На выходны ў Слонім: як даехаць, што паглядзець, дзе падсілкавацца. Гайд ад «Будзьма!»

Калі на выходных не шмат часу, а павандраваць хочацца, раім абраць дзеля азнаямлення нейкае беларускае мястэчка і неадкладна рушыць туды. У нашай традыцыйнай вандроўцы гэтым разам наведаем адзін з самых старажытных гарадоў Панямоння — Слонім, вядомы ў пісьмовых крыніцах ажно з 1252 года.


Azdabliennie vakzala ŭ Slonimie
Аздабленне вакзала ў Слоніме 

Як дабрацца

З Мінска да Слоніма — каля 200 кіламетраў. Зручней за ўсё дабірацца па шашы М1 з паваротам на Р99 на ўласным аўто, маршруткай альбо цягніком. Камфортны варыянт цягніка для аднадзённага падарожжа адыходзіць а 6-й ранку і абяцае быць у Слоніме каля 9-й.

Budynak u Slonimie
Будынак у Слоніме

Што паглядзець

Вакзал

Калі прыедзеце ў Слонім на цягніку, агляд архітэктурных цікавостак варта пачынаць ўжо з вакзала. Будынку ўжо больш за 100 год, ён быў узведзены ў 1922 годзе. На вакзале можна азнаёміцца з гайдам па турыстычных мясцінах Слоніма і Слонімшчыны ды пабачыць мастацкую выяву галоўных мясцовых славутасцяў. Тут жа побач з будынкам варта звярнуць увагу на водацяжную вежу ў стылі мадэрн, узведзеную адначасова з вакзалам.

Slonimski vakzal
Слонімскі вакзал. Фота: planetabelarus.by

Касцёл Святога апостала Андрэя

Адной з галоўных архітэктурных перлінаў Слоніма ёсць касцёл Святога апостала Андрэя, ён знаходзіцца недалёка ад вакзала на шляху ў цэнтр Слоніма. Храм быў узведзены напрыканцы ХVІІІ стагоддзя, а больш дакладна, у 1775 годзе. Будынак касцёла таксама барочны, як і вялікая колькасць захаванай архітэктурнай спадчыны Слоніма, але гэта ўжо больш вытанчанае позняе барока, калі параўноўваць з бернардзінскім касцёлам, сёння праваслаўнай Траецкай царквой, якую пабачым у цэнтры горада Унутры бажніцы буяе ракако, што тыпова для беларускіх каталіцкіх храмаў гэтага перыяду пабудовы. Арыгінальныя фрэскі касцёла моцна пацярпелі, бо за савецкім часам тут было сховішча солі.

Kasciol Sv. apostala Andreja
Касцёл Св. апостала Андрэя

Kasciol Sv. apostala Andreja
У двары касцёла Св. апостала Андрэя 

А ўнутры касцёла можна пабачыць копію аднога з найбольш шанаваных абразоў Беларусі Жыровіцкай Божай Маці. Спіс з арыгінальнай іконы быў дасланы з Рыма ў Жыровічы ў XVIII стагоддзі. Менавіта гэты абраз і быў ушанаваны папскімі каронамі самым першым на тэрыторыі Беларусі ў 1730 годзе.

Abraz Žyrovickaj Božaj Maci ŭ Slonimie
Абраз Жыровіцкай Божай Маці ў Слоніме 

Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштар бернардзінак

Забудовамі, што фармуюць аблічча Слоніма, з’яўляюцца кляштар бернардзінак і касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, закладзеныя напрыканцы ХVІІ стагоддзя. Архітэктурны ансамбль бернардзінак сёння размяшчаецца сярод шчыльнай забудовы цэнтра Слоніма. Дадзены храм — помнік архітэктуры барока, але знешне вельмі аскетычны, што характэрна для мясцовай версіі стылю барока. Унутры касцёл аздоблены ў стылі ракако. У ХІХ стагоддзі да храма быў дабудаваны кляштар. Унутры касцёла варта звярнуць увагу на выкшталцоныя інтэр’еры, а таксама на арган 1909 года.

Kasciol Biezzahannaha Začaccia Najsviaciejšaj Dzievy Maryi
Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі 

Kliaštar biernardzinak
Кляштар бернардзінак 

Слонімская сінагога

Стыль барока дамінаваў у Слоніме і сярод іншых канфесій, пра што сведчыць ацалелая сінагога. Мясцовая сінагога — адзін з самых старых архітэктурных помнікаў мястэчка, узведзены ў 1642 годзе. Будынак высокі, з масіўнымі сценамі і барочным франтонам, з’яўляецца адной з дамінантаў знешняга выгляду Слоніма і сёння. Унутры захаваліся рэшткі роспісаў і аўтэнтычная біма — месца на ўзвышэнні ў цэнтры сінагогі ў выглядзе альтанкі з балюстрадай, з якога чытаецца Тора.

Slonimskaja sinahoha
Слонімская сінагога. Фота: planetabelarus.by

Доўгі час сінагога была галоўным малітоўным домам слонімскіх яўрэяў. Але за Другой сусветнай вайной амаль уся слонімская яўрэйская супольнасць Слоніма была знішчана. Пасля вайны будынак выкарыстоўваўся пад розныя гаспадарчыя патрэбы. Апошнія гады сінагога пустуе і паступова занепадае.

Acalielaja bima ŭ slonimskaj sinahozie
Ацалелая біма ў слонімскай сінагозе. Фота: wikimedia.com

Slonimskaja sinahoha
Слонімская сінагога

Царква Святой Троіцы, колішні касцёл і кляштар бернардзінаў

Яшчэ адным прыкладам архітэктуры барока ў Слоніме з’яўляецца Траецкі сабор, колішні бернардзінскі касцёл, які пасля паўстання 1863-1864 гг. быў перададзены праваслаўным. Гэта не толькі самы стары, узведзены з 1639 па 1645 гг., але і адзін з самых знешне незвычайных будынкаў Слоніма. Захаваўся ў добрым стане і колішні кляштар бернардзінцаў.

Carkva Sviatoj Troicy
Царква Святой Троіцы

Сам будынак касцёла, сёння царквы, раннебарочны, узведзены як апорны пункт сістэмы гарадскіх абарончых умацаванняў, адсюль ягоная знешняя масіўнасць, суворасць, сціпласць. Першапачаткова храм унутры быў аформлены ў стылі ракако. Пасля перадачы праваслаўным тут з’явіўся іканастас з цэнтральным абразам Святой Тройцы ХVІІІ стагоддзя. А ў 2015 годзе было прынята рашэнне на галоўную вежу-званіцу ўсталяваць «цыбуліну», характэрную для расійскіх праваслаўных цэркваў, што моцна перайначыла выгляд храма і абрысы горада.

Carkva Sviatoj Troicy
У царкве Святой Тройцы 

Кляштар бернардзінцаў, пабудаваны ў сярэдзіне ХVІІІ стагоддзя, захаваў сваю першапачатковую ўнутраную планіроўку з характэрнымі крыжовымі і цыліндрычнымі скляпеннямі. Цяпер тут знаходзіцца інтэрнат Слонімскага медкаледжа.

Kolišni kliaštar biernardzinaŭ
Колішні кляштар бернардзінаў 

Слонімская ратуша

Слонім атрымаў Магдэбургскае права ў 1531 годзе, у сувязі з гэтым на цэнтральнай плошчы была ўзведзена ратуша, першапачаткова драўляная. Сённяшні будынак ратушы быў закладзены ў ХVІІІ стагоддзі. Ратушны буданак сціплы, барочны, двухпавярховы, адрозніваецца ад іншых ратушаў Беларусі адсутнасцю вежы. Ратуша выкарыстоўвалася па прызначэнні і за савецкім часам: тут размяшчаўся райвыканкам. Пасля перабудовы яна мала чым адрозніваецца ад суседніх будынкаў, аднак пілястры, што дэкаруюць фасад, нагадваюць пра даўнішнія традыцыі самакіравання ў Слоніме.

Дзе паесці

У Слоніме не бракуе месцаў, дзе можна падсілкавацца на любы густ. Найбольш у цэнтры заўважана кропак фастфуду. Некаторыя праз час знікаюць, на іх месцы з’яўляюцца іншыя. Доўгія гады на сваім месцы на цэнтральнай плошчы знаходзіцца знакаміты «Пятачок».

«Piatačok»
Старажыл слонімскага фаст-фуда «Пятачок»

Аматарам выпіць салодкай чорнай гарбаты з кантовай шклянкі пад бяляшык будзе пасаваць сталоўка на вуліцы Першамайскай.

Stalovaja ŭ Slonimie
Сталовая ў Слоніме 

Жадаючым смачнай кавы і дэсертаў варта будзе прагуляцца падалей ад цэнтру да кавярні «Доза» з сучасным інтэр’ерам і прыгожым аздабленнем звонку.

Kaviarnia «Doza» ŭ Slonimie
Кавярня «Доза» ў Слоніме 

Язэп Вараніцкі, budzma.org