Працягваем вандраваць па прасторах нашай Бацькаўшчыны. Гэтым разам прапануем наведаць Дзятлаўскі раён Гродзенскай вобласці. Тут нас чакае процьма цікавых архітэктурных і прыродных помнікаў, магілы славутых месцічаў, цікавыя гістарычныя мясціны. Сёння рушым у вёску Лапушна з пахавальнай капліцай роду Наркевіч-Ёдкаў і ў вёску Дварэц, дзе варта пабачыць каталіцкі храм, пабудаваны ў стылі неабарока, скульптуру анёла-ахоўніка Дварца, усталяваную на магіле колішняй гаспадыні паселішча, і шмат іншых цікавостак.
Лапушна
Сёння найперш наведаем вёску Лапушна, дзе захаваліся рэшткі гаспадарчага двара калісьці велічнага і ўтульнага сядзібна-паркавага ансамблю Наркевічаў-Ёдкаў, які называлі ў свой час «Наваградскімі Афінамі».
Сядзіба Наркевіч-Ёдкаў у Лапушна, 1915–1918
Лапушна вядомая з ХІХ стагоддзя, калі тут уладарыў род Пілецкіх. Да Наркевічаў-Ёдкаў паселішча перайшло праз шлюб дачкі Тэафіліі Пілецкай з Ануфрыем Наркевічам-Ёдкам, а пасля таго, як яна аўдавела, з малодшым братам першага мужа Тамашом Наркевічам-Ёдкам. Пасля Тамаша ў маёнтку гаспадарыў ягоны сын Раман з жонкай Марыяй. Іх адзіная дачка Тарэза памерла ва ўзросце пятнаццаці год у 1898 гозе, а праз дзесяць год у 1908 на узлеску, дзе была пахавана Тарэза, яе бацькі ўзвялі каплічку, якую мы можам пабачыць у Лапушне сёння. У той жа каплічцы знайшлі свой спачын і Раман з Марыяй. Капліца Святой Тарэзы пабудаваная на ўзгорку ў стылі класіцызм.
Фота: www.holiday.by
Раман Наркевіч-Ёдка памёр у 1920 годзе, паколькі ён не меў дзяцей апроч памерлай Тарэзы, паводле тэстаменту Рамана, маёнтак Лапушна перайшоў да ягонага пляменніка, сына роднай сястры Ванды і Здзіслава Козел-Паклеўскага. Такім чынам, Здзіслаў гаспадарыў у маёнтку ажно да самага ўсталявання савецкай улады ў 1937 годзе.
Фота: www.holiday.by
На жаль, будынак калісьці прыгожай сядзібы Наркевічаў-Ёдкаў мы сёння ў Лапушна не пабачым, бо ён быў зруйнаваны падчас Другой сусветнай вайны. Але палац апісваў у сваіх працах Раман Афтаназа, дый захавалася вялікая колькасць старых фотаздымкаў з сядзібай, ёсць нават здымкі выбітнага майстра Яна Булгака, зробленыя да 1939 года.
Сядзіба Наркевіч-Ёдкаў у Лапушна, Ян Булгак, 1925
Вядома, што аднапавярховая мураваная сядзіба, упрыгожаная калонамі з боку фасада, была ўзведзена на пачатку ХІХ стагоддзя ў стылі ампір. Планіроўка будынка налічвала дваццаць пакояў, сярод якіх былі вялікая зала, гасцёўня, кабінет, бібліятэка. Сцены пакояў упрыгожвалі партрэты ўсіх колішніх і тагачасных гаспадароў маёнтка. Кожны пакой быў аздоблены кафлянымі печамі. Гаспадары мелі вялікую бібліятэку, якая складалася пераважна з выданняў ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя па-польску, па-французску, па-нямецку, па-расійску.
Сядзіба Наркевіч-Ёдкаў у Лапушна, 1901–1939
Побач з палацам адначасова быў закладзены парк з каштанавымі прысадамі ў цэнтральнай частцы і вялікай колькасцю кветак. Менавіта сярод маляўнічага парку на ўзгорку гаспадары сядзібы ўзвялі пахавальную капліцу ў гонар загінулай дачкі, каб будынак добра быў бачны з вокнаў палаца.
Фота: www.holiday.by
Фота: www.holiday.by
Зараз ад некалі велічнага сядзібна-паркавага ансамблю засталіся толькі гаспадарчыя пабудовы, крушні млына, рэшткі парку ды прыгожая капліца Святой Тарэзы. Але гэтага цалкам хопіць, каб наведаць Лапушна.
Фота: tripadvisor.com
Дварэц
Далей на Дзятлаўшчыне прапануем рушыць у колішняе мястэчка, сёння аграгарадок Дварэц. Упершыню паселішча ўзгадваецца ў XV стагоддзі як уладанне Фёдара Даўголдавіча, пазней князя Свідрыгайлы, а з 1444 года вялікі князь Казімір падараваў Дварэц канцлеру літоўскаму Міхалу Кезгайлу. Кезгайлы былі знакамітым ліцвінскім шляхецкім родам, які вядомы ажно з XIV стагоддзя. У гэты ж перыяд гаспадар Дварца ўзвёў тут першы каталіцкі храм і паселішча атрымала статус мястэчка. Пазней, у XVI стагоддзі, маёнтак Дварэц перайшоў у валоданне роду Завішаў.
Андрэй Казімір Завіша, 1676
Касцёл у Дварцы, 1900
Найбольш для Дварца зрабіў мінскі стараста Андрэй Завіша, пасля вайны з Масковіяй ён адбудаваў тут касцёл, што згарэў па вайне, узведзены яшчэ Кезгайлам, заклаў пры гэтым храме шпіталь, які апекаваўся мясцовымі пацярпелымі, нямоглымі, хворымі.
Стары млын у Дварцы, 1915–1918
Фота: @futureal
На жаль, ні таго касцёла, ні шпіталя мы сёння ў Дварцы не пабачым. Але, паводле некаторых даследчыкаў, з часоў Андрэя Завішы тут захаваліся крушні старога млына. Большая частка будынка, найбольш верагодна, была ўзведзена значна пазней, але ж узрост падмурка спецыялісты датавалі ажно XVI стагоддзем.
Фота: @futureal
Пасля смерці Андрэя Казіміра Завішы Дварэц перайшоў ва ўласнасць ягонага сына Крыштафа Завішы. Апроч таго, што Крыштаф быў выбітным дзяржаўным дзеячам, ён яшчэ цікавіўся літаратурай, пісаў кнігі. Завіша пакінуў пасля сябе выключны літаратурны помнік з жыцця свайго часу ў выглядзе ўспамінаў, дзе падрабязна апісаў стан справаў у дзяржаве, у асобах распавёў пра вайсковыя і палітычныя падзеі мяжы XVII і XVIII стагоддзяў, жыццё і інтрыгі каралёў, чыноўнікаў, магнатаў, шляхты, аздобіў расповед апісаннямі паляванняў і іншых шляхецкіх забаваў, хатнімі замалёўкамі, пералікам розных людскіх няшчасцяў і радасцяў. Там жа змясціў радавод Завішаў, шмат геаграфічных назваў, каштоўных для вывучэння гісторыі нашай Бацькаўшчыны сёння.
Крыштаф Станіслаў Завіша, 1862
Пасля падзелу Рэчы Паспалітай Дварэц патрапіў пад уладу Расійскай імперыі, праз тое тут у 1866 годзе была ўзведзена царква Покрыва Багародзіцы, якую мы можам пабачыць і сёння. Храм быў пабудаваны на месцы старой уніяцкай царквы, якую перанеслі на суседнія могілкі, але ж яна была драўляная, таму была знішчана падчас пажару.
Фота: @futureal
Вядома, што ў ХІХ стагоддзі ў Дварэц завітваў вядомы археолаг Ян Казімір Завіша даследаваць курганы каменнага веку, якіх у ваколіцах Дварца захавалася вельмі шмат. Ян Казімір пакінуў шмат успамінаў пра Дварэц таго часу, дзякуючы якім мы можам уявіць сёння, як выглядала паселішча пару сотняў год таму.
Ян Казімір Завіша
Калі ў 1831 годзе пачалося Лістападаўскае паўстанне, Завішы прынялі ў ім непасрэдны ўдзел. У сувязі з гэтым Дварэц быў ушчэнт спалены, а мясцовыя гаспадары былі сасланыя ў Сібір. Такім чынам Дварэц у Завішаў быў забраны ў скарбонку Расійскай імперыі. Але за невядома якія заслугі маёнтак у хуткім часе быў перададзены роду Пратасевічаў.
Пратасевічы хутка пачалі засвойваць Дварэц: узвялі тут велькі палац, шмат гаспадарчых пабудоваў побач з ім, заклалі маляўнічы парк. Пратасевічы былі каталікамі, але падчас паўстання стары касцёл, фундаваны Андрэем Завішам, згарэў, таму імі было прынята рашэнне закласці новы, мураваны. Але на той час царскімі ўладамі было забаронена ўзводзіць мураваныя каталіцкія храмы, таму жонка тагачаснага гаспадара Дварца Апалінарыя Пратасевіч мусіла прасіць асабістага дазволу на тое ў Пецярбургу. Так, не без фінансавай дапамогі яшчэ аднога славутага роду Радзівілаў, у 1905 годзе ў Дварцы паўстаў касцёл Божага Цела ў неабарочным стылі, які мы можам пабачыць і сёння.
Касцёл у Дварцы, 1930–1939
Фота: @futureal
Сама Апалінарыя Пратасевіч, якая ініцыявала пабудову касцёла, да яго асвячэння не дажыла. У памяць пра жонку на яе магіле на мясцовых каталіцкіх могілках муж Апалінарыі ўсталяваў вялікую скульптуру анёла, якую прывезлі ў Дварэц ажно з Неапаля. Месцічы ўжо больш за сто год распавядаюць легенду пра тое, што гэты анёл на Раство тройчы аблятае вокал Дварца і па сённяшні дзень бароніць паселішча ад усіх нягодаў.
Фота: @futureal
На жаль, з тых даўніх часоў сёння захаваўся толькі касцёл, скульптура анёла ды рэшткі парку на месцы былога палацава-паркавага ансамблю Пратасевічаў. Будынак сядзібы перажыў Другую сусветную, але савецкай улады перажыць не даў рады. На патрэбы калгасу былі неабходныя свінарнікі, кароўнікі ды іншыя гаспадарчыя пабудовы, і мясцовыя ўлады не прыдумалі нічога лепш, чым разабраць сядзібу Пратасевічаў на цэглу. 25 Фота: @futureal Вандруйце разам з «Будзьма!». Працяг будзе
ПЖ, budzma.org