Нас з дзяцінства вучылі, што Беларусь — краіна з развітымі машынабудаваннем і сельскай гаспадаркай. Але ніхто ніколі не расказваў, колькі адходаў застаецца, напрыклад, пасля адпрацаванага «МАЗа» або дзе захоўваюцца сельскагаспадарчыя ядахімікаты.
На практыцы многія небяспечныя адходы ў нас не перапрацоўваліся, а проста складзіраваліся або закопваліся ў зямлю, забруджваючы грунтавыя воды і наваколле. Калі пачалі ацэньваць маштабы праблемы, аказалася, што самастойна справіцца з ёй дзяржава не ў стане — праз недахоп сродкаў і экспертаў. Тады на дапамогу прыйшлі экалагічныя НДА, якія пачалі прыцягваць у Беларусь сродкі Глабальнага экалагічнага фонду і іншых буйных донараў, а таксама знаёміць грамадства з найлепшымі экапрактыкамі.
Што ўдалося зрабіць і якія болевыя кропкі яшчэ не закрытыя? Пра гэта budzma.by паразмаўляла з гендырэктарам ГА «Беларускі экалагічны рух» Анастасіяй Ждановіч.
Нябачныя адходы «МАЗ» і Слонімскага палігона
Гэтае аб’яднанне першым у краіне пачало на практыцы вырашаць праблему абясшкоджвання адходаў, якія ўтрымліваюць стойкія арганічныя забруджвальнікі. Арганізацыі ўдалося вывезці з машынабудаўнічага завода «МАЗ» 19 тон кандэнсатараў на ўтылізацыю на завод у Германію.
— Сёння кандэнсатары і трансфарматары ад адпрацаваных машын проста захоўваюцца на складах. Але яны ўтрымліваюць небяспечныя поліхларыраваныя біфенілы, — распавядае Анастасія Ждановіч. — А паколькі Беларусь падпісала Стакгольмскую канвенцыю аб стойкіх арганічных забруджвальніках, мы абавязаныя да 2025 г. спыніць выкарыстанне небяспечных адходаў з САЗ, а да 2028 г. забяспечыць поўнае абясшкоджванне. Але ў Беларусі няма ўтылізатарскіх заводаў. Нашым праектам мы хацелі прыцягнуць ўвагу да праблемы і выпрацаваць практычнае рашэнне. У выніку была адпрацаваная схема ўпакоўкі, транспартавання і знішчэння кандэнсатараў экалагічна бяспечным чынам на нямецкім заводзе. Так, гэта дарагія тэхналогіі, і ў дзяржавы пакуль няма сродкаў на сістэмны вываз такіх адходаў. Але мы паказалі, як магчыма вырашаць праблему, знайшлі партнёраў, змянілі стаўленне да сітуацыі.
Таксама «Беларускі экалагічны рух» садзейнічаў утылізацыі пестыцыдаў з самага буйнога беларускага захавання ядахімікатаў. На Слонімскі палігон у 70-х гадах мінулага стагоддзя звозіліся тоны пестыцыдаў з усёй краіны, палову з якіх складаў адзін з самых небяспечных ядахімікатаў — ДДТ. Гэтыя адходы проста залівалі ў бочкі і закопвалі ў зямлю.
— Праблема выявілася, калі на тэрыторыях, прылеглых да захавання, у грунтавых водах санэпідэмслужба адзначыла сур’ёзнае перавышэнне дапушчальнай колькасці пестыцыдаў. Аказалася, што з часам ўпакоўка пашкодзілася, і ядахімікаты пачалі прасочвацца ў навакольнае асяроддзе. Тысячы мясцовых вясковых жыхароў пілі гэтую ваду з калодзежаў, недалёка знаходзілася рака Шчара, галоўная водная артэрыя 50-тысячнага горада Слоніма. Таму паўстала пытанне аб ліквідацыі палігона. Гэты праект фінансаваўся праз грант Глабальнага экалагічнага фонду. Я была кансультантам праекта. Паводле дакументаў, на палігоне былі пахаваныя 900 тон адходаў. Але калі раскапалі пахаванне, выявілася, што там амаль 2100 тон. Таму дзяржава таксама пачала шукаць дадатковыя сродкі на ўтылізацыю лішняга аб’ёму. Агульныя выдаткі на ліквідацыю Слонімскага захавання склалі $4,5 млн (3 млн — сродкі міжнароднай тэхнічнай дапамогі і 1,5 млн — з дзяржаўнага бюджэту Беларусі).

Ліквідацыя пестыцыдаў са Слонімскага палігона
У выніку ліквідацыі палігона колькасць непрыгодных пестыцыдаў у краіне скарацілася на 25% — з 7530 да 5660 тон.
Гэта не адзінае пахаванне ядахімікатаў у Беларусі. Таму праект быў такі важны — дзякуючы яму сёння мы ўжо ведаем, як і дзе ліквідаваць небяспечныя пестыцыды. Мы атрымалі ўнікальны вопыт і давер Глабальнага экалагічнага фонду, які ўжо выдаткаваў для Беларусі $8,4 млн на рэалізацыю наступнага праекта, — тлумачыць эксперт.
У спадчыну ад СССР нам таксама засталася вялікая колькасць былых прамысловых і будаўнічых кар’ераў з дэградаванай глебай. Арганізацыя знайшла просты і хуткі спосаб аднавіць гэтыя землі і ператварыць іх са сметніц у зялёныя тэрыторыі.
— З дапамогай валанцёраў мы расчысцілі 4 кар’еры і 10-мініпалігонаў і высадзілі там каля 180 000 дрэў, — распавядае Анастасія. — У выніку было адноўлена каля 29 га зямель. Дарэчы, 29 га лесу ў дзень паглынаюць каля 6 тон вуглякіслага газу і 1140 тон пылі!
Гэты праект увайшоў у ТОП-10 найлепшых практык Праграмы малых грантаў Глабальнага экалагічнага фонду ў Беларусі.
Мастацтва са смецця супраць смецця
Грамадскае аб’яднанне падтрымлівае развіццё ў Беларусі і экалагічнага мастацтва.
— Сёння ў найлепшых сусветных галерэях можна ўбачыць карціны і інсталяцыі, зробленыя з адходаў, — працягвае Анастасія. — Напрыклад, у лонданскіх папулярных галерэях сучаснага мастацтва “Тэйт мадэрн” і “Саатчы” стаяць горы смецця, за якімі пільна сочаць ахоўнікі. Гэта спосаб прыцягнуць увагу грамадства да экалагічных праблем. Напрамак развіваецца з 60-х гадоў мінулага стагоддзя, але ў Беларусі яшчэ зусім не распаўсюджаны. Таму я сумесна з маладымі беларускімі мастакамі Алегам Касцючэнкам і Аляксеем Кузьмічом стварылі арт-групу «12», якая займаецца прасоўваннем і папулярызацыяй экамастацтва ў Беларусі і за мяжой. Наш першы праект «SDGs» быў прадстаўлены ў лютым у рамках міжнароднага форуму рэгіянальных каардынатараў па Мэтах устойлівага развіцця ў Мінску, на якім прысутнічалі дэлегацыі з 50 краін свету і першы намеснік Генеральнага сакратара ААН Аміна Махамед. Спадзяемся хутка выставіцца ў мінскіх галерэях.

Арт-група Анастасія Ждановіч, Алег Касцючэнка, Аляксей Кузьміч
Болевыя кропкі
«Беларускі экалагічны рух» таксама хоча змяніць практыку высечкі хворых дрэваў.
— Сёння праз жука-караеда ў нашых лясах высякаецца велізарная колькасць дрэў. На базе Краснапольскага лясгаса мы хочам паказаць больш эфектыўныя практыкі вырашэння праблемы. У рамках праекта мы плануем ўсталяваць ферамонавыя пасткі, закласці гадавальнік саджанцаў, каб разнастаіць відавы склад дрэў, бо караед перамагае ў асноўным елкі і хвою, набыць дрон з вялікім разрозненнем, каб вызначаць хворыя дрэвы і своечасова кропкава іх высякаць.
Актуальным застаецца і пытанне з пластыкам, 80% якога не перапрацоўваецца і не знішчаецца. Гэта сусветная праблема, над рашэннем якой думаюць ва ўсім свеце.

Адраджэнне кар’ераў
— Па прагнозах брытанскага фонду Элен Макартур, да 2025 г. на кожныя тры кілаграмы рыбы ў сусветным акіяне будзе 1 кг пластычнага смецця, а да 2050 г. удзельная вага смецця перавысіць аб’ём усёй рыбы на Зямлі. Ужо сёння ў кожнай трэцяй рыбе знаходзіцца мікрапластык, — прыводзіць дадзеныя Анастасія Ждановіч.
У планах арганізацыі падняць і праблему перапрацоўкі медыцынскіх адходаў.
— У Беларусі сёння забруджаныя вата і бінты абеззаражваюць і выкідаюць на звалкі. У цывілізаваных краінах ужо робяць па-іншаму — іх цалкам утылізуюць, каб выключыць заражэнне небяспечнымі захворваннямі людзей і асяроддзя.
На думку Анастасіі Ждановіч, адна з галоўных місій экалагічных арганізацый — мяняць мысленне грамадства, якое мусіць зразумець сваю адказнасць за будучыню. Змены пачынаюцца з кожнага з нас.
Ганна Кручкова
Фота з архіва А. Ждановіч
ГА «Беларускі экалагічны рух» заснаванае ў 1996 годзе. За час сваёй дзейнасці арганізацыя прыцягнула ў Беларусь больш за $300 тыс, ажыццявіла 6 буйных праектаў.