Myslovitz едзе ў Беларусь

x_b8824020

Адна зь вядучых рок-камандаў Польшчы ўпершыню прыедзе ў Менск з канцэртам. За арганізацыю іх выступу ўзяўся Піт Паўлаў.

«Мы запрасілі Myslovitz у Беларусь, таму што гэта самы крэатыўны і ўплывовы польскі гурт на сёньня, які праводзіць да ўсяго ўласны рок-фэст і істотна ўплывае на фармаваньне музычнага густу ў сваёй краіне», — так патлумачыў музыкант і прадусар свой выбар.

Шырокую вядомасьць гурт Myslovitz атрымаў пасьля выданьня свайго альбома «Milosc w czasach popkultury» ў 1999 годзе, які разышоўся накладам у 150 тысячаў, а сынгл «Dlugosc dzwieku samotnosci» стаў адным з галоўных польскіх рок-гітоў. Вядомасьць гурта выйшла ўжо за межы Польшчы. У 2005 годзе ён быў адзначаны прэміяй «Эўрапейскі прарыў» Эўракамісіі за альбом «Korova Milky Bar», які стаў лідэрам продажаў у дзесяці новых краінах Эўразьвязу. Музыкі выдалі дыск у двух варыянтах — па-польску і па-ангельску. Узнагародзіла іх і польскае Міністэрства замежных справаў — за заслугі ў прамоцыі Польшчы за мяжой.

Канцэрт Myslovitz у Менску заплянаваны на 3 сьнежня ў клюбе «Рэактар». Выступ ладзіцца пры падтрымцы Польскага інстытуту. Дзякуючы гэтаму квіткі на Myslovitz будуць каштаваць досыць танна — 15 тысячаў рублёў, польскія грамадзяне і беларускія студэнты, што вывучаюць польскую мову, атрымаюць дадатковую зьніжку.

Гурт у сеціве — www.myslovitz.pl