16 красавіка ў Пакалюбіцкай сярэдняй школе (Гомельскі раён) і ў дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці г. Веткі адбыліся сустрэчы з Ларысай Раманавай.
З апорай на традыцыі рабіць прыгажэйшым і лепшым сённяшняе беларускае духоўнае быццё — на такую праграму настройваюць многія яе вершы, празаічныя творы. Дзеці старэйшых груп, якія выхоўваюцца ў цэнтры развіцця г. Веткі, вучні 5-7 класаў Пакалюбіцкай школы спрабавалі разважаць і адказваць на пытанні: што неабходна рабіць, каб наш свет быў прыгожы? Дзеля чаго — ручнік на Куце, скацерка на стале, дзеля чаго — кветкі, узоры на ручніку? Чаму птушка, матылёк — сімвалы душы? Такіх пытанняў — безліч.
Зрэшты, у многіх вершах Ларысы Раманавай гучаць пытанні, на якія цяжка адказаць:
— Якім ты ёсць?
— Якім ты быў?
— Якім ты будзеш заўтра? — пытаюцца колцы калодзежа.
( з верша “Пры святле сонца”).
Падчас сустрэчы ў Пакалюбіцкай школе вучні і настаўнікі распавядалі пра гісторыю сваёй вёскі, пра тое, што адна з вуліц у Пакалюбічах названа ў гонар мясцовага пісьменніка Івана Сяркова. Згадалі цікавую легенду, звязаную з паходжаннем назвы вёскі. Праспявалі песню, прысвечаную роднай мове.
Былі разыграны прызы літаратурна-этнаграфічнай віктарыны. Вучні Хальчанскай і Пакалюбіцкай школ, выхаванцы дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці г. Веткі атрымалі ў падарунак сувеніры, падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”, у межах якой ладзіліся літаратурныя сустрэчы.