На Берасцейшчыне адкрылі турыстычны маршрут “380-годдзе з дня нараджэння Казіміра Лышчынскага”

11.12.2014 Культура

9 снежня ў Брэсцкім раёне адбылася прэзентацыя школьнага турыстычнага маршруту «380-годдзе з дня нараджэння Казіміра Лышчынскага», які закліканы азнаёміць гасцей Прыбужжа з памятнымі аб’ектамі і гісторыка-культурнай спадчынай роду Лышчынскіх.

Удзельнікі мерапрыемства наведалі Брэсцкі раённы Дом рамёстваў у в. Астрамечава, які стаў адным з цэнтраў па вывучэнні гісторыі старажытнага роду Лышчынскіх. Там жа, госці азнаёміліся з багатай гісторыяй Прыбужскай зямлі, з традыцыямі адраджэння народнай матэрыяльнай культуры і рамёстваў. Затым дырэктар Дома рамёстваў Таццяна Лук’янюк паказала месца, дзе размяшчаўся маёнтак філосафа, рэшткі парку і мясцовыя помнікі гісторыі. На жаль, практычна нічога з матэрыяльнай спадчыны знакамітага роду да нашага часу не захавалася.

Вучні ДУА «СШ в. Новыя Лышчыцы», правялі для гасцей пазнавальную экскурсію па абноўленаму ў 2014 годзе школьнага музею, дзе прадстаўлены матэрыялы, якія распавядаюць аб асноўных этапах жыццёвага шляху вядомага земляка. Тут у адным з пакояў зроблена спроба ўзнавіць атмасферу езуіцкай навучальнай установы, дзе вучыўся маленькі Казімір.

На заканчэнне сустрэчы настаўнікамі і школьнікамі быў арганізаваны вечар-партрэт, прымеркаваны да дня нараджэння філосафа і асветніка 17 стагоддзя. Таксама гасцям наглядна прадэманстравалі, як экіпіявалі «лятучых» гусар – элітную цяжкую кавалерыю Вялікага княства Літоўскага, у шэрагах якой з 14 гадоў пачаў ваенную службу Казімір Лышчынскі.

 

virtual.brest.by