсэнджарах.
І пры ўсім пры тым дзяржава, адрубіўшы інтэрнэт краіне, многіх пазбавіла інтэрнэт-залежнасці. Нам зрабілі той самы «лічбавы дэтокс», пра неабходнасць якога кажуць на прасунутым Захадзе. Каб мы адарваліся ад манітораў і экранаў смартфонаў, паглядзелі навокал і ўсвядомілі, што жыццё — рэальнае. Каб мы пабачылі навакольны свет і жахнуліся, захапіліся, паглядзелі адно аднаму ў вочы і зразумелі: праўда заўсёды цікавейшая за выдумку, а рэальнасць цікавейшая за яе адлюстраванне. Інтэрнэт жа — толькі люстэрка грамадства і таго, што адбываецца навокал.
Я мяркую, што ў будучыні было б правільна адрубаць у краіне інтэрнэт на дзень-два недзе раз у месяц. Каб мы разумелі каштоўнасць рэальнага жыцця, а не нулікаў і адзінак у электронных ланцужках.
Прынамсі, мая дачка, якая раней казала, што дастаткова чытае ў інтэрнэце, папрасіла набыць ёй «Гары Потэра» на беларускай мове. Ці гэта не файна?
Аліна Бялова, budzma.by