10 красавіка споўнілася б 60 гадоў Сержуку Вітушку, пісьменніку, гісторыку, педагогу, аўтару казак для дарослых і дзяцей, кіраўніку легендарнай суполкі «Талака», стваральніку Беларускага музея ў Вільні. Неверагодна шырокае поле працы за такое кароткае жыццё. Сяргей Дубавец называе свайго сябра «ўзорам чалавечых паводзін і самарэалізацыі ў гэтым свеце», а «ягоны жыццёвы шлях, калі чалавек фактычна жыў без цела, — гэта існаванне чыстага духу ў нейкім сэнсе».
З нагоды юбілею распавядаем пра неверагоднае жыццё палымянага лідара «Талакі». Сваімі ўспамінамі пра Сержука Вітушку падзялілася з Budzma.org ягоная дачка Паўліна Вітушчанка.
Сяржук Вітушка. Фота: svaboda.org
Сяржук Вітушка нарадзіўся ў 1965 годзе ў мястэчку Чысць Маладзечанскага
раёна. Скончыў у Мінску прафесыйна-тэхнічную вучэльню № 68, пасля працаваў рабочым на вытворчым аб’яднанні «Інтэграл». У 1989 годзе скончыў гістарычны факультэт БДУ.
У 1985 годзе паўстае «Талака», ідэя якой выспела ў дзейнасці «Майстроўні» (1980–1984), Сяржук Вітушка становіцца яе кіраўніком.
«Напэўна, трэба было перахварэць нейкай непрыязнасцю да чужога, каб стаць палымяным патрыётам беларускага. Трэба было трошкі раззлавацца... трэба было адрозніць сябе, аддзяліць сябе ад рускага — ад рускай культуры, ад рускай мовы. Нам ніхто такога не навязваў. Мы самі гэта прыдумалі, і нам гэта было патрэбна, каб ўмацавацца ў сваёй веры, у сваёй правільнасці», — распавядаў у 2008 годзе Сяржук Вітушка.
Сяржук Вітушка. Фота: svaboda.org
Свядомыя моладзевыя лідары з розных куткоў краіны на агульнай нарадзе ў лютым 1985 года, як успамінае Вінцук Вячорка, вырашылі змяніць тактыку беларускай справы: не канцэнтраваць усе намаганні ў адной арганізацыі, а пачаць стварэнне ўсюды, дзе атрымаецца, беларускіх моладзевых клубаў і суполак, якія б дзейнічалі адкрыта, але мелі ў якасці лідараў надзейных людзей. Пачалося стварэнне спеўных, творчых, турыстычных, пазнаўчых, экалагічных, рэстаўрацыйных клубаў.
«Талака» стала «каардынацыйным цэнтрам твораных суполак, дала пачатак агульнабеларускаму нацыянальнаму моладзеваму руху (Канфедэрацыя Беларускіх Суполак), што паслужыў арганізацыйным апірышчам для Беларускага Народнага Фронту».
«Сяржук Вітушка з ягонымі шчырасцю, энергіяй і неверагоднай адказнасцю стаў лідарам для пакалення талакоўцаў. Ягоны рамантычны запал перадаваўся новым і новым людзям — хлопцам і дзяўчатам, студэнтам і не толькі.
Таму Сяржук быў самым адпаведным лідарам: скажам, правесці мітынг у абарону Высокага Места ад разбуральнага ўздзеяння 2-й лініі метро ў 1987 годзе і натхніць людзей яму ўдалося так, што ўлады адчулі няўпэўненасць, але мала што маглі выставіць вядоўцу ў віну, — успамінае Вінцук Вячорка. — Што да адказнасці, то яна ішла ад усведамлення місіі (а яшчэ, магчыма, ад жыццёвага выкліку, які паставіла перад ім цяжкая хвароба — паспець зрабіць што магчыма)».
Сяржук Вітушка ў часы "Талакі". Фота: svaboda.org
Сяржук Вітушка ўжо ў 80-х часта бываў у Вільні — наведваўся да беларусаў яшчэ таго, міжваеннага жыцця. А з 1991 года стаў віленчуком, пабраўся шлюбам з Людвікай Кардзіс, родам з Астравеччыны, якая тады ўжо жыла ў Вільні. Вяселле справілі ў музеі Максіма Багдановіча ў Мінску.
Сяржук Вітушка і Людвіка Кардзіс. Фота: svaboda.org
Вітушка настаўнічаў, працаваў на літоўскім тэлеканале, дзе рабіў ранішнюю беларускую перадачу, рэдагаваў краязнаўчую газету.
У пары з’яўляецца дачка Паўліна, якая, як казала ў адным з інтэрв’ю Людвіка Кардзіс, «адзіны чалавек у свеце, які мае прозвішча, што адпавядае беларускай традыцыі».
«Калі Паўліна нарадзілася, у нас не ўзнікла пытанняў, як яе запісаць, — распавядала Людвіка Кардзіс. — Я пайшла ва ўстанову, дзе праводзілі рэгістрацыю дзяцей, і ім тлумачу праблему. Там папрасілі прынесці нейкі дакумент. І тады з беларускай катэдры я прынесла даведку, што ў беларусаў сапраўды існуе традыцыя, калі жанчына да замужжа носіць бацькава прозвішча з дадаткам «-анка». Калі я ўжо забірала гэтае пасведчанне, гэтая жанчына мне кажа: «Ну вы дасціпныя, палякі і то з «-увнай» не прыйшлі, а беларусы з Вітушчанкай прыйшлі. Так што Паўліна стала Вітушчанкай».
Ва ўспамінах пра Сержука Вітушку часта гавораць пра яго рамантызм што да беларускай справы.
«Так, мне здаецца, беларускі рамантык — гэта вельмі трапна пра яго, — кажа ў інтэрв’ю Budzma.org Паўліна Вітушчанка. — Памятаю, ён распавядаў, як у падлеткавым узросце захапіўся беларушчынай, як звязаў тую беларускую мову, якая была ў яго дзяцінстве на вёсцы — такую сакавітую, сапраўдную, не савецкую, з мовай Караткевіча, якімі ён захапіўся падлеткам. Ён казаў мне, што з кніг Караткевіча нават выпісваў некаторыя словы, дадаваў да свайго багажу такой, скажам, генетычнай мовы. Відаць, знайшоў такі хлапечы скарб у гэтым. Гэтаму хлапечаму захапленню, думаю, мы сёння вельмі шмат чым абавязаныя. Маю на ўвазе, у тым ліку стварэнне Віленскага беларускага музея імя Івана Луцкевіча. Музей існуе і, як мне падаецца, існуе не горшым чынам.
Куратар беларускага музея імя Івана Луцкевіча Паўліна Вітушчанка
Пра такіх людзей, вельмі актыўных, кажуць, што іхняе блізкае кола жыве ў іх цені, а мы, здаецца, жывём у святле Сержука Вітушкі. Ягоныя напрацоўкі дагэтуль жывыя і мяне, як дачку, гэта, канечне, вельмі грэе».
Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча працаваў у 1921–1945 гадах у Вільні па Вастрабрамскай, 9. У 2001 годзе намаганнямі Сержука Вітушкі ў Літве зарэгістравана грамадскае аб’яднанне «Беларускі музей імя Івана Луцкевіча», у мэтах аднаўлення інстытуцыі пазначаныя даследаванне старажытнай гісторыі, фіксацыя гістарычнага працэсу і прэзентацыя гістарычных ведаў у грамадстве. Паводле заявы стваральнікаў, дзейнасць музея разумеецца «як працяг віленскай музейнай традыцыі», «падкрэсліваем — мы не проста ствараем — мы адраджаем Віленскі Беларускі Музей».
Частка бібліятэкі музея імя Івана Луцкевіча, 2022 г.
Пры тым, архівы выбітных беларусаў, творы, рэчы часам захоўваліся проста ў кватэры сям’і Сержука Вітушкі.
«Мяне гэта стаўленне бацькі да справы, шчыра кажучы, таксама вельмі захапляе. Тым больш цяпер, калі я сама ўжо займаюся музеем, грамадскай дзейнасцю. То бок гэтая прага штосьці зрабіць, нягледзячы на адсутнасць нейкіх фінансаў, нейкіх умоваў.
Для яго гэта было ясна — Беларускі музей мусіць быць, гэта спадчына мусіць захоўвацца. Хай сабе пакуль і ў нас у кватэры. Ён проста ведаў, што гэтыя рэчы вельмі лёгка апынаюцца на сметніку. Яму было важна клапаціцца пра беларускую спадчыну Вільні. І ён гэта рабіў.
Сяржук Вітушка ў часы "Талакі". Фота: svaboda.org
Цяпер мы шмат разбіраем гэтых архіваў у сваёй музейнай штодзённасці — і я бачу, як ён займаўся рэчамі. Напрыклад, збіраў жывыя вусныя ўспаміны, — распавядае Паўліна Вітушчанка. — Думаю, што тут і ягоная журналісцкая праца на тэлебачанні вельмі ў гэтым дапамагала, дадавала нейкай практыкі. Па-іншаму размаўляць з людзьмі, напрыклад. Ён распавядаў мне, што добры журналіст павінен умець прадставіцца такім сабе трошкі прастачком — каб яму ўсё да дробязі тлумачылі, нават самыя відавочныя рэчы, каб прагаворвалі. Цяпер, калі я сама гэта ўсё вывучаю, то бачу, што гэта абсалютна легітымная тэхналогія, каб даведацца нейкіх дэталяў, не баяцца сябе прадставіць некампетэнтным, каб дазнацца тое, што не было б выказана іначай».
Цукровы дыябет, які знайшлі ў Сержука Вітушкі яшчэ ў падлеткавым узросце, усё больш ускладняў жыццё дзеяча. У апошнія гады жыцця ён губляў зрок, хадзіў з кійком, але пры гэтым ладзіў экскурсіі па Вільні. Пісаў казкі — у 2012-м выйшаў кампакт-дыск «Дзінь-дзілінь: пара гуляць у казкі» з тэкстамі ад Сержука Вітушкі ды спевамі ад беларускіх зорак.
«Захапленне казкамі, думаю, было ад яго зацікаўленасці фальклорам увогуле. Вельмі цікавіўся батлейкай, гэта і зараз бачу з ягоных архіваў, — успамінае Паўліна Вітушчанка. — Ды і сама памятаю, як у дзяцінстве ён сабраў мяне, сяброў, іншых дзетак з беларускіх сем’яў у такі тэатрык і мы ставілі ягоную батлейку. І ў той жа час гэтыя казкі ёсць адбіткам майго дзяцінства — частка іх пісалася, калі я была маленькая, іх яшчэ ў «Нашай Ніве» падпісвалі бацькам і мною. Не памятаю, які там быў насамрэч мой уклад, але вось так. Казка — гэта цікавы жанр, дзе можна шмат паказаць, укласці і фальклорны матыў, і рэфармаваць яго неяк на сучасны манер, глядзець, як ён працуе ў сучасных рэаліях. Цікавая літаратурная гульня».
Сяржук Вітушка. Фота: svaboda.org
Шмат хто гаворыць пра аптымізм Сержука Вітушкі, нягледзячы на пакуты апошніх гадоў ад хваробы.
«Насамрэч, ён адчуваў і шмат песімізму таксама, але перамагаў аптымізм. Адна з такіх рэчаў, якая мяне заўжды захапляла ў ім, гэта ягоная паслядоўная праца па пошуку асалодаў, якія б падтрымоўвалі і радавалі. Як ён чакаў гэтай першай ягадкі ўлетку, такой каляровай у сваіх смаках... чытаў шмат рэцэптурных кніг, цікавіўся тэхналагічным гатаваннем ежы. Гэта хобі заставалася яму даступным нават тады, калі ён страціў зрок. Таксама даволі нечакана. Пры тым гатаваў вельмі смачна, — распавядае Паўліна Вітушчанка. —
Я б адзначыла і аптымізм, і ў той жа час вельмі крытычны погляд. Вельмі ўважліва ставіўся да рэчаў, да дзейнасці людзей, з якімі мы былі ў нейкім сумоўі ці супрацы, скажам так: Ці эфектыўна тое, што яны робяць? Ці гэта правільна? ці гэта набліжае нас да беларускай справы? Гэта ніколі не быў такі вось сляпы ідэалізм, гэта заўжды было вельмі ўважлівае крытычнае мысленне».
Страціўшы зрок, Сяржук Вітушка вучыўся друкаваць на камп’ютары ўсляпую. І пісаў вершы.
Krajina
Na pašparcie zołatam — VKL,
I viza ź minuŭščyny ŭ novi.
Čytajcie, zajzdroście — ja hramadzianin
Vialikaha Kniastva Lubovi.
Сяржук Вітушка памёр 2 ліпеня 2012 года ў Вільні. Пахаваны ў родавай вёсцы Рагава.
Рыгор Сапежынскі, Budzma.org