Працягваем вандраваць разам з «Будзьма!» па беларускіх абшарах. Сёння наведаем Мёрскі раён Віцебскай вобласці. Прапануем наступны маршрут: Дзісна — Дарожкавічы — Галомысла — Язна — Мёры — Лявонпаль — Вята — Пруднікі — Ідолта — Асада-Дзедзіна — Ніўнікі — Пераброддзе — Камянполле — Кублішчына — Новы Пагост — Стэфанова — Ельня. Тут нас чакаюць старасвецкія палацы, унікальныя прыклады сакральнай архітэктуры, прыродныя помнікі, верхавое балота Ельня, адзіны ў Беларусі вадаспад на рацэ Вята, паромная пераправа праз Дзвіну і процьма іншых цікавостак. Сёння наведаем горад Мёры ды вёскі Лявонпаль і Вята.
Фота: wikimedia.org
Мёры
Далей прапануем рушыць у цэнтральную частку Мёрскага раёна, горад Мёры. Мёры ўпершыню ўзгадваюцца ў пісьмовых крыніцах ў 1514 годзе як маёнтак Мярэя. У 1567 годзе ўжо як маёнтак пад назвай Мёры. У 1621 годзе ў Мёрах гаспадарыў род Мірскіх, якія фундавалі тут будаўніцтва першай праваслаўнай царквы, пазней кляштара, якія ў 1690 годзе падаравалі ва ўласнасць уніятаў.
Фота: planetabelarus.by
Першы рыма-каталіцкі касцёл у Мёрах быў узведзены ў 1691 годзе і праіснаваў да 1862 года. Пры касцёле ў 1728 годзе быў заснаваны кляштар канонікаў рэгулярных. Кляштар быў ліквідаваны расійскай уладай па Лістападаўскім паўстанні 1830–1831 гг.
У 1907 годзе на месцы драўлянай капліцы па праекце віленскага архітэктара Антонія Філіповіча-Дубовіка быў збудаваны каталіцкі храм Узнясення Найсвяцейшай Панны Марыі, які мы можам пабачыць у Мёрах і сёння. Будынак быў узведзены з чырвонай цэглы ў найбольш распаўсюджаным на той час на тэрыторыі Беларусі сярод каталіцкіх храмаў неагатычным стылі. Пасля Другой сусветнай вайны ў будынку касцёла было зроблена зернясховішча, але храм вярнуўся да вернікаў зноў у 1956 годзе. Сёння касцёл у Мёрах унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.
Фота: wikimedia.org
Сярод унутранага аздаблення храма варта звярнуць увагу на абразы «Маці Божая Ружанцовая» і «Юзаф з Дзіцём» пачатку ХІХ стагоддзя, «Маці Божая Чанстахоўская» 1878 года, на драўляную скульптуру «Укрыжаванне», што захавалася з ХІХ стагоддзя.
Чытаць па тэме: Вандруем разам з «Будзьма!». Што паглядзець у Мёрскім раёне. Частка другая
Фота: wikimedia.org
Лявонпаль
Далей прапануем рушыць у колішні маёнтак Лявонпаль, дзе захавалася сядзіба былых гаспадароў паселішча — роду Лапацінскіх, калона ў гонар Канстытуцыі 3 траўня — помнік архітэктуры ХVIII стагоддзя, ды драўляная праваслаўная царква, збудаваная ажно ў 1774 годзе.
Першапачаткова маёнтак на беразе Дзвіны Лявонпаль меў назву Чурылавічы, але пасля таго, як маёнтак набыў Мікола Лапацінскі, ён быў перайменаваны новым гаспадаром у гонар ягонага бацькі Лявона Лапацінскага. У 1775 годзе новы гаспадар запрашае італійскага архітэктара Абрахама Антонія Гену і паводле ягонага праекта закладае тут сваю летнюю рэзідэнцыю. Сядзіба была ўзведзена ў 1769 годзе ў стылі позняга барока. Сёння гэты будынак пераўладкаваны пад храм і належыць парафіянам каталіцкай царквы.
Фота: travelling.by
Фота: travelling.by
Мікалай Лапацінскі ў сядзібу ў Лявонпалі перавёз сямейны архіў, бібліятэку з каштоўнымі выданнямі, галерэю твораў мастацтва. Навокал сядзібы быў закладзены парк у французскім стылі. На тэрыторыі сядзібна-паркавага комплексу была і знакамітая на ўсю краіну аранжарэя з разнастайнымі гатункамі экзатычнай садавіны. Там вырошчваліся ананасы, памаранчы, цытрыны, гранаты і іншыя экзоты. Яшчэ ў Лявонпалі была наладжана вытворчасць паласаў, сурвэтаў, абрусаў з друйскага лёну.
Фота: planetabelarus.by
Фота: travelling.by
Пасля смерці Мікалая Лапацінскага маёнтак перайшоў у спадчыну да ягонага сына, ваяводы мсціслаўскага Яна Нікадзіма Лапацінскага. Ён працягнуў традыцыю бацькі: пашыраў бібліятэку, набываў разнастайныя прадметы мастацтва для калекцыі, да таго ж сам займаўся стварэннем гравюраў ды скульптураў.
Апроч выдатнага мастацкага густу Ян Нікадзім Лапацінскі быў яшчэ і зацятым патрыётам, ягоная гравюра з партрэтам Тадэвуша Касцюшкі — адна з самых тыражаваных выяваў знакамітага генерала. Яшчэ ў памяць аб апошняй спробе захаваць Рэч Паспалітую, прыняцці Канстытуцыі 3 траўня 1791 года, загадаў узвесці калону, якую на беразе Дзвіны ў Лявонпалі можам пабачыць і сёння.
Фота: planetabelarus.by
Фота: fotobel.by
Чытаць па тэме: Вандруем разам з «Будзьма!». Што паглядзець у Мёрскім раёне. Частка першая
Таксама часткова захаваўся фрагмент прысядзібнага парку, адзін з двух двухпавярховых флігеляў, некалькі гаспадарчых пабудоваў. Сам жа будынак сядзібы моцна пацярпеў падчас вызвольнага паўстання 1830–1831 гг. ад царскіх жаўнераў, ён быў моцна разбураны ды разрабаваны. Толькі ў 1919 годзе быў адрамантаваны ды пераўладкаваны ў касцёл. Па Другой сусветнай вайне савецкія ўлады зачынілі храм, будынак выкарыстоўваўся як прафілакторый Мінскага інстытута культуры. Толькі ў 1990-я гг. храм вярнуўся да каталікоў.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Самі Лапацінскаія былі грэка-каталікамі і ў 1774 годзе фундавалі будаўніцтва ўніяцкай драўлянай царквы ў Лявонпалі, будынак якой захаваўся і па наш час. Сёння помнік традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры храм Святой Тройцы належыць праваслаўнай царкве і ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі як адзін з найбольш старажытных драўляных храмаў не толькі на Мёршчыне, але і ва ўсёй краіне.
Фота: planetabelarus.by
Першапачаткова царква была двухвежавай, але з-за перабудовы, якая адбылася ў 1950-х гг., яе знешні выгляд моцна змяніўся. Храм адрозніваецца сваёй лаканічнасцю, сціпласцю аздаблення, характэрнай для помнікаў народнага дойлідства.
Фота: Андрэй Кузнечык
У інтэр’еры царквы варта звярнуць увагу на драўляную скульптуру «Укрыжаванне» XVIII стагоддзя, абразы XVIII–XIX стагоддзяў «Святы Пётр» і «Святы Павал».
Вята
Наступным пунктам вандроўкі па Мёршчыне прапануем зрабіць вёску Вята. Тут захаваўся яшчэ адзін помнік драўлянага дойлідства — рыма-каталіцкі касцёл 1934 года пабудовы.
Фота: radzima.org
Упершыню Вята ўзгадваецца ў прывілеі Жыгімонта Старога ад 24 кастрычніка 1515 года гаспадару тутэйшых мясцінаў Яну Сапегу на пабудову на вусці ракі Вята на Дзвіне замка, заснаванне горада, рынку і шынкоў. У 1556 годзе паселішча перайшло да Пронскіх, а ў 1556 годзе да Сяняўскіх, пасля да Мірскіх. Замак у Вяце на мапах ВКЛ пазначаўся ажно да XVI–XVII стагоддзяў, аднак пазнейшыя звесткі пра яго не захаваліся. Верагодна, ён быў знішчаны маскоўскім войскам падчас Трынаццацігадовай вайны і больш не аднаўляўся.
Вята, замчышча, 1930
Замак у Вяце вандроўнікі, зразумела, ужо не пабачаць, але драўляны касцёл Св. Яна Хрысціцеля 1934 года пабудовы захаваўся да нашага часу. Фундатарамі храма былі ксёндз Бародзіч і лявонапальскі пробашч Ян Завістоўскі, які і стаў першым святаром у касцёле. Будынак быў узведзены жаўнерамі Корпуса аховы памежжа з дапамогай мясцовых парафіянаў.
Вядома, што 24 чэрвеня 1937 года ў храме быў урачыста асвечаны і ўсталяваны звон імя маршала Пілсудскага, ахвяраваны палкоўнікам Люцыянам Янішэўскім. Адмыслова пад гэты звон па-над касцёлам у 1936 годзе была ўзведзена вежа, а мясцовыя парафіяне ў гонар урачыстасці падаравалі касцёлу два абразы Маці Божай Вастрабрамскай.
Фота: radzima.org
Падчас Другой сусветнай вайны будынак быў пашкоджаны, за Саветамі касцёл пераўтварылі ў зернясховішча, потым у сховішча для лёну ды воўны. Жыхары Вяты ўратавалі ад знішчэння касцёльныя рэліквіі: звон ды абразы. Сёння звон можна пабачыць у касцёле Узнясення панны Марыі ў Мёрах.
Фота: mijory.by
У пачатку 1990-х гг. храм быў вернуты вернікам, адрамантаваны і паўторна асвечаны. Набажэнствы тут адбываюцца некалькі разоў на год на найбольш шанаваныя каталіцкія святы.
Фота: radzima.org
Вандруйце разам з «Будзьма!». Працяг будзе. ПЖ.