Пасля адведзін Наваградчыны і возера Свіцязь экспедыцыя “Будзьмы” скіравалася на поўдзень краіны — у Веткаўскі раён. У тым, што гэта — сапраўдны цмачыны край, мы пераканаліся яшчэ ў часе гутаркі з галоўным цмоказнаўцам Гомельшчыны Андрэем Скіданам. Спадар Андрэй апавядаў пра цмокаў так “смачна”, што мы захацелі пабачыць усё на ўласныя вочы…


Жлобін: два цмокі!
Як вядома, Жлобін — край памаранчавых кракадзілаў і фіялетавых папугаяў. Дзеля таго, каб іх пабачыць, не абавязкова прымаць па чарзе мёртвую і жывую ваду — дастаткова спыніцца ў прыдарожным шапіку з цацкамі, як гэта зрабіла нашая экспедыцыя. Як на замову, тут нас чакалі адразу два цмокі — старэйшыя браты нашага. Жыве вобраз у народзе!

Пасля невялікай фотасесіі рухаемся далей у бок Гомеля, дарогаю прыпыняючыся палюбавацца чароўнымі краявідамі над Дняпром.


Ветка: цмок на ручніку, абразах і Евангеллі
Ветку заснавалі ў 1683-85 гадах выхадцы з “самога белакаменнага горада Масквы” — стараверцы. Гэтае адгалінаванне праваслаўя ўзнікла пасля царкоўнай рэформы 1660-х гадоў. Стараверцы не прынялі многія рэформы і працягвалі дзейнічаць па-даўнейшаму. За што іх і назвалі тады “раскольнікамі”.
Перад Веткаўскім музеем стараверства і беларускіх традыцый імя Фёдара Шклярава нас сустракаюць шаноўная дырэктарка Галіна Рыгораўна Нячаева і шаноўны навуковы супрацоўнік Андрэй Скідан.

— Андрэю, правядзі іх спачатку па музеі абсалютна моўчкі, гэта зойме 15 хвілін, — хітравата кажа Галіна Рыгораўна.
Галіна Нячаева працуе дырэктарам з 1988 года, калі не стала заснавальніка і першага дырэктара Фёдара Рыгоравіча Шклярава, чыё імя сёння носіць музей. Фёдар Шкляраў быў мастаком, калекцыянерам, збіральнікам фальклору і артэфактаў. Ягоная калекцыя і легла ў аснову музея. А тут — дзясяткі стараверскіх абразоў і рэчаў, Евангеллі XVІ-XVII стагоддзя, стогадовыя ручнікі…

Як высветлілася потым, парада дырэктаркі “правесці нас па музеі моўчкі” была своеасаблівым тэстам: колькі цмокаў мы заўважым самі? А пачынаюцца цмокі ўжо на драўлянай музейнай браме ручной работы: два сімпацягі ахоўваюць сотні бясцэнных экспанатаў.



Пасля “маўклівай экскурсіі” дырэктарка хітравата пасміхаецца:
— То бок цмокаў на рукапісным Евангеллі XVII стагоддзя і на стогадовым ручніку вы не заўважылі?..

Каемся, што не заўважылі і адпраўляемся на другую спробу, ужо з каментарамі спадара Скідана. Ён — унікальны чалавек, самы аўтарытэтны цмоказнаўца на Гомельшчыне. Чаго варты той факт, што спадар Андрэй першы абвясціў аб знаходцы страчанага раней артыкула “Аб абароне цмокаў” са Статута Вялікага Княства Літоўскага і нават прадэманстраваў публіцы здабытую неймавернымі хітрыкамі старонку.
…Заходзім у вялікую залу з ручнікамі. Першае, што кідаецца ў вочы, — ручнік з “будзьмаўскімі” чалавечкамі!..


— Як з’явілася кампанія “Будзьма беларусамі!”, я адразу падумаў: дакладна з нашага ручніка ўзор пазычылі! Але гэта добра! Вы пафоткайце і іншыя нашыя ручнікі — можа, яшчэ якія ўзоры спатрэбяцца. Яны ў нас у Ветцы ўнікальныя! Ды таго ж, у нас — найбуйнейшы збор ткацтва з гэтага рэгіёна!


Побач з “будзьмаўскім” — ручнік з сапраўднымі цмокамі!..

— Мне таксама тут бачыцца Цмок, хоць некаторыя сцвярджаюць, што гэта індыкі… — усміхаецца спадар Андрэй.
Вам не перадаць, наколькі добрая аўра, наколькі лёгка і светла робіцца ў гэтай зале, дзе сабрана столькі найкаштоўнейшых старадаўніх беларускіх ручнікоў!.. Тут жа апавядаецца пра некаторыя старадаўнія абрады. Напрыклад, абрад “Свяча”, калі раз на год рытуальную свечку пераносілі з хаты ў хату. Альбо абрад “Пахаванне стралы”, калі свячу, апранутую у дзявочую сукенку, хавалі ў жыце…
Тэкст Глеб Лабадзенка
Фота Аляксандр “Таранціна” Ждановіч